Падрыхтоўка выставы — вялікая праца, якая цягнецца шмат месяцаў і рэалізуецца вялікай колькасцю людзей. Прыблізна паўгода таму, убачыўшы прастору, з якой мусілі працаваць, мы крыху насцярожыліся, бо ў прапанаваным памяшканні важна было “абыграць” не толькі сцены, але і бачную канструкцыю даху. Пазней мы ўпэўніліся, што “складаныя” моманты можна выкарыстаць у нашых мэтах, бо бэлькі, кроквы і іншыя часткі страхі паслужылі важнымі элементамі пры мантажы прадметаў. На іх мацавалі посцілкі, як фон кожнага раздзела, а таксама ручнікі, вясельныя вянкі, абразы. З улікам архітэктуры памяшкання, была падрабязна прамалявана мастацкая канцэпцыя — кожны раздзел выставы, які паказвае асобны элемент вяселля, адмежаваны ад іншых атласнымі рознакаляровымі стужкамі, таксама на адной са сцен размешчаны павялічаныя ў памерах яркія вясельныя вянкі. Гэтыя прадметы гарманічна ўпісваюцца ў структуру і дапамагаюць стварыць святочны вясельны настрой.
Дзякуючы стараннасці нашых літоўскіх калег, так прафесійна было выстаўлена святло, што кожны прадмет, пачынаючы ад фотаздымка і заканчваючы манекенам у народным строі, зайграў яшчэ больш яркімі фарбамі.
Чаму ў Літве паказана менавіта заходнепалескае вяселле? На жаль, сёння ў склад экспазіцыі беларускага музея пад адкрытым небам не ўваходзіць рэгіён Заходняе Палессе, але ў фондах музея знаходзіцца вялікая колькасць прадметаў гэтага рэгіёна, набытых падчас экспедыцый 1980-1990-х гадоў.
Варта зазначыць, што Заходняе Палессе — унікальны рэгіён, бо менавіта на яго тэрыторыях да сённяшняга часу захавалася шматгранная старажытная культура: фальклор, промыслы і рамёствы, традыцыі і абрады. Менавіта на Палессі захаваўся найбольш архаічны вясельны абрад са шматлікімі магічнымі рытуальнымі дзеяннямі, яркім каравайным абрадам. З мэтай пазнаёміць гасцей музея з вясковымі краявідамі, інтэр’ерамі пабудоў, выявамі жыхароў гэтага рэгіёна на 1-м паверсе прадстаўлена фотавыстава “Экспедыцыйныя фотазамалёўкі Заходняга Палесся”. Цікавасць выклікаюць пастановачныя фотаздымкі жанчын у традыцыйных святочных строях 1920-1930-х гадоў, зробленыя Міхаілам Раманюком у 1984 годзе, у вёсцы Бездзеж Драгічынскага раёна. Туды ж была зладжана ў 1985 годзе і музейная экспедыцыя. Супрацоўнікі музея зладзілі “фотасесію” для маладых людзей, якіх апранулі ў вясельныя строі 1920-х. Адзенне, якое належала мясцовым жанчынам, было перададзена ў музей, і праз 30 гадоў некаторыя элементы касцюмаў зноў убачылі свет на вясельнай выставе. Усяго на экспазіцыі прадстаўлена 10 заходнепалескіх святочных строяў канца ХІХ — сярэдзіны ХХ стагоддзяў.
Фрагменты экспазіцыі “Вяселле Заходняга Палесся”.
Асноўная экспазіцыя размешчана на другім паверсе свірна і знаёміць наведвальнікаў з важнымі элементамі заходнепалескага вяселля. Напрыклад, у раздзеле, дзе паказаны “Запоіны”, на стале размешчана яечня — галоўная абрадавая страва, бо пра нявесту казалі, што яна “запіта” або “заедзена яечняй” да іншага роду, і з гэтага моманту яна ўжо не магла адмовіцца ад вяселля. Сама “маладая” ў Чэрскім строі з павязаным на руку ручніком. Шырока было распаўсюджана запрашэнне на вяселле гасцей нявестай. Калі ў хаце былі незамужнія дзеўкі, то яна, выходзячы з хаты, цягнула ручнік па падлозе.
Пачыналася ўласна вяселле з каравайнага абраду. У Заходняй Беларусі караваі пяклі і ў хаце маладой, і ў маладога ды разнастайна ўпрыгожвалі. Варта адзначыць, што вясельная каравайная традыцыя вёскі Моталь Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці ўнесена ў інвентар нематэрыяльнай культурнай спадчыны Беларусі. Менавіта таму супрацоўніцамі рэстаўрацыйнага аддзела музея для выставы быў зроблены муляж Мотальскага каравая.
Апошнім раздзелам выставы стаў абрад “пакрывала зняць”. Згодна з народным палескім звычаем пасля заручын нявеста павінна была прайсці перыяд ізаляцыі, “знікнуць” на некаторы час і з’явіцца перад вясельнікамі ў іншай ролі — новага члена сям’і (роду) мужа. Таму заручаную нявесту маці маладога пакрывала чырвонай хусткай або посцілкай, пасля здымала яе і кідала свахам. Злавіўшы хустку, жанчыны пакрывалі ёй сабе галовы і танцавалі, спявалі. Маці жаніха здымала з галавы нявесткі вянок і завівала намітку, пасля чаго маладая пераходзіла ў стан жанчын і не магла з’явіцца з непакрытай галавой. На адкрыцці выставы госці не толькі ўбачылі, але і паўдзельнічалі ў абрадзе ў выкананні супрацоўнікаў беларускага скансэна.
Дзякуючы міжнародным выставам супрацоўнікі беларускага музея пад адкрытым небам наладжваюць сувязі з іншымі музеямі-скансэнамі, набываюць вопыт у арганізацыі падобных праектаў, плануюць надалей працягваць традыцыю стварэння міжнародных выстаў.
А паказ “Вяселля Заходняга Палесся” ўжо прыносіць свае вынікі — мы атрымліваем станоўчыя водгукі наведвальнікаў і плануем экспазіцыю паказаць у Беларусі.
Наталля ГЕРМАЦКАЯ, загадчык навукова-экспазіцыйнага аддзела Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту