На рэдакцыйную пошту працягваюць паступаць лісты, у якіх распавядаецца пра мерапрыемствы з нагоды прафесійнага свята бібліятэкараў — Дня бібліятэк. Як паведаміла метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Мастоўскай раённай бібліятэкі Вольга Коршун, адна з такіх імпрэз адбылася 15 верасня ў раённай кніжніцы. Падчас рэкламна-іміджавай акцыі “Ачаг культуры і дабра” для наведвальнікаў працавалі кніжная выстава-парада “Прыйшоў. Убачыў. Перамог!” і выстава конкурсных фотаработ “Маё жыццё ў бібліятэцы — бібліятэка ў маім жыцці”. Наведвальнікаў абанемента чакала гульня “Кнігі на вагу”, калі кожны чытач мог узважыць выбраную літаратуру ў авосьцы. Таксама была праведзена акцыя “Бібліяінфармацыя”, раздача флаераў, якія рэкламуюць чытанне, кнігу і бібліятэчныя паслугі. Акрамя таго, адбылося адкрыццё міні-музея “Свет дакамп’ютарнай тэхнікі”. Пра гісторыю стварэння музейнай экспазіцыі расказала Таццяна Валчкевіч, якая цягам 20 гадоў узначальвала калектыў Мастоўскай ЦБС.
Метадыст аддзела бібліятэчнага маркетынгу Свіслацкай раённай бібліятэкі Алена Рабчанка распавяла пра інфармацыйны тыдзень “Гаворым і чытаем па-беларуску”, зладжаны з 11 па 17 верасня. Цягам гэтых 7 дзён у бібліятэках Свіслаччыны гучала беларуская мова, дэманстраваліся адпаведныя тэматычныя выставы, а ўвага чытачоў была звернута на кнігі айчынных аўтараў. Натуральна, не былі забытыя і самыя маленькія наведвальнікі. “Падчас правядзення раённай акцыі “Беларуская кніга — кожнаму дзіцяці” бібліятэкары прапаноўвалі творы беларускіх аўтараў, а каб выклікаць у юных чытачоў большую цікавасць да кнігі на роднай мове, мы аздобілі іх маляўнічымі закладкамі-закліканкамі: “Пачытай, гэта цікава!”, “Вітаем беларускую кнігу!”, “Чытаем беларускую казку”, “Я кніжка цікавая!” У дзіцячай бібліятэцы хіт-парад навінак “Беларуская кніга — дзецям” прадставіў кнігі сучасных беларускіх аўтараў А. Зэкава, М. Чарняўскага, У. Карызны, А. Пісьмянкова, В. Кудлачова і іншых. Гэта літаратура розных жанраў: казкі-чамучкі, вершы, апавяданні, прымаўлянкі-забаўлянкі, загадкі-задачкі”, — піша Алена Рабчанка.
Свята “Хлеб, сыр, квас і добры настрой” прайшло 16 верасня ў Навагрудку. Праграму мерапрыемства склалі тэатралізаваныя імпрэзы. Можна было наведаць шматлікія падворкі са “смачнымі” назвамі кшталту “Хлебная даліна” або “Сырная ўзвышанасць”. На падворку “Востраў старажытных традыцый” адбывалася знаёмства са старадаўнімі тэхналогіямі вырабу хлеба. Там жа мелася магчымасць прадэгуставаць квас, хлеб, мёд, бліны, набыць лекавыя бальзамы, прыгатаваныя для гасцей свята ад Лаўрышаўскага Свята-Елісееўскага мужчынскага манастыра. Пра гэта паведаміла наш сталы аўтар — дырэктар Навагрудскага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавальская.
Россып лістоў прыйшоў да нас з Ашмяншчыны. Напрыклад, студэнтка Інстытута журналістыкі Інга Гіз распавяла пра свята капусты, што адбылося ў аграгарадку Кальчуны Ашмянскага раёна. Галоўнай на свяце, натуральна, была сама расліна: на зладжанай выставе яе можна было не толькі памацаць рукамі, але і пакаштаваць на смак ці набыць на міні-кірмашы.
“У Барунах прайшоў “Бульбяны кірмаш” — пад такім загалоўкам нам даслала свой допіс Людміла Козел. Свята, прысвечанае “другому хлебу” беларусаў, зладзілі супрацоўнікі Барунскага сельскага клуба і Ашмянскага раённага цэнтра культуры. Яны прапанавалі ўдзельнікам мерапрыемства насычаную культурную праграму, у якой былі і харэаграфічныя пастаноўкі, і тэатралізаваныя прадстаўленні, і святочныя конкурсы, і эстафеты ды многае іншае. Адбываліся і дэгустацыі народных страў з бульбы — пад спевы і музыку ўдзельнікаў народнага ансамбля народнай песні “Жытніца”, артыстаў народнага ансамбля цыганскай песні “Джана Рома” і лідара гурта беларускай сярэднявечнай музыкі Pawa Юрася Панкевіча.
