Майстэрні
Бывае, нешта нейкае збярэшся рабіць, а так і не зробіш. Збольшага пра нязробленае хутка забываецца, але часам памятаеш доўга, цягам усяго жыцця. Мне так помняцца мастакоўскія майстэрні, якія парабілі сабе на гарышчах койданаўскіх бацькоўскіх хат Толя Александровіч і Вова Савіч. Вова паступіў у інстытут, Толя сканчаў вучэльню, а я даходжваў у сярэднюю школу. Бацькі дазволілі хлопцам абсталявацца на гарышчах, а мне дазвалялі толькі зрабіць хованку над хлявом. Зразумела. У іх — бацькі давалі дазвол, а ў мяне — баба і дзед. У сваёй хованцы я ляжаў на засланай посцілкамі саломе і чытаў. Там я нават і не маляваў ні разу, я хадзіў маляваць да Толі. Ён даваў паперу, акварэльныя фарбы і два пэндзлі — вялікі і малы.
“Боцман”
Толя Александровіч не проста любіў Уладзіміра Высоцкага. Толя Высоцкага абагаўляў. У маленечкай майстэрні вісела незлічоная колькасць фотаздымкаў куміра. З магнітафона несупынна гучалі ягоныя песні. Сам Толя вывучыў і паўтараў не толькі песні, а і рэплікі Высоцкага з розных фільмаў. Найбольш з “Небяспечных гастроляў” і “Служылі два таварышы”. Калі я падымаўся да Толі на гарышча, дык замест “Добры дзень” ці “Прывітанне” чуў ад яго сказанае голасам рыхтык, як у Высоцкага: “Боцман, дуй в дудку, строй команду... Адмирал на борту”.
Альбомы
Толя Александровіч набываў кнігі па мастацтве і завозіў іх з Мінска ў наша Койданава. Там яны стаялі ў зашклёным серванце ў вялікай і светлай залі бацькоўскага дома. Раз на тыдзень, у нядзельную раніцу Толя гартаў тыя альбомы і натхняўся. Калі ў яго быў добры настрой, тады і мне дазвалялася пагартаць каштоўныя альбомы і панатхняцца разам з ім.
Урубель
Толя захапляўся творчасцю рамантыка Міхаіла Урубеля, асаблівае ўзрушэнне выклікалі ўрубелеўскія акварэлі. Пра “Ружу” ён мог разважаць бясконца. “Ты заўважыў, як старанна вылеплены пялёсткі? Столькі працы, а свежасць і празрыстасць засталіся. А ягоная шклянка з вадою? Глядзіш — і адчуваеш яе напоўненасць і ўстойлівасць. Урубель — вялікі і непаўторны мастак. Яго трэба ведаць, у яго трэба вучыцца, ён варты любові...”
Толя старанна вывучаў творчасць Міхаіла Урубеля. Яму былі блізкія ўрубелеўскія тэатральнасць, казачнасць ды кніжнасць. Разам з усім станоўчым, што ўтойвалася ў спадчыне Урубеля, Толя атрымаў і шмат адмоўнага. Хваравітасць, дэманічнасць, надломленасць перайшлі ад майстра эпохі мадэрна да Толі. Халодная, колкая і ліловая зорка Урубеля заўжды ззяла ў майстэрні Александровіча.
Мара
У юнацтве Толя марыў паплаваць на белай яхце пад белымі ветразямі на Чорным моры са знакамітай спявачкай Ратару. Мара не спраўдзілася, але…
Толя меў адметную знешнасць. Ён быў такі прыгожы, што аднойчы спявачка Панароўская, пабачыўшы яго, перапыніла канцэрт і сказала: “Я выканаю песню пра прыгажуна ў “красной рубашоночке” для хлопца ў чырвонай кашулі, які стаіць каля дзвярэй”. Панароўская спявала для Толі Александровіча. Так што, упэўнены, і Ратару магла б для яго заспяваць.
Песні
Паўдарогі з дому на вучобу я з Толем праходзіў пешкі. Мы ішлі па вуліцы Апанскага і Урыцкага, ад Кальварыйскіх могілак на праспект. Па дарозе мы спявалі. Калі ты спяваеш, ісці ўдвая лягчэй. Правяраў шматкроць. Якіх толькі песень я не паспяваў у дарозе… Не пералічыць. З Толем мы спявалі Высоцкага пра Мінск. Спявалі Высоцкага і пра Толю:
В королевстве, где все тихо и складно,
Где ни войн, ни катаклизмов, ни бурь,
Появился дикий вепрь огромадный —
Толя — буйвол, Толя — бык, Толя — тур…
Мора
Так здарылася, што Толя Александровіч з жонкай Аленай і я адначасова адпачывалі на беразе Чорнага мора. Мы не толькі хадзілі на адзін пляж, мы яшчэ і жылі ў адной кватэры — у маёй цёткі Рэні. У Толі з Аленай быў асобны пакой, а ў мяне койкамесца на гаўбцы. Я ўставаў як мага раней, снедаў і бег на пляж, каб паплаваць і пазагараць, а потым хадзіў у горад маляваць. Толя з Аленай уставалі позна і няспешна ішлі на рынак па садавіну. Яны куплялі самыя вялікія і самыя дарагія яблыкі і грушы, бралі найлепшы вінаград, выбіралі самыя сакавітыя абрыкосы. Потым іх старана мылі. Рэня казала, што так старанна і так доўга ніхто на яе памяці садавіну не мыў.
