Паспяховая статыстыка
З 2004 па 2017 год альбом перавыдаваўся 18 разоў. Сумарны наклад – 46 500 асобнікаў – выдавецкі рэкорд у нашай краіне, па меншай меры, для кніг такога плану. І кнігагандлёвы рэкорд таксама: пачынаючы з першага выдання ў 2004 годзе – 3000 асобнікаў былі прададзеныя ў першы месяц – тыражы выкупаюцца цалкам. А затым новыя выданні дапаўняюцца фатаграфіямі, удакладненымі апісаннямі, і працэс гэты не скончаны.
Не менш пераканаўчыя поспехі аўтараў у кінадакументалістыцы: 31 фільм аб выдатных гістарычных дзеячах мінулых стагоддзяў, сучасных мастаках і знакамітых ва ўсім свеце ураджэнцах Беларусі. Ефрасіння Полацкая, Францыск Скарына, Адам Міцкевіч, Максім Багдановіч, Іван Хруцкі – гэтыя і дзясяткі іншых вобразаў узнаўляюць развіццё магутнага культурнага пласта нацыі. Цікава, што кінакірунак з часам падзялілўся на дзве плыні: “Наша спадчына” аб архітэктурных помніках і творах дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, і “Эпоха” – аб выхадцах з Беларусі, якія ўнеслі беспрэцэдэнтны ўклад у сусветную гісторыю. Марк Шагал, Ігнат Дамейка, Луіс Майер і многія іншыя – бліскучыя імёны, якія стварылі славу тых краін, дзе раскрыліся іх таленты.
Што ж тычыцца фатаграфій, то яны сталі калекцыяй, якая з зайздроснай сталасцю экспануецца ў Беларусі і еўрапейскіх краінах: з 2003 года праведзена 30 рэспубліканскіх і міжнародных выстаў.
Нядзіўна, што пры такім маштабе і, вядома, выдавецкай і паліграфічнай якасці, Аляксандр Аляксееў і Алег Лукашэвіч сталі ўладальнікамі цэлага букета высокіх узнагарод. Дастаткова назваць прэмію “За духоўнае адраджэнне” (2005), узнагарода лепшых дызайнераў у Нацыянальным конкурсе “Мастацтва кнігі” (2016), некалькі “Тэлевяршынь” (2011, 2012, 2014). А ў 2005 і 2008 гадах матэрыялы са “Спадчыны Беларусі” былі выкарыстаны ў дасье Нясвіжа і Полацка для ўключэння іх у Спіс аб’ектаў Сусветнай спадчыны UNESCO. Вось такая сінэргія.
Метад
Архітэктурная спадчына Беларусі – храмы, палацы, замкі і сядзібы, творы мастацтва і прадметы інтэр’ераў аўтары даследуюць сістэмна, па рэгіёнах. Раней такі падыход выкарыстоўваўся толькі ў даведачных выданнях, але Аляксандр і Алег ўпершыню зрабілі яго мастацкім. Канцэпцыя праекта – паказаць не толькі веліч, але і разнастайнасць прадметаў матэрыяльнай і духоўнай спадчыны. І яна сапраўды ўражвае: альбом знаходзіцца ў лепшых бібліятэках свету, у вядучых універсітэтах, яго ўручаюць першым асобам дзяржаў, уключаючы каралеву Вялікабрытаніі Елізавету II і Папу Рымскага. Культура і мастацтва прадстаўляе нашу краіну лепш, чым якія іншыя інструменты прасоўвання разам узятыя – гэтая ісціна знайшла сваё пацверджанне ў чарговы раз.
А пачыналася з парыжскай кнігарні
На прэзентацыі праекта выступілі некалькі паважаных гасцей, якія былі ўдзельнікамі першых кансультацый, экспертамі і прафесійнай камандай падтрымкі Аляксандра і Алега на ўсім далейшым шляху. У іх ліку кіраўнікі Беларускага фонду культуры, Нацыянальнага гістарычнага музея.
Кажучы аб пачатку супрацоўніцтва, Аляксандр Аляксееў успамінае:
— Аднойчы ў Парыжы мы сталі глядзець кнігі аб розных краінах, і сярод мноства даведнікаў у вялізнай кнігарне не ўбачылі нічога пра Беларусь... На жаль, гэта расчараванне спасцігае многіх беларусаў за мяжой: іх суразмоўцы не ведаюць нашай краіны, “нешта чулі”, але нават дзе яна знаходзіцца для іх загадка. Такім быў пачатак.
Мы вельмі шмат думалі пра альбом, спрачаліся аб тым, якім ён павінен быць, як размясціць матэрыял. Шмат абмяркоўвалі будучы праект са спецыялістамі, працавалі ў музеях і бібліятэках, у архівах з першакрыніцамі.
Як жартавалі на прэзентацыі госці, у выніку прадстаўнікі дыпкорпуса, вядомыя акцёры і дзелавыя партнёры атрымалі не проста альбом у якасці падарунка. Цяпер ён стаў іх магчымасцю віртуальна падарожнічаць, і выдатна правесці час у ціхія пандэмічныя вечары. Відавочна, што кніга паслужыць годным успамінам пра Беларусь, альбо запрашэннем прыехаць у нашу краіну.