Яшчэ адно “смачнае” свята прайшло на Ашмяншчыне ў аграгарадку Крэйванцы. Як піша Аліна Санюк, галоўнымі дзейнымі асобамі мерапрыемства пад назвай “Поўны кошык” сталі Баравік, Лісічка, Паганка і Мухамор. Героі-грыбы і былі кіраўнікамі свята, падчас якога дзеці і дарослыя адказвалі на жартоўныя пытанні віктарыны, удзельнічалі ў гульнях ды атрымлівалі заахвочвальныя падарункі. Некаторыя з жыхароў паселішча, якія выявілі свае кулінарныя здольнасці, атрымалі дыпломы раённага Цэнтра культуры. Таксама былі ўганараваныя пераможцы конкурса на лепшую грыбную страву і конкурса-марафона “Хто куды, а мы па грыбы”.
Апошні допіс — ад дырэктара мясцовага краязнаўчага музея імя Ф.К. Багушэвіча Настассі Навіцкай. Яна распавяла, што з 1 верасня па 15 кастрычніка ў музейнай установе працуе персанальная фотавыстава Аляксандра Навумчыка “#Мойгорад”. На ёй прадстаўлены фотаработы, дзе параўноўваюцца краявіды сучаснага горада і Ашмян мінулага стагоддзя. “Наведвальнікаў выставы чакае шмат неспадзяваных сустрэч: то на сучаснай галоўнай вуліцы з’явіцца стары драўляны дом, то каля гандлёвага цэнтра паўстане група людзей з фотаздымка 1980-х гадоў. Як прызнаўся аўтар, падчас стварэння фотакалажаў ён адкрыў для сябе ў Ашмянах шмат новага з гісторыі”, — піша Настасся.
Свята бульбы днямі прайшло яшчэ і ў аграгарадку Князева Зэльвенскага раёна. “Князеўская рассыпуха” — ацаніце назву! — атрымалася вясёлым, каларытным і нават, як піша нам загадчыца аддзела па развіцці народнай творчасці Зэльвенскага раённага Цэнтра культуры і народнай творчасці Алена Ламека, гістарычна-пазнавальным мерапрыемствам. Падчас свята можна было дазнацца пра гісторыю паходжання бульбы ў нашай краіне, пра яе лекавыя асаблівасці, паўдзельнічаць у конкурсах і дэгустацыях, на якіх былі прадстаўлены шматлікія шэдэўры кулінарнага мастацтва ад мясцовых гаспадынь, а таксама паслухаць музычныя нумары артыстаў Мастоўскага раёна.
З нагоды 20-годдзя ансамбля ўкраінскай песні і абраду “Ватра” (у перакладзе з украінскай — “полымя”) даслаў у “К” паведамленне пра гісторыю і сучаснае жыццё калектыву яго мастацкі кіраўнік Аляксандр Валодчанка. Ансамбль створаны ў 1996 годзе пры Мінскім грамадскім аб’яднанні ўкраінцаў “Заповіт”. Калектыў — неаднаразовы ўдзельнік і лаўрэат рэспубліканскіх, усеўкраінскіх і міжнародных фестываляў і конкурсаў у Гродне, Віцебску, Луцку і іншых гарадах Беларусі і Украіны. Яго апошняя перамога — першая прэмія на X усеўкраінскім фестывалі-конкурсе аматарскай творчасці “Пісенні візерунки”, які праходзіў у горадзе Буча Кіеўскай вобласці. “Таксама калектыў з’яўляецца актыўным удзельнікам усемагчымых культурных акцый, якія арганізуюцца пры падтрымцы Пасольства Украіны ў Рэспубліцы Беларусь, Рэспубліканскага цэнтра нацыянальных культур і Мінскага грамадскага аб’яднання ўкраінцаў “Заповіт”. Акрамя таго, і самімі ўдзельнікамі “Ватры” праводзяцца музычныя вечары, якія карыстаюцца папулярнасцю ў гледача”, — піша Аляксандр Валодчанка.
Пра яшчэ адзін творчы калектыў — народны ансамбль песні і музыкі “Вераснянка” з аграгарадка Мазалава Віцебскага раёна — нам паведаміў Андрэй Струнчанка. “Вераснянка” 24 верасня адзначыла 15-годдзе з дня свайго заснавання. З гэтай нагоды ў мясцовым Доме культуры адбылася творчая вечарына, што сабрала ўдзельнікаў ансамбля і яго сяброў — народны жаночы клуб “Залаты ўзрост”, танцавальны калектыў “Алар”, настаўнікаў дзіцячай школы мастацтваў і колішніх удзельнікаў “Вераснянкі”. За час свайго існавання ансамбль рэгулярна выступаў на ўсемагчымых пляцоўках, у тым ліку ў многіх вёсках Прыдзвіння, у Віцебску, Мінску, Оршы, Браславе, а таксама і за межамі краіны — на Пскоўшчыне і Смаленшчыне. Акрамя таго, калектыў рупіцца пра адраджэнне народных абрадаў і святаў, пра захаванне традыцый старажытнай беларускай кухні ды многае іншае.