ПАГАВАРЫ СА МНОЙ, АБРАЗ
Багародзіцы Агнявіднай, Архангела Міхаіла-Ваяводы, Сафіі-Прамудрасці божай, херувімаў, палаючых колаў, “исполненных очей”… Крылатых агнятварых арлоў, львоў, тураў, анёлаў, вогненных коней і вогненных калясніц (вазкоў)… І як жа данесці сімвалічную, адначасова архетыпічную — і парадаксальна мадэрновую мову іканапісу? Так, як паказаць спосабы мыслення і выяўлення сусвету невядомаю па сутнасці моваю — у якой разбіраліся продкі — і ў якой вучыліся нашы славутыя Малевічы, Кандзінскія, Шагалы? Бо яны зразумелі зусім нядаўна, каля ста гадоў таму, што “мова іканапісу валодае больш перспектыўнаю сістэмаю выразных сродкаў: яна канструюе вобраз: у прасторы, колерах, формах… у адрозненне ад адназначнай жывападобнай ілюстрацыі да падзей”. І Феліні, і Таркоўскі адчулі ў іконе “сцэнарыі і раскладку кадраў”…
…І разлілося возера, і царква пайшла пад яго, толькі залатыя купалы яшчэ ззялі і мерклі ў глыбіні… Сапраўдныя купалы старой стараабрадніцкай царквы — і тры іконы “Пакрова” за імі: “И вместо терния множество народу показася, и яко град пресветлый…” Між тым на іконах таксама храмы з купаламі і золата ззяе. Аднак вакол — будынкі часоў барока (ці не віленскага? Бо Ветка заснаваная на землях ВКЛ і засвойвала культуру Новага часу). А сам франтон влахернскага храма на іконе — то барочны, то класіцыстычны, то нават ракайльны! Пад чырвонае золата фонаў клалася чырвоная вохра-палімент. Цяпер золата страчваецца — і фоны праглядваюць таксама палаючымі, бы вуголле і залатыя сполахі.
АДКУЛЬ ЧЫРВОНЫ КОНЬ?
Агонь і вада — мы ўбачым гэту адвечную апазіцыю на шэрагу абразоў. Яшчэ — зямля і паветра, нават анёлы вятроў “на службу человекам”, анёлы радуг-вясёлак, хмар і дажджу, “мразу и инею”… і душы грэшнай і праведнай! Ікона Веткі дыхае ў паветры і плыве ў космасе, мае чатыры стыхіі і ў- ужывае спосабы стварэння вобразу і прыёмы сімвалізацыі. Альбо, як кажуць сёння, сістэму кодаў фармавання, “упакоўкі” і перадачы інфармацыі.
А што ж да ўласна “вогнепадобных”? Тут не станем рабіць іканаграфічныя выкладкі наконт вышэйзгаданых тэм, сюжэтаў, вобразаў. Падоўжым рух, метафарычнае падарожжа, альбо лагістыку выставы. З двух бакоў ад “Пакравоў” скачуць па сценах агнялікія вершнікі, бы спяшаючыся праз імглу часоў. У гэтым скоку — старадаўняя думка-вобраз, што не пакінуць нас у бядзе. І зноў-такі не проста маўклівыя “карцінкі”. Па падлозе залаў раскаціліся чорныя кубы (па думцы творцаў, чорныя квадраты ў квадраце). Яны ж чорныя калодзежы-крыніцы. У кожным верхняя грань — бы адлюстраванне ў вадзе: фрагмент нейкага жывапіснага твору розных эпох. Пад “Архангелам Міхаілам” XVIII ст. з чорнага куба выглядае фрэска VI ст. Старажытнай Грэцыі: вершнік-трыумфатар на чырвоным кані. А пад іншым веткаўскім Міхаілам — “Купание красного коня”. Кузьма Пятроў-Водкін “стажыраваўся” ў стараабрадцаў-іканапісцаў Хвалынска на Волзе. А пры чым Ветка? Вось даведка волжскіх музейшчыкаў: “Хвалынск… издавна был одним из центров старообрядчества, и число приверженцев старой веры здесь значительно увеличилось в 1760-е годы, после второй «выгонки» Ветки. Следовательно, часть ветковских старообрядцев оседала именно здесь. Это чрезвычайно примечательно, так как в Хвалынске местные иконописные традиции просматриваются отчетливее”.
ЛАГІСТЫКА ВЫСТАВЫ
А вось велізарныя схемы: пучкі стрэл-вектараў, шэсць гарызонтаў, змены пунктаў гледжання — і ўсё вакол фігуры чырвонага вершніка, іконы XVIII ст. Сістэма пабудаванняў складанай перспектывы, яна дазваляе зразумець, як робіцца амаль кіно: прастора-час, хранатоп іконы.
У веткаўскай выставе пажадалі паўдзельнічаць і Гомельскі палацава-паркавы ансамбль, і Брэсцкі музей выратаваных каштоўнасцей, тры ўласнікі стараабрадніцкіх абразоў…
А ў іншай зале чакае доследу таямніца вогнепадобных істот. Парадаксальная гармонія дапаўняльных колераў: ад Візантыі праз нечаканую Ветку Новага часу — да авангарду. Сярод вогненных ікон — 15 абразоў Божай Маці з палымяным лікам, з гісторыяй ад візантыйскага агню IX ст. да каляровага цуда Веткі: зялёных тонаў высвятлення па кінаварнаму “санкіру”. Ад сімвалізму Дабравесця да палаючага твару з пільным позіркам — проста на вас. І ўсё гэта ў райскім садзе залачонай веткаўскай ківотнай разьбы. Не, з самога гэтага саду, да якога мы ўсё ідзём ды ідзём!
…А між тым дзверы ў суседнюю залу адкрыты наросхрыст. І далей — “Бубновы валет”, той самы авангард…
Галіна НЯЧАЕВА. Ветка.