На пляж Толя з Аленай ішлі ўвечары. Яны сядзелі на апусцелым пляжы, елі бездакорна вымытую садавіну і глядзелі на мора. Толя з Аленай сядзелі на пустым пляжы да самай ночы. Я не помню, каб яны купаліся ці хадзілі на якія танцы. Я нават не помню, каб яны на тым пляжы размаўлялі. Яны сядзелі моўчкі. Іх адпачынак звёўся да любавання вечаровым морам. Гадзінамі Толя з Аленай праседжвалі, гледзячы, як змяняецца і гасне святло на марской вадзе, як астывае паўднёвае неба. Пэўна, тады яны былі ў раі.
У тым адпачынку мяне раcчаравала толькі адна акалічнасць: Толя не маляваў. Раней, да жаніцьбы з Аленай, ён не выпускаў з рукі аловак. Ён маляваў паўсюль і заўсёды. Разам з ім маляваў і я. У тым адпачынку я маляваў адзін і нават не паказваў яму свае новыя малюнкі.
“Босыя на вогнішчы”
Часам варта ўдакладніць, якім чынам той ці іншы мастак зрабіў свой твор. Ёсць майстры, якія на першае месца ставяць рацыю, яны робяць акуратныя і патрэбныя рэчы. Увесь узорны дызайн зроблены мастакамі разважлівымі і спакойнымі. Сустракаюцца творцы, якія прыслухоўваюцца да свайго сэрца, да сваіх рытмаў. Ёсць жывапісцы, што цікавяцца толькі эратычнымі пачуццямі. Пра такіх кажуць: “Міша сам ведаеш чым піша!”
Толя Александровіч маляваў нервова. Ягоныя найлепшыя вобразы былі сатканыя з аголеных тонкіх нерваў. Да афортаў, зробленых ім па матывах паэмы Міхася Чарота “Босыя на вогнішчы”, страшна дакрануцца. Здаецца, што ты атрымаеш смяротны ўдар токам. Гэтая серыя — безумоўна, самае лепшае са створанага Анатолем Александровічам. Ён зрабіў яе на апошнім курсе інстытута, гэта быў дыпломны праект. Рабіў, зрабіў і згарэў.
Толя выклаўся напоўніцу. Выклаўся так, што на абароне дыплома не мог стаяць. Ледзь жывы, ён сядзеў на крэсле і выслухоўваў хваласпевы пра сваю геніяльнасць і непаўторнасць. Тады яшчэ здавалася, што здароўе Толі паправіцца, што ён і далей будзе на цынкавых дошках выдрапваць нервовы космас новых і новых герояў, якія танчаць басанож на залатым вуголлі. Гэта толькі здавалася, на жаль.
Вытанчанасць
Ён любіў вытанчанасць у рэчах і з’явах. Вэлюм, вільготныя складкі з найтанчэйшай тканіны, замець, імжа, шкло, крылы матылькоў і стракоз, акварэльнасць, летнія травы, дзьмухаўцы, пялёсткі… Чым танчэй і празрысцей, тым лепей для Толі. Аднаго разу ён цэлы тыдзень разважаў, як намалюе замець на мінскай вуліцы каля старой цёмна-чырвонай пажарнай. Не намаляваў, бо сама пажарная, як ні круціў, выглядала брутальнай.
Смерць
Смерць Толі Александровіча была для мяне поўнай нечаканасцю, а таму ў ёй я не бачу натуральнасці. Ён мог бы яшчэ жыць і працаваць. Ён, як на мой погляд, не назапасіў патрэбную колькасць грахоў, каб памерці. Толя быў сціплы, сарамлівы і ціхі. Ягонае паслухмянае жыццё прайшло ў кватэрнай майстэрні. Ён не хадзіў на парады, на мітынгі і шэсці. Ён жыў у свеце кніжнага і часопіснага мастацтва.
Калі памірае горкі п’яніца ці нахабны распуснік, ніхто моцна не дзівіцца ягонай смерці. Некаторыя нават уздыхаюць з палёгкай. Смерць пыхлівага, сквапнага, лянівага, злога ці зайздроснага чалавека гэтаксама не выклікае шмат слёз. Горка плачуць па заўчасна памерлых, плачуць над трунамі добрых і таленавітых. Толя быў са здольных, таму цяжка прыняць ягоную смерць за натуральную. Так цяжка прымаць і думкі пра ўласны скон. Як мала нам дадзена жыцця, як хутка яно мінае, як шкада страчваць блізкіх і дарагіх табе людзей. Толю, якога я называў старэйшым братам, шкада ажно да болю ў сэрцы.
Рэліквія
Сямейныя рэліквіі я захоўваю ў майстэрні. Ад маці да мяне перайшоў флакон з духамі. Некалі той шкляны, важкі, трошкі зеленаваты флакон належаў бабе Ядзе. У дзяцінстве я браў яго з трумо, падыходзіў да вакна і любаваўся, ён і цяпер цешыць вока. Побач з флаконам я паставіў на паліцу вялікі, на паўлітра, цёмна-сіні парцалянавы кубак. На тым кубку ёсць белыя, жоўтыя і аранжавыя кругі. Падобныя кубкі прадаваліся ў тутэйшых крамах напрыканцы шасцідзясятых гадоў. Ёсць у ім постканструктывісцкая чысціня. Кубак належаў Толю Александровічу. Восем гадоў ён піў з яго вечаровую і ранішняю гарбату, пакуль жыў у кватэры маіх бацькоў. Трыццаць гадоў кубак захоўваўся ў бацькоўскай варэльні, а цяпер стаіць, поўны рознакаляровых алоўкаў, у маёй майстэрні на відным і пачэсным месцы.
Адам ГЛОБУС, літаратар, мастак