Мінск — аграгарадок Тулава Віцебскага раёна — Мінск
Крыўдна, але…
— Я дваццаць адзін год у прафесіі, — гаворыць загадчыца Сельскай бібліятэкай Кацярына Рызо. — Бачыла розных чытачоў, але за сённяшніх — юных — мне проста страшна. Зносіны ў рэальным свеце ім даюцца з цяжкасцю. Прыходзяць да мяне сямікласнікі і выразна не могуць сфармуляваць — за чым прыйшлі, што ім трэба.
Пано на будынку ВРЦКТ
Смутку ў далейшых словах маёй суразмоўніцы хапаць будзе. Аднак — пакуль яшчэ не адчаю. Інакш наўрад ці б яна праводзіла акцыі “Громкія чытаннi”, закліканыя папулярызаваць айчынных аўтараў і беларускую мову, і стварыла клуб аматараў кнігі “Книгочей”. На базе яго дзейнічае і невялікі лялечны тэатр, які дае прадстаўленні ў рамках праекта “Ожившие книги”, калі ў выглядзе імпрэз перад юнымі гледачамі паўстаюць героі розных твораў. Спрабуюць прышчапіць хлапчукам і дзяўчынкам любоў да літаратуры і з дапамогай касцюміраваных, масачных пастановак. А чацвер ва ўстанове — дзень інфармацыі. Кацярына Валер’еўна ў размове са мной неаднаразова падкрэслівала, што з’яўляецца прыхільніцай ранейшых формаў працы з наведвальнікамі, калі камунікацыя ідзе праз тыя ж віктарыны, конкурсы, разгадванне крыжаванак. “Роўны навучае роўнага” — такога прынцыпу прытрымліваецца спадарыня Рызо, упор робячы на інтэрактыў “жывы”, а не віртуальны.
— Калі аналізаваць аўдыторыю кніжніцы, — дзеліцца назіраннямі загадчыца, — пры сямістах васьмідзесяці чытачах (парадку дваццаці з іх з Віцебска), асноўны наш кантынгент — людзі пенсійнага ўзросту і дзеткі пачатковай школы. А вось тых, каму ад сарака да пяцідзесяці гадоў, запісана ўсяго чалавек восем-дзесяць…
Тым не менш атрымліваецца — траціна жыхароў Тулава лічыцца ў бібліятэцы! Напэўна, сёй-той з іх дарогу ў яе ўжо і забыўся. Не выключана, што і з-за падзення цікавасці ў моладзі да чытання папяровай літаратуры горшае ў такіх устаноў наперадзе, аднак колькасць пад тысячу, пагадзіцеся, уражвае.
— На жаль, шэраг нашых старых чытачоў ад нас адмовіўся — тыя, хто былі з намі дваццаць гадоў таму і прызнаваліся лепшымі чытачамі бібліятэкі, прымалі ўдзел у мерапрыемствах, — пацвярджае маю здагадку спадарыня Кацярына. — З часам яны набылі сабе электронныя кнігі і абыходзяцца цяпер без кніжніцы. Шчыра вам скажу — вельмі крыўдна.
Затое радуюць творчыя чытачы, што і за новымі паступленнямі наведваюцца, і сваё мастацтва прапануюць. Як, дапусцім, паэт і аўтар-выканаўца Вальдэмар Васілевіч, літаратурна-музычная сустрэча з якім адбылася не так даўно. Падобных мерапрыемстваў магло б быць больш, але ў сілу аб’ектыўных прычын людзей на іх збіраць складана.
— У цэлым тым, як абнаўляецца бібліятэчны фонд, што разам з перыёдыкай налічвае дванаццаць тысяч найменняў, я задаволеная, — паведамляе Кацярына Валер’еўна. — Асабліва ў частцы папаўнення дзіцячымі выданнямі. З мастацкімі творамі таксама ўсё нядрэнна.
У хітах кнігавыдачы — творы Алеся Бадака, Андрэя Федарэнкі, Вольгі Іпатавай, Івана Шамякіна, Алены Васілевіч, Наталлі Батраковай, Вольгі Маслюковай.
Алеся Кісялёва: “На працу хочацца бегчы!”
— Чалавек трыццаць чытаюць толькі кнігі на беларускай, і іх у нас маецца ў дастатковай колькасці, — інфармуе загадчыца. — Дзеці ж... Яны… нібы... баяцца беларускай мовы. Мабыць, таму, што ў іх асяроддзі на ёй не гавораць…
Слова ад Старшыні
На пасаду дырэктара Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці Алеся Кісялёва ўступіла 15 кастрычніка мінулага года, да таго больш за пяць гадоў прастаяўшы ля “штурвала” Віцебскага раённага дома культуры, які і па гэты дзень грунтуецца ў аграгарадку Ноўка.
— Я ўсё сваё свядомае жыццё ў культуры, — распавядае яна. — І, ведаеце, як некалі зусім маладзенькай мне хацелася бегчы на працу, так і сёння гэта жаданне не знікла. Па адукацыі я “харавік”. Сама спяваю — і эстрадныя песні, і фальклорныя. Займалася з дзіцячымі і дарослымі вакальнымі калектывамі, вяла канцэрты. Але аднойчы вырашыла паспрабаваць сябе ў адміністрацыйнай працы. Хоць папяровай цяганіны і хапае, час ад часу на сцэну выходжу — у складзе народнага ансамбля народнай песні “Раніца”.
Алеся Фёдараўна — чалавек патрабавальны, і гэта якасць яе характару супрацоўнікам ВРЦКТ ужо добра вядомая. Прынцыповасці дырэктара некаторыя нават асцерагаюцца, але павагай яна карыстаецца ва ўсіх — і ў падначаленых, і ў “гурткоўцаў”.
