Нагадаю, у чэрвені прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі накіравалі Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь Аляксандру Лукашэнку, прэм’ер-міністру Андрэю Кабякову, у Мінскі гарсавет дэпутатаў і Мінгарвыканкам зварот, у якім акрамя іншых ініцыятыў змяшчалася і такая. На іх думку, крок гэты быў бы правільным хаця б таму, што ў наступным годзе наша краіна будзе адзначаць 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання і беларускай Бібліі.
А на днях да гэтага пачыну далучыўся яшчэ адзін з шэрагу “цяжкіх артылерыстаў” — генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў. Далучыўся і пайшоў далей, заявіўшы ў тэлеэфіры, што і самалётам Нацыянальнай авіякампаніі “Белавія” можна было б прысвойваць імёны выбітных айчынных дзеячаў мастацтваў, напрыклад, такіх, як Якуб Колас, Янка Купала, Максім Багдановіч, Іван Хруцкі... Сцюарды ды сцюардэсы маглі б падчас палёту прапаноўваць пасажырам буклеты пра гэтых вядомых людзей, што, несумненна, выклікала б цікавасць у замежных пасажыраў да беларускай культуры (ды і нашым нагадала пра тых вялікіх, пра якіх многія спрэс забыліся, скончыўшы школу, нагадала і вярнула б іх творы ў сэрцы ды душы людзей). Глядзіш, хто-небудзь з іх зноў вярнуўся б у Беларусь, але ўжо з мэтай даведацца пабольш пра таго ці іншага чалавека, пра краіну ўвогуле.
Ідэя ўвагі заслугоўвае, тым больш, у свеце аэрапорты, самалёты (з вуліцамі, праспектамі, гарадамі ўсё зразумела) носяць імёны асобаў, значных для гэтага народа, альбо тых, якія пакінулі свой след у гісторыі чалавецтва. Галоўнае, каб кампанія (калі яна стартавала) не перарасла ў кампанейшчыну, каб прысвойванне імёнаў было кропкавым, дарэчным, абгрунтаваным, калі на фасадзе, да прыкладу, нейкай установы красавалася б імя таго, хто непасрэдна меў дачыненне да яе, а не таго — хай сабе і геніяльнага, хто аднойчы непадалёк ад гэтага будынка прайшоў.
Я таксама з задавальненнем галасую за гэтую ініцыятыву абедзвюма рукамі. І ўжо бачу сябе ў недалёкай будучыні ў лайнеры “Уладзімір Мулявін”, які ляцiць услед за жураўлямі над Палессем...
Фота Юрыя ІВАНОВА
Тым часам
Нашы паўднёвыя суседзі бліжэйшым часам рыхтуюцца да рэбрэндынгу цэнтральнага аэрапорта Украіны "Барыспаль" пад Кіевам. Адзін з варыянтаў новай назвы — уключэнне ў яе імені значнай асобы. І сярод варыянтаў значыцца і не чужы нам Казімір Малевіч, пры гэтым у аргументацыі прыводзяцца ўсе магчымыя яго ўзаемадачыненні з Украінай (вядома (і на жаль), гіпотэза беларускага паходжання Малевіча і факт яго працы ў Віцебску дыпламатычна абыходзяцца). Але гэтая рэмарка хутчэй да таго, што іменны аэрапорт — абсалютна пашыраная з'ява, і гісторыя, пэўныя чыны гістарычнай справядлівасці часам здзяйсняюцца на нашых вачах.