Называючы гэты храм помнікам менавіта беларускага дойлідства, адрасант не памыляецца. Пра тое сведчаць і першапачатковая канфесійная прыналежнасць, і архітэктурныя асаблівасці. Царква была збудаваная ў XVIII стагоддзі як грэка-каталіцкая. Стылістыка адпаведная — сплаў чыста народных уяўленняў пра хараство з тагачаснымі агульнаеўрапейскімі трэндамі: барока і класіцызмам. Нягледзячы на перабудовы, храм не страціў гэтых сваіх асаблівасцяў і ў далейшым — у адрозненне ад многіх іншых. Больш за тое — ацалеў і ўнікальны алтарны жывапіс.
Што праўда, час бярэ сваё. Лёс храма ў савецкія часы склаўся даволі тыпова. Спярша там размясцілі калгасны склад, а потым яго і наогул закінулі. І вось дах ужо абрынуўся, барочных вежак на фасадзе больш не пабачыш, ды і плошча роспісаў, падуладных стыхіям, змяншаецца па гадзінах.
— На жаль, аб’ект знаходзіцца па-за кампетэнцыяй беларускага заканадаўства, і разлічваць на дзяржаўную дапамогу з нашага боку наўрад ці выпадае, — кажа старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў Антон Астаповіч. — Што да Расіі… Наколькі вядома, там ёсць сістэма грантаў на ахову рэгіянальнай спадчыны, але каб нешта атрымаць, трэба прабіць бюракратычныя бар’еры.
Грант — гэта сапраўды аптымальнае выйсце. У тым, што помнік, які арганічна спалучаны менавіта з беларускай гісторыяй, апынуўся на тэрыторыі суседняй дзяржавы, няма нічога дзіўнага — асабліва калі ўлічыць, што ад мяжы яго аддзяляе ўсяго пару кіламетраў. Тым больш, ёсць і куды цікавейшыя прыклады “анклаваў спадчыны”: скажам, драўляная стараабрадніцкая царква ва ўрочышчы Стрыпішкі, што ў Астравецкім раёне, на самай мяжы з Літвой. Гэты помнік рускай духоўнай культуры сёння таксама занядбаны ды вырачаны на знікненне.
Адпаведна, сам сабою вымалёўваецца прыгожы і сімвалічны праект, здатны падкрэсліць і геаграфічную, і гістарычную повязь двух народаў: сумеснымі намаганнямі выратаваць гэтыя дзве царквы. Прычым “пацягнуць” яго, як падаецца, магчыма не толькі на міждзяржаўным, але і на муніцыпальным узроўні. На нядаўнім Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расіі шмат гаварылася пра неабходнасць наладжвання менавіта гарызантальнага супрацоўніцтва.
Вядома, хочацца верыць, што ўзнёслыя словы пераўтворацца ў справы. Але зважаючы на цяперашні стан царквы, чакаць гэтага ўжо не выпадае — проста няма куды. Як вынікае з ліста, Аляксандр Гордзін усё больш разлічвае на грамадскую ініцыятыву. Якія ж захады належыць зрабіць у гэтым выпадку?
— Перш-наперш неабходна выканаць дакладныя абмеры помніка, прывязку на мясцовасці, дэталёвую фотафіксацыю, — перакананы Антон Астаповіч. — І калі, барані божа, храм уратаваць не ўдасца, яго можна будзе некалі рэканструіраваць у аўтэнтычным абліччы. Драўлянае дойлідства — у прынцыпе аднаўляльнае.
Паводле падлікаў, для першачарговых работ па кансервацыі храма патрэбна ўсяго каля 50 тысяч расійскіх рублёў — альбо паўтары тысячы дэнамінаваных беларускіх. Сума зусім невялікая. Як падаецца, яе можна было б сабраць “усім мірам”.
— Па шчырасці, я стаўлюся да такой перспектывы трохі скептычна, — Антон Астаповіч згадвае тыя гучныя кампаніі па зборы сродкаў, якія прынеслі мізэрныя вынікі. — Але калі ўсур’ёз узяцца за справу, можа, нешта і атрымаецца. Тут вельмі важны менавіта арганізацыйны, чалавечы фактар.
Як кажуць, новае — гэта забытае старое, але пададзенае з належным піярам. Вось і цяпер на змену атавістычным “дабрачынным рахункам” прыходзяць краўдфандынгавыя платформы, якія і ў нас і ў Расіі ўжо ў асартыменце. Здаецца, ужо назапасілася нямала праектаў, якія атрымалі дзякуючы ім шлях у жыццё. А галоўная ўмова іх поспеху — добрая рэклама — таксама дасягалася на грамадскіх пачатках: праз шматлікія рэпосты ў сацыяльных сетках.
Да ўсяго, пэўныя работы па кансервацыі можна выканаць і на валанцёрскіх пачатках. Вядома ж, гэта таксама запатрабуе пэўных арганізацыйных высілкаў, і для адной асобы яны могуць быць занадта вялікія. Але калі раскруціць махавік супольнымі намаганнямі…
У Расіі ёсць грамадскія таварыствы, якія займаюцца аховай спадчыны. У саміх Стайках існуе праваслаўны прыход. Ён занадта малы для таго, каб адужаць рэстаўрацыю сваімі сіламі, але, напэўна, усё ж здатны пасільна дапамагчы — скажам, размясціць-накарміць валанцёраў. Урэшце, можна разлічваць і на дапамогу з Беларусі.
— Захаванне гэтага помніка спадчыны не можа нас не хваляваць, — кажа Антон Астаповіч. — На жаль, рэсурсы нашы абмежаваныя — і фінансавыя, і часавыя, бо да канца года ўжо літаральна кожная хвіліна распісана. Але, нягледзячы ні на што, папрасіў бы Аляксандра Гордзіна са мной звязацца. Разам што-небудзь прыдумаем.