Паўстае школа рэстаўрацыі
Гаворым з Алегам Лукашэвічам аб тым, як на працягу праекта адбываўся рух да аднаўлення помнікаў з “высакародных руін”:
— Мы вельмі шмат ездзім па Беларусі, прычым камандзіроўкі могуць доўжыцца і тыдзень, і два. Стараемся даведацца не толькі з кніг, але і ад людзей цікавыя гісторыі, ўспаміны пра тое, што было з помнікамі раней і што зараз адбываецца вакол іх. Бо гэта вялікія тэрыторыі палацаў, крэпасці, акружаныя мястэчкамі, буйныя сядзібы... Вельмі важна разумець, як можна дапоўніць гэтымі гісторыямі даведачную інфармацыю, вынікі навуковых пошукаў. Так канцэпцыя і ўвесь праект становяцца жывымі, больш аб’ёмнымі. І, вядома, мы заспелі час, калі і Мір, і Нясвіж, і ўжо сапраўды менш вядомыя архітэктурныя шэдэўры былі ў руінах. Мяркую, практычна ўсё.
Але за гэтыя дваццаць гадоў вельмі шмат што змянілася, і працягвае мяняцца. Калі мы пачыналі, у Беларусі яшчэ не было сваіх спецыялістаў па рэстаўрацыі такіх гістарычных аб’ектаў, і толькі паступова стала складацца школа. Думаю, нашы кнігі і фатаграфіі дапамагаюць, у тым ліку, прыцягнуць увагу да гэтай тэмы.
І дэманструе свету высакародную культуру
Па словах Алега Лукашэвіча, аўтарам было важна паказаць нашу спадчыну нам самім: беларусам важна адкрыць сваю краіну зноўку, даведацца пра яе, убачыць сваю самабытнасць, ганарыцца ёю. Гэта першае.
А па-другое, гэта еўрапейская спадчына высокага кшталту, яе ключавыя аб’екты — палацавыя комплексы магнатаў, цэрквы і касцёлы, радзіма людзей, якія праславіліся, зрабіўшы вялікі ўклад у культуру ўсяго свету. Гэта не проста прыгожыя пейзажы, гэта шляхетная спадчына... Мабыць, самае цікавае – месцы, звязаныя з мастакамі, музыкамі, навукоўцамі, пісьменнікамі: яны – ураджэнцы Беларусі, і сучасны свет пакуль мала пра гэта ведае.
Так, у альбомах “Спадчыны Беларусі” можна ўбачыць сядзібы Тадэвуша Касцюшкі ў Мерачоўшчыне і Міцкевіча ў Навагрудку, Палац Пуслоўскіх у Косава, Музей-сядзібу Агінскага ў Залессе, віды Здраўнёва ў Віцебскай вобласці, дзе жыў Ілья Рэпін. Гэта сапраўды цікавыя турыстычныя аб’екты, знакавыя з пункту гледжання культуры, скончаныя ў плане рэканструкцыі, з наладжанай інфраструктурай. Усе гэтыя напрамкі іх дзейнасці павінны развівацца, а запатрабаванасць для грамадскай свядомасці толькі спрыяе павышэнню якасці.
Сярод дакументальных фільмаў пра мастакоў, якія прадстаўлены на выставе ролікамі з адсылкамі на крыніцы (цалкам паказаць іх у галерэйнай зале проста немагчыма), ёсць стужкі аб сучасных майстрах. У іх ліку Леанід Шчамялёў, Сяргей Рымашэўскі, Ігар Бархаткоў, Уладзімір Кожух, Валерый Шкаруба.
Праца з перавыданнямі альбома
Аляксандр і Алег працягваюць даследаванні, і калі даведваюцца, што помнікі рэстаўруюцца, з’яўляецца нешта новае, выязджаюць і робяць новыя фатаграфіі. Ідуць новыя здымкі, значыць, з’яўляецца новая інфармацыя. Тэксты трэба ўдакладніць, замяніць састарэлыя вобразы, калі аб’ект ужо выглядае па-іншаму.
Адно застаецца нязменным – гэта падрыхтоўка іканічных малюнкаў помнікаў гісторыі і культуры. Мабыць, у гэтым крыецца загадка поспеху фотаздымкаў, альбомаў, ды і ў цэлым аўтарскага падыходу. На цяперашняй выставе ён выдатна прадэманстраваны: Аляксандр і Алег дамагаюцца такой якасці ў кампазіцыі, асвятленні, ракурсах, колераперадачы, якія робяць ўяўленне аб спадчыне сімвалічным. Напрыклад, Мір і Нясвіж занатаваныя ідэальна, пазнаюцца ў любым кантэксце, запамінаюцца раз і назаўжды. Рамантычныя, магутныя, поўныя духоўных памкненняў – аўтары шукаюць такую гармонію ва ўсіх архітэктурных стылях і прыродным асяроддзі, якая бездакорна кладзецца ў разуменне каштоўнасці “спадчыны” як канцэпта.
Ёсц ь у іх яшчэ адзін намер – зрабіць кнігу пра фільмы, якія зняты. Зразумела, што ў любую стужку не ўваходзяць і не могуць увайсці дзясяткі цікавых дробязяў, нюансы, якія так не хочацца выпусціць з-пад увагі. З фільмамі – наогул асобная гісторыя, бо так шмат незвычайных сустрэч адбыліся за гэтыя гады! Розныя гарады, драматычныя лёсы, пошук сямейных сувязяў і зносіны са сваякамі нашых землякоў, уладальнікамі калекцый і архіваў. Аўтары часта працуюць за мяжой, шукаюць памятныя месцы – усё гэта незвычайна цікава.
Выстава “Спадчына Беларусі” будзе працаваць да 23 жніўня.
Любоў ГАЎРЫЛЮК, арт-журналіст
Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