Такім чынам, “Кінемо” за наступны месяц пабывае ў Мінску, Магілёве і Гродне. На адкрыцці фестывалю 13 чэрвеня ў сталічным Мемарыяльным музеі-майстэрні Заіра Азгура прагучала музыка чатырох кампазітараў — Максіма Круглага, Вікторыі Спарыш, Вольгі Падгайскай ды Алены Гуцінай, напісаная для чатырох кароткаметражных фільмаў. Ды наперадзе нас чакае твор Аляксандры Даньшовай з Германіі — кампазітарка стварае музыку да карціны “Ад світанку да поўначы” Карлхайнца Марціна. Аляксандра Хмялеўская з Польшчы пераасэнсоўвае ў музычным ключы ўнікальную “Горную котку” Эрнста Любіча. Наталля Котава і Валерый Баравікоў, слынны беларускі фартэпіянны дуэт, прадэманструюць сваё майстэрства імправізацыі на “Кінааператары” Эдварда Сэджвіка і Бастэра Кітана. А твор Вольгі Падгайскай да дзіцячай стужкі “Прыгоды паўрубля” Акселя Лундзіна прагучыць не толькі ў выкананні калектыву Five Storey Ensemble (галоўных выканаўцаў фэсту), але і хору дзіцячай музычнай школы №3 імя Фрэдэрыка Шапэна “Усмешка” (кіраўнік Настасся Бяспятава). У праграме возьме ўдзел і квінтэт медных духавых інструментаў Amadis Brass.
Арганізатары фестывалю “Кінемо” — праект Cinemascope.by, Асацыяцыя маладых беларускіх кампазітараў ды Мемарыяльны музей-майстэрня Заіра Азгура — па-ранейшаму трымаюцца прынятага крэда: здзіўляць публіку разнастайным кіно, музыкай і непараўнальнай атмасферай.
Паказ праграмы фестывалю ў Гродне адбудзецца 5—7 ліпеня ва ўнутраным дворыку Гродзенскага дзяржаўнага музея гісторыі рэлігіі.