Ідэя простая, але адначасова складаная: паказаць усе беларускія стужкі, падзеі якіх разгортваюцца на фоне Другой сусветнай. Стужак такіх нямала. Ваенная плынь — самая значная ў гісторыі «Беларусьфільма». Дакладную колькасць мастацкіх карцін, дзе ўскосна ці наўпрост згадваюцца падзеі 1940-х, нават цяжка ўстанавіць. Яшчэ складаней — даць другое тэлевізійнае жыццё тым фільмам, якія ўжо даўно не бачылі экрана, не былі пераведзены ў сучасны відэафармат. Сваю ролю тут адыграла і тое, што эталонныя копіі ўсіх знятых на тэрыторыі СССР стужак адпраўляліся ў спецыяльнае сховішча пад Масквой і беларускім спецыялістам часта даводзілася працаваць са старымі, пашарпанымі плёнкамі. Акрамя таго, сярод твораў нацыянальнага кінамастацтва ёсць безумоўныя лідэры, добра вядомыя шырокай аўдыторыі па тых жа святочных паказах, а ёсць і відавочныя аўтсайдэры, з’яўленне якіх на тэлеэкране трэба неяк апраўдаць перад сучасным гледачом. Дадамо і тое, што гэты глядач «разбэшчаны» цяперашнім забаўляльным тэлепрадуктам і за яго ўвагу трэба па-сапраўднаму змагацца. На здымках "Кінаметраў". у кадры -- Іван Мацкевіч.
Таму кожную з паказаных у дзённым суботнім эфіры АНТ стужак вырашана было суправадзіць адмысловым уступам — 26-хвіліннай перадачай «Кінаметры вайны» — расповедам пра стварэнне фільма, яго аўтараў і эпоху, у якую ён пабачыў свет. Такім чынам, паказы былі пададзены амаль як прэм’еры, а старыя (і не вельмі) карціны атрымалі па своеасаблівай «даважцы» з суправаджальнай інфармацыяй. Прыём для тэлебачання не новы, аднак ён ніколі не выкарыстоўваўся ў цыкле, разлічаным на такі працяглы тэрмін. У выніку атрымалася сапраўдная відэаэнцыклапедыя ў папулярным жанры гістарычнага даследавання. Яе аб’ём пакуль не могуць назваць самі стваральнікі: праект працягваецца, прадставіць усе ваенныя стужкі «Беларусьфільма» за год аказалася немагчымым. Канчатковы вынік будзе залежаць ад працэсу пераводу карцін на лічбавыя носьбіты. Аўтары дакументальнага цыкла Зоя Катовіч, Алена Антанішына і аператар Мікіта Пінігін.
Для айчыннага тэлебачання «Кінаметры», як і распрацаваны паралельна агульнагістарычны цыкл «Адваротны адлік», — сапраўды значнае дасягненне. Спробы скарыстацца актуальным ва ўсім свеце прыёмам «інфатэйменту» (ад англ. information ды entertainment — «журналістыка ў забаўляльнай упакоўцы») на нашых каналах рабіліся і раней. Але бадай ці не ўпершыню на беларускім тэлебачанні абраная аўтарамі форма так добра пасуе зместу. Да звыклых элементаў — фрагментаў саміх стужак, фатаграфій, інтэрв’ю — дадаліся элементы ігравыя. Інфатэймент вельмі часта карыстаецца такім прыёмам, як рэканструкцыя падзей, калі спецыяльна апранутыя і загрыміраваныя акцёры разыгрываюць нейкія гістарычныя эпізоды. У «Кінаметрах» такія эпізоды, часцей за ўсё, — фон, на якім выступае вядучы Іван Мацкевіч. "Трэцяя ракета" Рычарда Віктарава. 1964.
Гэтага сталічнага акцёра добра ведаюць ва ўсіх кутках былога СССР. Яго героі — сапраўды «твар» ваеннага кіно, зробленага ў апошнія тры дзесяцігоддзі на адной шостай частцы сушы. Мацкевіч зняўся ў такіх гучных стужках пра 1940-я, як «Вазьму твой боль» Міхаіла Пташука, «Хрусталёў, машыну!» Аляксея Германа, у знакамітым прыгодніцкім тэлефільме «Патаемны фарватэр» і шэрагу іншых. У кіно яго персанажы заўсёды выступаюць як універсальныя постаці — то станоўчыя, то, наадварот, рэзка адмоўныя. Адзін малады рэжысёр ужо ў наш час вырашыў не браць Мацкевіча ў сваю стужку менавіта з-за боязі быць абвінавачаным крытыкамі ў выкарыстанні «стэрэатыпнага вобраза». Стваральнікі ж «Кінаметраў» не пабаяліся — акцёр Рускага тэатра імя М.Горкага, калі казаць сучасным медыйным слэнгам, добра «ўпісаўся ў фармат». Можна ўпэўнена сцвярджаць, што гэтая тэлевізійная праца — адна з самых запамінальных у кар’еры выканаўцы. Мацкевіч не трапляе ў кадр разам з іншымі ўдзельнікамі, вобраз вядучага вельмі ўдала прапісаны драматургічна і не засланяе постаці саміх творцаў. У пэўным сэнсе ён выступае ў якасці сувязнага звяна паміж днём сённяшнім і тымі дзесяцігоддзямі, якія аддзяляюць нас ад канца Другой сусветнай. "Альпійская балада" Барыса Сцяпанава. Любоў Румянцава (Джулія), Станіслаў Любшын (Іван). 1965.
«Аўтар ідэі нашага цыкла — дырэктар кампаніі “Кінадом” Міхаіл Кастальцаў. Амаль усё, што датычыцца формы праграмы, прыдумана ім. Рэжысёры “Кінаметраў” Зоя Катовіч, Таццяна Краўчанка, Каця Махава, Анатоль Шпартаў, Сяргей Макараў, сталыя аўтары — Анжаліка Сяўко і я — адказвалі ўжо за напаўненне, — гаворыць Алена Антанішына, нязменны рэдактар перадачы. — Вельмі важны для праекта Алег Чацверыкоў: у яго кіно “ў крыві” (ён сын вядомага кінарэжысёра), да таго ж, мае вялікі тэлевізійны досвед. Алег стаўся нашым праблемным кансультантам, своеасаблівай “хуткай дапамогай”, бо бывала і такое, што група не спраўлялася з нейкім пытаннем. Андрэй Бас — яшчэ адзін “бацька” праекта ад канала АНТ. Але ж ён не займаецца “выхаваннем”, а — надае фінальны глянец, сочыць за тым, каб наша сумеснае дзецішча спраўдзіла спадзяванні».
Паказальна, што каналам-заказчыкам «Кінаметры» давераны не буйной арганізацыі, а больш мабільнай структуры сярэдніх памераў. За тры гады існавання мінская кампанія «Кінадом» прымала ўдзел у сумесных здымках некалькіх расійскіх серыялаў, стварала камп’ютэрныя спецэфекты да беларускіх стужак «Шчыт Айчыны» Дзяніса Скварцова і «Навагоднія прыгоды ў ліпені» Алены Туравай. Можна сказаць, што сваім з’яўленнем «Кінадом» абавязаны сапраўднаму «серыяльнаму буму», які назіраўся на постсавецкай прасторы ў апошнія 10 гадоў. "Іван Макаравіч" Ігара Дабралюбава. 1968. "Усходні калідор" Валянціна Вінаградава. Валянціна Цітова (Людміла), Барыс Маркаў (Ягор). 1966. "Канстанцін Заслонаў" Уладзіміра Корш-Сабліна. 1949.
Сцэнарый «Кінаметраў» не проста ўтрымлівае імёны, лічбы і факты, ён абавязкова змяшчае пэўны сюжэт. «У межах праекта, — працягвае Антанішына, — мы гаворым не толькі пра кіно, але, хутчэй, пра час і лёсы людзей. Спрабуем расказаць пра розныя кінематаграфічныя прафесіі. Але і гэта не галоўнае. Кіно — толькі нагода. Калі б мы здымалі “кіно пра кіно”, то страцілі б імпэт ужо на чацвёртай перадачы. І потым, ёсць фільмы-шэдэўры: “Сведка” Валерыя Рыбарава, “Вянок санетаў” Валерыя Рубінчыка, “Знак бяды” Міхаіла Пташука, “Праз могілкі” Віктара Турава і г. д. У гэтых выпадках можна і пра кіно распавесці. Ды калі мы загонім сябе ў межы аповеду пра кінематограф, будзе аднастайна і нецікава. Вось, напрыклад, перадача з назвай “Іспыты на гнуткасць”: пташукоўскі “Знак бяды” ў дадзеным выпадку — магчымасць паразважаць пра ўзаемаадносіны мастака і ўлады. “Апошняя інстанцыя”, прысвечаная стужцы “У жніўні 44-га” таго самага рэжысёра, — пра чалавечую годнасць і жорсткія законы бізнесу. І гэтак далей. Ці атрымліваецца распавесці пра такія складаныя рэчы на прыкладзе кіно — лепш бачна крытыкам. Але менавіта гэтую мэту мы ставілі перад сабой».
«Напаўненне» кожнай перадачы ў папяровым выглядзе змяшчаецца на 6–7 старонках. Каб іх напісаць, аўтарам даводзіцца сустракацца з дзесяткамі людзей, многія з якіх жывуць за межамі Беларусі. Візуальны матэрыял, выкарыстаны пры стварэнні цыкла, вельмі стракаты. Сучаснае тэлебачанне заснавана на празмерным выкарыстанні рознабаковай аўдыёвізуальнай і тэкставай інфармацыі. Каб быць на ўзроўні іншых праграм, стваральнікі «Кінаметраў» збіраюць і «прасейваюць» шмат звестак, сведчанняў, фактаў. Канкурэнцыя з іншымі дакументальнымі серыяламі, у тым ліку беларускімі, была вытрымана імі з гонарам: усе складнікі цыкла, уключаючы аператарскую працу, рэжысуру, мантаж, вельмі прафесійныя. Дарэчы, на Еўразійскім тэлефоруме ў Маскве беларускі серыял атрымаў першы прыз у намінацыі «Лепшая культурна-асветніцкая праграма».
Але тэлевізійны цыкл «Кінаметры» — не проста чарговы хранікальна-дакументальны серыял, якімі цяпер поўніцца эфір. Сярод шэрагу псеўдагістарычных праектаў цыкл пра беларускае ваеннае кіно вылучаецца найперш даверлівым, шчырым тонам, прасякнутым любоўю да айчыннага мастацтва. Цыкл можна назваць у добрым сэнсе папулярным. Простая, даступная мова ў спалучэнні са жвавым, дынамічным мантажом робіць усе серыі перадачы лёгкімі для ўспрымання масавага гледача. У параўнанні з заснаванай на скандалах сучаснай тэлежурналістыкай «Кінаметры» выглядаюць вельмі станоўчым прыкладам творчасці для малога экрана. Яны нібыта акумулявалі ў сабе многія мастацкія рысы апісаных твораў і выглядаюць годна нават на фоне прадукцыі дакументальнага падраздзялення нашай Нацыянальнай кінастудыі.
Папулярнае сярод служак дзесятай музы прыслоўе «У кіно самае важнае — дробязі» паслядоўна выконваецца аўтарамі праекта. Напрыклад, серыя «Падарожжа з народным артыстам» пра здымкі «Кіроўцы аўтобуса» Барыса Шадурскага, пачынаецца са звычайнага транзістарнага прыёмніка. Яго трымае ў руках Іван Мацкевіч, прамаўляючы словы ўступу. Наезд камеры — і вось дакладна такі ж прыёмнік стаіць на кухні галоўнага героя стужкі, што выйшла на экраны ў 1983 годзе. (Ролю, дарэчы, выконвае Віктар Тарасаў.) «Кінаметры», такім чынам, — падарожжа не толькі па ўспамінах кінематаграфістаў, але і па матэрыяльным свеце савецкай эпохі, а таксама па яе норавах і правілах, многія з якіх падаюцца нам цяпер дзіўнымі.
Сцэнарыі большасці выпускаў «Кінаметраў» аўтары спрабавалі заснаваць на сапраўдных драматычных калізіях. Сярод іх — не толькі канфлікт мастака і ўлады, як адзначалася вышэй, але (як, напрыклад, у перадачы пра «Вайну пад стрэхамі» Віктара Турава) і аповед пра супярэчнасці мастака і яго няўрымслівай, творчай асобы, пра яго слабасці... Пры ўсім тым, «Кінаметры» ніводнага разу не пераступаюць мяжы і не схіляюцца ў бок звычайнай для цяперашняга тэлебачання «жаўцізны». Хоць, напэўна, гэта было б і больш выгадна з камерцыйнага пункту гледжання.
«Наш самы лепшы глядач — супрацоўнікі кінастудыі. Для іх “Кінаметры” — жывая гісторыя, маладосць, сяброўства. Многія не бачылі калег дзесяцігоддзямі і змаглі сустрэцца толькі дзякуючы праекту. Ёсць яшчэ адна катэгорыя водгукаў, вельмі каштоўных для нас: калі згадваем чалавека, якога ўжо няма, пра якога забыліся. І яго блізкія тэлефануюць і плачуць: “Дзякуем вам...”
Людзі, якія зрабілі беларускае ваеннае кіно, сыходзяць на вачах. Ведаеце, як было цяжка, калі мы пералічылі стваральнікаў фільма “Сведка” і рэжысёр стужкі Валерый Рыбараў вымавіў: “Я сёння быў у Фелікса ў шпіталі. Ён мне сказаў, што, пэўна, хутка памрэ”. І таленавіты аператар Фелікс Кучар сапраўды памёр. Але засталося яго апошняе інтэрв’ю, і мы ўключылі яго ў перадачу “Іншая рэальнасць. Сведка яшчэ жывога...”», — гаворыць рэдактар «Кінаметраў».
Па стане здароўя не здолеў асабіста расказаць пра свае ўнікальныя стужкі на тэму «Дзяцінства і вайна» Ігар Дабралюбаў. У выпадках, калі немагчыма было сустрэцца з аўтарамі фільмаў, стваральнікам «Кінаметраў» даводзілася будаваць свой аповед на ўспамінах відавочцаў падзей, іншых членаў здымачнай групы, родных і блізкіх кінематаграфістаў. У якасці экспертаў да працы над «Кінаметрамі» актыўна прыцягваліся кіназнаўцы і кінакрытыкі. На дзіва, іх аказалася не так і мала для краіны з параўнальна невялікім узроўнем кінавытворчасці — па розных частках тэлесерыяла можна нават прасачыць некалькі пакаленняў людзей, якія пішуць і даследуюць кіно ў Беларусі.
Пэўнай цяжкасцю для групы «Кінаметраў» было тое, што шмат стваральнікаў беларускіх стужак жывуць цяпер за мяжой, пераважна ў Расіі. «Беларусьфільм» заўсёды запрашаў для працы акцёраў, сцэнарыстаў, нават рэжысёраў з іншых рэспублік СССР. Выезд здымачнай групы за мяжу стаўся магчымым для беларускіх тэлеканалаў толькі ў апошнія гады, і аўтары «Кінаметраў» такой магчымасцю паспяхова скарысталіся. Амаль усе іх запісы (спадзяёмся, поўныя варыянты будуць перададзены ў фонды Музея гісторыі беларускага кіно) уяўляюць вялікі навуковы інтарэс. А праграмы, прысвечаныя фільмам Валянціна Вінаградава «Лісты да жывых» і «Усходні калідор», могуць нават прэтэндаваць на званне сенсацыйных, бо іх аўтары здолелі шчыра паразмаўляць з самім рэжысёрам, які доўгі час не хацеў даваць інтэрв’ю беларускім СМІ. З няўдач: не адбыліся здымкі выканаўцы галоўнай ролі ў стужцы Барыса Сцяпанава «Альпійская балада» вядомага расійскага акцёра Станіслава Любшына, без якога адпаведны выпуск «Кінаметраў» выглядае няпоўным. Ва ўсялякім выпадку, супрацоўнікі «Кінадома» выканалі вялізны аб’ём працы, параўнальны са стварэннем папяровай энцыклапедыі. Дарэчы, было б цікава выдаць матэрыялы «Кінаметраў» асобнай кнігай ці мультымедыйным прадуктам. Спадзяёмся, гэтай магчымасцю яшчэ зацікавіцца хто-небудзь з выдаўцоў.
Аўтары цыкла пакуль не ведаюць, ці будзе нейкая фінальная перадача, — тое залежыць ад магчымасцей і жадання тэлеканала АНТ. Але ўжо сёння можна не сумнявацца, што «Кінаметры» і праз гады будуць глядзець зноў і зноў.
«Ідэя праекта нам вельмі падабаецца. Аказалася, што мы зусім не ведаем айчыннага кіно і з-за гэтага ставімся да сябе непаважліва. Гэта, дарэчы, тычыцца не толькі кінематографа: мы жывем з вечнай аглядкай на Расію, не ведаем свайго кошту. Кінастудыю называем паблажліва: “Партызанфільм”. А на гэтай студыі здымалася выдатнае кіно, цалкам канкурэнтаздольнае. Нават сорамна часам: шмат чаго не глядзелі, не ведаем...», — гаворыць Алена Антанішына. Словы пра беларускае кіно — цалкам дарэчы. Хоць Нацыянальная кінастудыя непасрэдна не прымала ўдзелу ў здымках, больш за ўсіх ад праекта атрымала менавіта яна. «Кінаметры» вельмі добра папрацавалі над станоўчым іміджам нашага кінематографа, паказалі нам гісторыю беларускага кінамастацтва з сучаснага пункту гледжання. Думаецца, што менавіта гэты тэлевізійны цыкл больш за іншыя мае ганаровае права пачынацца з застаўкі: «65-годдзю Вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў прысвячаецца...» "Праз могілкі" Віктара Турава. Уладзімір Мартынаў (Міхась). 1964.
Антон СІДАРЭНКА