АЎДЫЯ
Гурт Love Machine, альбом Mind Control
А.: Каб зразумець, што з сябе ўяўляюць чарговыя пошукі і знаходкі Пятра, дастаткова паслухаць гэты запіс хвіліны паўтары — далей усё будзе тое ж самае — тэхна, тэхна і яшчэ раз тэхна. Не музыка і не песні — тэхна, у чацвёрты раз паўтараю. Асацыятыўна, я чамусьці прадставіў сабе працу нейкага мастака-партрэтыста, які задумаў Карціну, а на палатне апынуліся “точка, точка, запятая — вышла рожица кривая. Ручки, ножки, огуречик — получился человечек”. У Клюева з партнёрамі чалавечак і атрымаўся, а не чалавек.
B.: Пётр Клюеў, вядома, галава, але вось гэтая яго іпастась мяне пакінула абсалютна абыякавым. Халоднае англамоўнае тэхна, восем трэкаў, зміксаваных у адну даўжэзную дарожку, сумны, малафантазійны біт. Як вынік — туга смяротная. Не, калі вам, ужо прабачце, прыспічыла “наесціся ў муку” ў якім-небудзь начным клубе, дык, напэўна, будзе ў кайф пакалбасіцца пару хвілін на танцпляцоўцы, пасля чаго спакойна адключыцца да таго часу, пакуль ахова не папросіць вас паспрабаваць выйсці назусім з установы ў іншы партал. Але асабіста я за здаровы лад жыцця, у меру, праўда. І за здаровую музыку, а ад прапанаванай усе мае ўяўныя цялесныя мурашкі ў спячку запалі.
Гурт Relikt, альбом “Дрэва жыцця”
A.: Малайцы музыканты, усё зроблена вельмі крута, з выдатным густам і прадумана да дробязяў! Па-мойму, гэта Уладзімір Георгіевіч Мулявін казаў, што калі артыст звяртаецца да фальклору, то яму трэба быць вельмі асцярожным. Гурту, на мой погляд, удалося перадаць той нерв, які, мабыць, першапачаткова быў закладзены ў выбраных ім для перапрацоўкі твораў. Атрымалася прачуць чужыя тэксты. Ва ўсякім выпадку, я захапіўся тымі гісторыямі — з далёкай даўніны, што калектыў, прапусціўшы іх скрозь прызму свайго сённяшняга ўспрымання, прапанаваў мне як слухачу. Зараз амаль не выпускаецца канцэптульных альбомаў, Relikt — безумоўна, шчаслівае выключэнне. Тыя, хто ўпершыню пазнаёміцца з камандай праз рэліз “Дрэва жыцця”, думаю, не пашкадуюць аб такой сустрэчы. А хтосьці, можа быць, дзякуючы ёй адкрые для сябе і беларускі рок, і беларускія гісторыю, культуру і мову.
B.: У адного з лепшых сучасных айчынных рок-гуртоў дзве навіны: адна паменш — калектыў замяніў у сваёй назве лічбу 1 на літару l, другая пабольш — каманда выпусціла чарговы поўнафарматны альбом, яго і слухаем. Зноў, як і ў апошнія гады, “рэлікты” пераспявалі старадаўнія беларускія песні, абнавіўшы іх аранжыроўкі і выкарыстоўваючы пры запісе мноства розных інструментаў. Выйшаў, можа быць, самы “кіслотны” па настроі рэліз ансамбля з усёй ягонай дыскаграфіі. Кудысьці зусім углыб сталі капаць музыканты, ну а там — самыя існасць, карані і, значыць, псіхадэл. Бэнд працягвае расці з неймавернай сілай. Магчыма, для яго прыйшоў час паспрабаваць сябе ў канцэптуальным аўтарскім этна-спектаклі са скразным сюжэтам, альбо ж проста паставіць на сцэне якой-небудзь абрад. Не атрымаецца — нічога страшнага, такая “паўза” пойдзе толькі на карысць, як мне здаецца. Страшна, калі пад грузам той творчай моцы, якую гурт здабыў, ён можа даць слабіну.
Гурт Shuma, альбом Me, Mother
A.: Я не прыхільнік дадзенай музыкі, таму, напэўна, на палове альбома і задрамаў — зацягвае ён у сон канкрэтна. Не мая гэтая музыка, калі аддзяляць яе ад галасоў. А яны — вельмі і вельмі прыгожыя. Пра тое дуэт дзяўчат, вядома, ведае, і выкарыстоўвае свае вакальныя магчымасці на ўсе сто з лішнім працэнтаў. Атмасферны рэліз, улагоджвае, уганяе ў рэлакс. Песні, мелодыі і тэксты, гукі, якія ўплываюць на настрой.
B.: Я не занадта вітаю ўсе гэтыя сімбіёзы аўтэнтыкі з электронікай. Таму і да гэтага праекта заўсёды ставіўся з ладнай доляй скепсісу. Але новы альбом калектыву мяне “прабіў”, шыкоўным ён атрымаўся! Аднак, у першую чаргу рэспект выказаць хачу таму, хто яго запісваў, зводзіў, майстраваў і гэтак далей. Гук жа выйшаў па праўдзе пазаземным і містычным, хоць глыбінная ідэя работы вельмі зямная — як сцвярджаецца ва ўсіх прэс-рэлізах, спадарожных ёй: праз увесь яе кантэнт перадаць розныя станы мацярынства. Кантэнтам паслужылі старажытныя песні і дыялекты, характэрныя для паганскай Беларусі. Стылістычна ж рэліз быў вырашаны ў эмбіенце. Я за такую дзіджытал архаіку, як калісьці абазвалі свой кірунак удзельнікі ансамбля, што прабірае да самых канчаткаў нервовых канчаткаў. А трэк “Дарога” — проста забойны!
ВІДЭА
Гурт “Палац”, кліп на песню “Коцiк-бомж”
А.: Алег Хаменка з калегамі выклікаюць у мяне ў любой сваёй работе толькі найглыбокую павагу. “Палац” — гэта глыба, упэўнены, ніхто не адважыцца са мной спрачацца…
Добрая, душэўная песня, праўда, з трагічным фіналам. Пра беспрытульнага коціка, якому, як аказалася, так мала трэба для шчасця — усяго пары метраў на падаконніку. Аднак бытавуха заела і мілае чацвераногае — мужчына, што прытуліў яго, піў, а заадно і біў. Але — памёр дэспат, а потым, на жаль, надышла чарга жывёліны. Магчыма, ён па-свойму любіў катавальніка, і не змог перанесці расстанне з ім.
Камп’ютарны кліп мне не занадта спадабаўся сваёй прымітыўнасцю, напрошваецца іншае ўвасабленне гэтай песні, нешта накшталт “Вожыка ў тумане” Нарштэйна. Але пацешыла, што ў роліку ёсць некалькі вядомых аб’ектаў Мінска. А коціка шкада…
B.: Мультыплікацыйная гісторыя пра бяздомнага ката-летуценніка, якому, быццам бы, пашанцавала, калі яго ўзяў да сябе хай і не занадта прыкладны мужчына. Аднак, шчаслівага завяршэння казка не атрымала — яе абодва героі паміраюць... І не ведаю цяпер, ці параіць маленькім дзяўчынкам і хлапчукам глядзець гэтае мілае, кранальнае відэа і слухаць трэк, дзе гучыць “Палац” раздольны, а яго лідар Алег Хаменка не толькі спявае, але і начытвае тэкст. Хіба ў кампаніі дарослых, якія растлумачылі б дзецям, што такое добра і што такое дрэнна ў нашым з вамі жыцці?..