«Кароль Лір» Уільяма Шэкспіра.
Рэжысёр Васіль Фёдараў.
Мастак Армен Грыгар’янц.
1953.
Са слоў самога Аляксандра Кістава ведаю, як настаўляў яго на ролю караля Ліра выдатны рэжысёр Васіль Фёдараў: «Ты, Саша, і сам, відаць, усё зробіш, як можаш, і здзівіш нас артыстычна поўным зліццём з гэтым пакутнікам -- старэчам. Ды толькі, калі адолееш
адну падспудную загваздку, цаны твайму Ліру не будзе. Выканаўца гэтай ролі ў нашым спектаклі не мае права быць алармістам, нагнятальнікам страсці, і куды лепш быць захопленым ачышчэннем страсцей...»
І шыкоўна дэкараваны сцэнографам Арменам Грыгар’янцам у відовішча насамрэч каралеўскае, спектакль «Кароль Лір», прэм’ера якога адзначана чырвоным радком у летапісе Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага за 1953 год, менавіта гэтым гучаннем заваяваў прызнанне тэатральнай грамадскасці. Трагедыя героя спектакля развівалася па меры таго, як у сутыкненнях з людской крывадушнасцю і хцівасцю, з тупасцю і жорсткасцю магутны ўладар спасцігаў чалавечую недасканаласць. Кароль «ад галавы да пят» шукаў справядлівасці, расчараваўшыся ў тым, што сіла можа быць справядлівай.
У трагедыі свет параўноўваецца з «жорсткай дыбай». Першым пакутнікам на гэтай дыбе прызначана быць Ліру, ягонаму абуджанаму сумленню. Раскаціста-громападобны голас Аляксандра Кістава ўзнімаў да патэтычных тонаў Ліравы маналогі, у якіх, азораныя здагадкай, заяўлялі пра сябе ясная свядомасць і спапялёная гаркотай «логіка сэрца». Акцёр у ансамблі з выканаўцамі іншых роляў праз перажыванні на сцэне і пакутніцкую споведзь паказваў «спаданне заслоны з вачэй». Перад нядаўна ўсемагутным уладаром узнікала жудасная рэчаіснасць. У ёй не было месца спагадзе як натуральнаму водгуку на бяду блізкіх людзей. Падзяляючы дзяржаву паміж дочкамі, кароль, як кажа Ганерылля, «насвавольнічаў». І ў што вылілася ягоная прыхамаць?
Розным бываў Лір у Кістава, аднаго не дазваляў ён сабе -- бяссілля перад «морам нягод».
Тэатр раскрываў глыбіню трагедыі чалавека, пакінуўшага рай ілюзорнай веры ў тое, што на зямлі пануюць справядлівыя законы, маральныя ўстоі і разумная воля. Зменлівая бачнасць уводзіць у зман караля на троне, яна ж катуе і тыраніць сваёй бязлітаснай рэальнасцю пазбаўленага ўлады смертнага, якім робіцца кароль Лір. Раней ён і ўявіць не мог, што такое магчыма: родныя дочкі зрабілі яго беспрытульным выгнаннікам. Стэпавая бура грукоча над проставалосай галавой Ліра -- нібыта, як і ён, разгневаная, заклікае да
правасуддзя.
Помста? Каму? Усім гэтым здраднікам, што адвярнуліся ад яго, парфіраносца, перад якім так апантана ліслівілі ў рабалепстве і нізкапаклонстве? Але ж Лір найперш наклікае кару на сваю ўласную сівую галаву. Ягоную знакамітую тыраду асвятлялі ўспышкі маланак, і тады здавалася, быццам зморшчынкі на твары кістаўскага Ліра -- шрамы на абліччы пакутніка.
Асуджаны на згасанне розум... Знясілены старэча, сустракаючы праявы спачування ў Кента, Глостэра і малодшай дачкі Кардэліі, не здагадваўся, што прыкутыя яны не да ягонага каралеўскага сану, а да ачалавечанай у змаганні з імі асобы. Асобы, якая магла б стаць месіяй парадку ў гэтым свеце, носьбітам справядлівай моцы і моцнай справядлівасці. У гэта верылі і мы, гледачы, бо цягам усяго спектакля перад намі жыў ачышчэннем страсцей гераічна-наіўны чалавек, які занадта запознена спасцігаў, якой вагі бывае каралеўскі вянец на галаве ўсялякага венцаносца, што намагаецца няхай і з прыхамаці, але дакапацца да ісціны.
Гэтаму цудоўнаму ў пакутах Ліру з артыстычным бляскам акампанавала акцёрская ансамблевая садружнасць выканаўцаў такіх роляў, як Блазан (М.Сокал), Рэгіна (А.Шах-Парон), Ганерылля (Г.Абуховіч), граф Кент (Р.Качаткоў), Эдгар (Г.Някрасаў), Глостэр (І.Ражба), Эдмунд (Я.Карнавухаў) і Кардэлія (І.Лакштанава). І ансамбль зусім не «падыгрываў» Кіставу, а каларытна адцяняў непаўторнасць такой асобы, як Лір. Ягоны лёс сваёй выключнасцю сведчыў усё ж пра гуманізм грамадскага развіцця -- насуперак устойлівым фантомам і фетышам, якія ўсё яшчэ ўладараць ў людской супольнасці, дзе пануе амаль што пагалоўная няшчырасць.
Барыс БУР'ЯН