У Брэсцкай крэпасці. / Фота Таццяны МАТУСЕВІЧ
— Ды пра якую канкурэнцыю гаворку можна весці! У нас — 27 афіцыйных экскурсаводаў, якія цудоўна ведаюць сваю справу. Летась ад правядзення экскурсій мы зарабілі больш за чатыры мільярды рублёў. А праблема нелегальнага экскурсавода — праблема сусветная. Яны набіраюць групы праз Інтэрнэт, гэткім жа чынам і грошы збіраюць…
— Дык што, і выратавання ад іх няма?
— Па-першае, мы таксама праз Сеціва паведамляем патэнцыйным наведвальнікам, што экскурсія для груп каштуе 150 тысяч рублёў. Для адзіночных наведвальнікаў, калі гэта школьнікі ці студэнты — 15 тысяч, калі дарослыя — 30. Ці мае сэнс пераплачваць неафіцыйным экскурсаводам, калі няма гарантыі, што вам прапануюць праўдзівы якасны прадукт?
Па-другое, вырашылі за ўласны пазабюджэт устанавіць павільён на перадуваходнай плошчы (менавіта адсюль збольшага нелегалы пачынаюць свой маршрут). Павільён наш будзе “гучным” і максімальна прыцягальным. Гэтым, думаю, мы пераканаем наведвальнікаў, што супрацоўнічаць з “нелегаламі” эканамічна нерэнтабельна і элементарна нецікава.
Па-трэцяе, рыхтуем групу пазаштатных экскурсаводаў, які будуць працаваць на дамовах-падрадах. Цяпер, калі паток турыстаў не вельмі вялікі, ужо працуе такая група з сямі пазаштатных экскурсаводаў. Думаю, што да красавіка гэтая група за кошт выпускнікоў нашага ўніверсітэта павялічыцца да 80 чалавек…
З гутаркі бачна было, што Рыгор Рыгоравіч сур’ёзна занепакоены і немалой праблемай, і той дыскусіяй, што ўзнікла вакол яе ў сацыяльных сетках. Зразумела адно: такі ажыятаж змусіць супрацоўнікаў Мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць — герой” крэатывіць на зусім іншым якасным узроўні. І задуманы экскурсійны павільён павінен “загучаць” так, каб перацянуць “коўдру наведванняў” на сябе, і афіцыйнае экскурсійнае абслугоўванне турыстычных патокаў проста абавязана раз і назаўжды забыцца на запылены фармалізм ды казённую аднастайнасць. Іншага, напэўна, не дадзена. А экспансія “нелегалаў” — толькі доказ таго, што Брэсцкая крэпасць ніколі не была шараговым турыстычным аб’ектам. І калі Мемарыяльны комплекс выбітны, гэткім жа павінна стаць і ягонае экскурсійнае абслугоўванне. У заштатным раённым музеі яшчэ можна ўявіць аднастайнае мармытанне гіда, а ля крэпасных сцен, палітых крывёю абаронцаў, ініцыятыву пры фармальнай экскурсіі імгненна перахопіць ініцыятыўны “нелегал”…