У Варшаве іх глядзяць адразу на некалькіх сцэнах тэатра «Камяніца», выгодна асталяванага на алеі Салідарнасці, 93. Рыхтык як радзіў (альбо запавядаў) Эміліяну Каміньскаму легендарны Аляксандр Бардзіні (польскі артыст, рэжысёр, педагог. — рэд.), маўляў, калі ўжо ладзіць тэатр, дык толькі ў цэнтры! Памяркуем, што гіпатэтычная глядачка працуе на Волі, а жыве ў Празе (раёны Варшавы. — рэд.), то калі вернецца дахаты, нафарбуецца і прыгожа апранецца, дык не схоча ехаць на перыферыю. А толькі ў цэнтр!
«Непаўторнае месца на культурнай мапе Варшавы» сустракае старым трамвайным вагонам пры ўваходзе. У вокнах спісанага транспартнага сродку — буйныя планы ўсмешлівых артыстаў на чале са стваральнікам — артыстам і рэжысёрам Эміліянам Каміньскім. Ягонае прозвішча так ладна ўпасавала да назвы, што, калі гледачы збіраюцца пад брамай шматпавярховага жылога дома, яно міжволі прыгадваецца... як адметны рэкламны ход. Публіцы даводзіцца прайсці праз невялікі дворык і спусціцца долу — у такім файным месцы магла б асталявацца крама, кавярня, клуб. Эміліян Каміньскі адкрыў тэатр.
Думка пра яго з’явілася яшчэ за саветамі, ды толькі ў 2000 годзе даспела да рашэння, супраць якога паўсталі... усе. Нават жонка пана Каміньскага. Аднак ён рухаўся так упэўнена, даводзіў так пераканаўча, што ў нейкі цудоўны момант гэтыя «ўсе» мусілі не тое каб не замінаць або адгаворваць, але не жартам узяліся дапамагаць — матэрыяламі, рыштункам, распрацоўкай праекта. Дзякуючы жонцы пана Каміньскага, дызайнерцы Юстыне Сёнчла, набылі дасканаласці тэатральныя інтэр’еры. Тым часам старасвецкі дом, дзе змясціўся тэатр, рыхтаваў новым гаспадарам свае цікавыя неспадзеўкі. Высветлілася, што з 1940 года ён уваходзіў у Варшаўскае гета, а ў 1942-м быў з яго выключаны. Пільнасць падчас рамонту і частковай адбудовы выкрыла рэшткі алтара, на якім калісьці захоўвалася Тора і падвалы рэстарацыі, праз іх у час паўстання Арміі Краёвай выводзілі і ратавалі ўцекачоў: прынамсі на экскурсіі па Варшаве яўрэйскай на гэта абавязкова зважаюць. Тэатр «Камяніца» афіцыйна адкрылі 27 сакавіка 2009 года, у Міжнародны дзень тэатра.
...За скрутным ваенным становішчам пачатку 1980-х малады артыст Каміньскі паскардзіўся ксяндзу на небяспеку, няпэўнасць, разгубленасць. У адказ на роспачнае «што рабіць?» той мовіў: «Трэба проста служыць людзям». Колішняя настава — крэда пана Каміньскага, выбар на ўсё астатняе жыццё. Балазе яно цяпер мірнае і дырэктар «Камяніцы» мае магчымасць дасканаліць яго прафесійна — праз сваё мастацтва. А той ксёндз быў Ежы Папялушка.
«Выбар п’есы, выбар рэпертуару — гэта выбар шляху. Гэта ідэя. Ты выбудоўваеш так сваё жыццё і жыццё тэатра». Здаецца, пасля ўдзелу ў розгаласных спектаклях дзяржаўных тэатраў, пасля шматлікіх вядомых кіна- і тэлероляў Эміліян Каміньскі пра выбар ведае ўсё. Ягоны ўласны адзначаны Польскім Кавалерскім крыжам ордэна Адраджэння, Рыцарскім крыжам ордэна Палонія Рэстытуты, Залатым крыжам за заслугі, срэбным медалём «Заслужаны дзеяч культуры Глорыя Арціс». Пан Каміньскі мае вельмі высокае прызнанне, каб шчыра чыніць справу, якая ўдзячна гарантуе немагчымасць класціся да чатырох раніцы, збіраючы, напрыклад, інклюзіўны дзіцячы фестываль альбо рыхтуючы дабрачынны паказ для гледачоў шаноўнага веку.
Паводле Эміліяна Каміньскага, артыст часцяком нагадвае нецуглянага каня, які мусіць чакаць стайніка-рэжысёра. А рэжысёр аднаго хваліць, другога дражніць, а цугляе трэцяга — гэта значыць, бярэ ў спектакль. Дык вось, артыст Каміньскі пэўны час быў якраз тым самым незацугляным канём. І каб пазбыцца непрыемнага пачуцця незапатрабаванасці, мусіў сам сабе арганізоўваць працу: пісаць п’есы, здабываць грошы, ставіць. Давяраць сабе.
Вядома, тэатр зусім немагчымы без даверу, без інтуіцыі, без адчування часу — творца мусіць адпавядаць яму сваёй эстэтыкай, манерай выканання і выбарам матэрыялу для ўвасаблення. А пан дырэктар настойвае: час — ён пахне. Кожны на свой манер. Адчуць, злавіць пах часу — яшчэ тое майстэрства.