Што такое археалогія? Адказ на гэтае пытанне даў Леанід Уладзіміравіч: “Гэта навука, пеадобная на мастацтва, бо ў роўнай ступені абедзве яны дакранаюцца да матэрыяльных рэшткаў мінулага чалавецтва”. Вядомы археолаг расказаў аб усім, да чаго дакрануліся яго сэрца і рукі. Гэтай справе прысвяціў усё свядомае жыццё: праводзіў раскопкі ў Віцебску, Слуцку і Капылі. Апублікаваў не адну сотню навуковых і навукова-папулярных артыкулаў, падрыхтаваў да выдання навуковую манаграфію, прысвечанаю археалогіі Верхняга замка Віцебска. Каб вучням было лягчэй усвядоміць пачутае, суразмоўца суправаджаў сваю лекцыю ілюстрацыямі.
Прагучала думка: каб стаць археолагам, трэба спачатку атрымаць гістарычную адукацыю ў адным з ВНУ краіны, найлепш, канешне, у Беларускім дзяржаўным універсітэце, дзе ёсць спецыялізацыя па археалогіі. Затым прайсці падрыхтоўку ў магістратуры і аспірантуры ў Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, паўдзельнічаць у раскопках, каб набрацца вопыту. І толькі пасля гэтага можна гаварыць, што чалавек атрымаў прафесійную падрыхтоўку па спецыяльнасці “археалогія”. Дарэчы, сам Леанід Уладзіміравіч у свой час скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, працаваў у Інстытуце гісторыі НАН Беларусі, выкладаў археалогію ў Беларускім дзяржаўным педагагічным універсітэце. На сённяшні дзень Леанід Уладзіміравіч з’яўляецца дактарантам Цэнтра даследаванняў Беларускай культуры, мовы і літаратуры НАН Беларусі, займаецца вывучэннем матэрыяльнай культуры гарадоў і замкаў Беларусі Х-XVIII стст.
Аб сваёй прафесіі Леанід Уладзіміравіч расказваў слухачам з захапленнем. І яно зразумела, бо сваёй справе ён прысвяціў больш за паўсотню гадоў жыцця. Але адзначыў, што прафесія археолага — гэта не проста рамантыка, не проста пошук цікавых знаходак. Гэта штодзённая цяжкая праца, якой могуць спадарожнічаць і неспрыяльнае надвор’е, і не зусім камфортныя бытавыя ўмовы.
З 2013 годзе Леанід Уладзіміравіч разам з Наталляй Пачобут, кандыдатам гістарычных навук, дактарантам Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтва, праводзіць археалагічныя раскопкі на паселішчы Беразавец, што непадалёку ад Карэлічаў. Вывучаюцца былы замак і двор Беразавец, якія ў XVI ст. належалі вядомаму ў Вялікім Княстве Літоўскім роду Кмітаў. Раскопкі далі разнастайны матэрыял, які сведчыць пра даволі багатую матэрыяльную культуру гэтага паселішча. Сустракаецца гліняны і шкляны посуд імпартнага паходжання. Даволі багата выглядае пячная кафля з біблейскімі сюжэтамі. Сустрэты ўзоры ўзбраення: гакаўніца, наканечнікі стрэл, свінцовыя кулі і жалезнае ядро. Сабрана прадстаўнічая калекцыя манет таго часу. Ход палявых работ на гэтым помніку быў адлюстраваны на фотавыставе пад назвай “Адкрываючы мінулае” ў зале Карэліцкага краязнаўчага музея. Яго супрацоўнікі падрыхтавалі для вучняў квэст-гульню “Археалагічная экспедыцыя”. У пясочніцу былі закопаны рэчы сучаснага паходжання: манеты дробнага наміналу, гузікі, аскепкі посуду і інш. Вучні старанна фіксавалі выяўленыя знаходкі.
Напрыканцы сустрэчы Леанід Уладзіміравіч падарыў Карэліцкаму краязнаўчаму музею сваю кнігу “Уводзіны ў археалогію”.
Дзмітрый АРЦЮХ, дырэктар Карэліцкага раённага краязнаўчага музея