Жыццё бібліямана цяжкае. Кніжная жарсць з’ядае ягоны заробак. Ён знаходзіцца ў бясконцым пошуку рарытэтаў і ў перманентным канфлікце з сям’ёю, бо блізкіх нервуе тое, што кнігі, размнажаючыся, запаўняюць усю прастору жытла і выціскаюць людзей. Цікава, што бібліяман можа тыя кнігі і не чытаць. Каб занурыцца ў транс і выйсці ў астрал, яму дастаткова лашчыць вокам вокладкі. Бібліяман з аднаго позірку вызначае каштоўнасць кнігі, а па шрыфце, якім яна набраная, назаве краіну, дзе яна выдадзена, і прыблізны год выдання. Так што выстава “ЛітАрт 2017”, дзе экспануюцца ўзоры мастацтва шрыфта, найперш для бібліяманаў. Але яна цікавая і нармальнаму чалавеку.
Мастакі, што працуюць у гэтай галіне, таксама людзі асаблівыя. Калі ты не фанат літары, дык доўга тут не затрымаешся. Сучасныя алфавіты склаліся стагоддзі назад, тады ж акрэсліліся і графемы (схемы, выяўленчыя канструкцыі) кожнай з літар. І трэба мець талент і асаблівы склад мыслення, каб па-новаму намаляваць усім даўно знаёмае. Беларускаму кнігадрукаванню 500 гадоў. І ўжо гэтая акалічнасць, здавалася б, дае нам права гаварыць пра глыбокія карані і, адпаведна, моцныя традыцыі беларускай шрыфтавой культуры. Але ў рэчаіснасці быў досыць доўгі перыяд перапынку нацыянальнай традыцыі, якая колісь паўстала на еўрапейскай цывілізацыйнай глебе. Пра тое, што краіне трэба свой адрозны ад суседзяў шрыфт, які быў бы знакам нашай тоеснасці ў сусветнай інфармацыйнай прасторы, загаварылі адносна нядаўна. Ды і спантанныя пошукі ў гэтым напрамку маюць нядоўгую гісторыю. Хіба два дзесяцігоддзі…
Выстава, пра якую ідзе гаворка, не столькі падводзіць вынікі нейкага перыяду ў развіцці беларускага шрыфтавога мастацтва, як дэкларуе напрамак пошука. Пасля яе прагляду не застаецца сумневу, што беларускі нацыянальны шрыфт мусіць мець у аснове спадчыну Францыска Скарыны, распрацаваныя Палачанінам эстэтычныя і функцыянальныя прынцыпы. У гэтым мяне пераконваюць творы Паўла Семчанкі, Генадзя Мацура і Усевалада Свентахоўскага (дарэчы, гэты майстар не толькі ўдзельнічае ў “ЛітАрце”, але адначасова ладзіць персанальную выставу ў Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі). Мяне вельмі ўразілі плакаты Свентахоўскага, прысвечаныя асобам, якія прычыніліся да Скарынавай справы. Многія дагэтуль лічаць, што ўсю працу па Бібліі першадрукар рабіў сам. Між тым, узняць такую глыбу аднаму, без памагатых, проста немагчыма. І Скарына быў найперш геніяльным менеджарам, які здолеў аб’яднаць у грандыёзным праекце высакакласных спецыялістаў. Гэтых асоб і згадвае ў плакатнай серыі спадар Усевалад.
На афішы “ЛітАрту” пазначана “Скарынавы фэст”. Гэта ўдакладненне раскрывае канцэпцыю выставы. Значная частка твораў прысвечана непасрэдна Палачаніну і ягонаму часу, а іншыя — рэаліям сучаснай эстэтыкі, якая наўпрост ці ўскосна знітавана са Скарынавай традыцыяй. Недзе гэтая знітаванасць выяўлена ў запазычанасці гістарычных форм і адпаведнай стылістыцы, а недзе — у пераемнасці прынцыпаў Скарынавага наватарства і ўласцівай нашаму генію парадаксальнасці мыслення.
Уражваюць распрацоўкі шрыфтавых гарнітур Дзяніса Серабракова, вобразныя кампазіцыі Вячаслава Паўлаўца, Уладзіміра Васюка, Сяргея Саркісава, Юрыя Тарэева. Распрацаваныя Таццянай Кулажанка “Азбуква” і шрыфт Андрэя Савіча “Ланцуг” на першы погляд успрымаюцца як нешта не надта сур’ёзнае, як інструментарый нейкай гульні ў словы і сэнсы для дарослых дзяцей. Але пры жаданні тут можна знайсці і своеасаблівую філасофію. Так сакральнае ператвараецца ў жартоўнае, а знакі, задуманыя для візуалізацыі глыбокіх думак — у аздобу рэкламнай улёткі.
Нечакана, але вельмі дарэчы, глядзіцца ў экспазіцыі вулічны ўказальнік работы Уладзіміра Цэслера “праспект Францыска Незалежнага”. На першы погляд — мастацкі “прыкол”, якія ў Цэслера атрымліваюцца надзвычай удала. А насамрэч ён мае глыбокую думку. Незалежнасць дзяржавы ўсё ж такі мае ў падмурку суверэнітэт духоўны. Змяняцца могуць межы, але не маральны стрыжань нацыі. Для нас гэта — Скарынава Біблія.