— Для мяне вельмі важны прафесійны ўзровень выканаўцаў, — тлумачыць спадарыня Кісялёва. — Калі нешта, на маю думку, падчас выступу, рэпетыцыі, заняткаў пайшло не так, магу выклікаць “на дыван” і правесці жорсткую размову — не там, за кулісамі, а ў сваім кабінеце — субардынацыю я ўсё ж такі выконваю.
Прамашкі ў працы, лічыць дырэктар, цяпер шмат у чым звязаны са зніжэннем узроўню падрыхтоўкі маладых спецыялістаў. У першую чаргу неспакой выклікаюць “харавікі” і інструменталісты. А ім трэба кіраваць ансамблямі, кружкамі, вучыць дзяцей, займацца з людзьмі сталага ўзросту. Алесі Фёдараўне ж часам у такога гора-акардэаніста інструмент хочацца адабраць:
— Цэнтр дзейнічае “як бы” на вёсцы, і нас, яго служачых, у ім шмат. У нашай структуры дваццаць дзве клубныя ўстановы раёна, і ў звычайным сельскім клубе працуюць на стаўцы, скажам, тры чалавекі — загадчык, мастацкі кіраўнік, акампаніятар. І калі хтосьці з іх “правісае”, то і ўся дзейнасць установы пакутуе. Да прыкладу — так і не можам знайсці акампаніятара (з маладых — выпускніка ВНУ) у народны жаночы клуб “Залаты ўзрост” Мазалаўскага сельскага дома культуры. Дзякуй Богу, ёсць і таленавітая “свежая кроў”, якой я ганаруся, — рэжысёр Цэнтра Кацярына Вераціла, загадчыца яго аддзела аматарскай творчасці Ксенія Прызба.
У дваццаці дзвюх установах функцыянуюць сто пяцьдзясят тры клубныя фарміраванні, з іх для дзяцей — восемдзесят восем. Усяго іх наведваюць 1678 чалавек.
— Калі мы намячаем якое-небудзь буйное раённае мерапрыемства, мяне заўсёды выклікае да сябе старшыня Віцебскага райвыканкама Генадзь Генадзевіч Сабыніч і кажа: “Каб нашы глядзеліся лепш за віцебскіх!” — дырэктар хітра ўсміхаецца. — Такое ідзе спаборніцтва. І святы ў нас атрымліваюцца. Натуральна, у іх удзельнічаюць лепшыя калектывы раёна, напрыклад, аматарскае аб’яднанне народнага танца і музыкі “Жывая спадчына”, ансамбль народнай песні “Жывіца”.
Кацярына Рызо: “Роўны навучае роўнага”
Сярод тых імпрэз, што цяпер прасоўвае ВРЦКТ, спадарыня Кісялёва згадвае фэст “Волаты Прыдзвіння”, прысвечаны ўраджэнцу Віцебшчыны Фёдару Махнову — селяніну-велікану, цыркавому артысту, які жыў на стыку XIX-XX стагоддзяў. У перспектыве гэты праект бачыцца як рэспубліканскі.
У крытыкі ж культуры Тулава была дэлегаваная Таццяна Даўлетшына — дырэктар Віцебскага раённага цэнтра народных мастацкіх рамёстваў “Адраджэнне”, што знаходзіцца ў аграгарадку Акцябрская. Работы ўмельцаў установы, якая з’яўляецца адасобленым падраздзяленнем ВРЦКТ, часцяком у ім самім і выстаўляюцца. Адпаведна, і Таццяна Віктараўна ў Тулава бывае рэгулярна і з жыццём яго знаёмая добра. А да таго, як самой апынуцца ў асяроддзі работнікаў культуры, яна займалася дызайнам посуду ў цэху керамікі знакамітага Віцебскага завода радыёдэталяў “Маналіт” — у той час, калі ён выжываў і за кошт выпуску тавараў народнага спажывання, у прыватнасці, керамічнага посуду. Чатыры гады таму спадарыня Даўлетшына стала мастаком Віцебскага раённага цэнтра культуры і творчасці, а праз два гады ўзначаліла “Адраджэнне”. “Прытым, што ў ім працавалі спецыялісты вельмі высокага ўзроўню, чамусьці работы іх былі не так відавочна “засвечаныя”, — успамінае дырэктар. — А сёння пра нас усюды ведаюць, ведаюць, што, калі за выраб прадмета “пад” старадаўнюю рэч бяруцца майстры Цэнтра рамёстваў, то ён будзе сапраўды адноўлены па сваім вобразе і падабенстве. І матэрыял — наколькі гэта магчыма — мы выкарыстоўваем ранейшы, і навыкі, тэхніку вырабу”.
Каментарый Таццяны ДАЎЛЕТШЫНАЙ:
Таццяна Даўлетшына: “Пра нас ведаюць усюды!”
І мне так здаецца. Што ў культуры гэтага населенага пункта мне спадабалася? Нягледзячы на ўжо тэндэнцыі, якія шчаснымі не назавеш і якія характэрныя — чаго там хаваць галаву ў пясок — для ўсіх рэгіёнаў краіны, у Тулава спрабуюць нівеліраваць іх уплыў шляхам рэалізацыі самых розных пачынанняў — ад лакальных да буйных. “Нешта не пайшло, мы іншае паспрабуем. У нейкім пытанні загваздка, мы ўсё ж знойдзем спосабы яго вырашыць”. Магчыма, так разважаюць людзі, што “хварэюць” мясцовай культурай. І я “хварэю” за іх — за гэтых “спартсменаў”!
Фота аўтара