Данііл Філіповіч, прадстаўляючы персанажаў гомельскіх «Фанатак», падхоплівае гэтую традыцыю па-рэжысёрску. Перадусім ён стварае суладны ансамбль з адзіным настроем. Жыццё людзей, што насяляюць сцэнічную прастору, смешнае і нейкае несур’ёзнае, яны слабыя і павярхоўныя. Света Булкіна — нешараговая дзяўчына, якая марыць пра большае, чым тыя, хто побач, і менавіта цудоўная здольнасць уяўляць да фантазіраваць асуджае яе паўтарыць лёс уласнай маці. Дыяна Возчыкава, выканаўца ролі Светы, зачароўвае жывасцю, энергіяй і дасканалай натуральнасцю, а Лізавета Астрахава ў ролі Свецінай мамы выяўляе жанчыну праніклівую і моцную, хоць і не заўсёды справядлівую. Яна не ўнікае спрэчак ды сварак, то-бок збольшага ўпэўненая, што канфлікт пакаленняў непазбежны ў любой сучаснай сям’і.
Фан-клуб Юры Касманаўта (Яраслаў Кубліцкі), эгацэнтрычнай і недалёкай правінцыйнай знакамітасці, складаецца з Веркі, Гаранінай (яна — таксама Вера, таму яе клічуць па прозвішчы) і Светы. Здаецца, усё кола прыхільніц гэтага рок-музыкі — хіба тры дзяўчыны. Эксцэнтрычная і нахабная Верка ў выкананні Ірыны Чарняўскай — камічная лідарка фан-згуртавання, якая з адпаведным спрытам і вынаходлівасцю магла б кіраваць і арганізаванай злачыннай групоўкай. Валерыя Лагута (у пастаноўках рэжысёра Віталя Краўчанкі яна набыла бясспрэчнае прызнанне як сацыяльная гераіня) паспяхова пераўвасабляецца ў вострахарактарны Верчын антыпод (і псіхалагічны, і вонкавы) — заўсёднага «другога нумара», чалавека рэфлексуючага, схільнага нядоўга разважаць ды падпарадкавацца.
Яраслаў Кубліцкі, артыст і фронтмэн гомельскага гурта «Імя Кода», выбудоўвае ролю Касманаўта ў межах свайго неспадзяванага амплуа — упэўнена і выразна, але без відавочных адкрыццяў і пераадоленняў. У пралогу глядзельня рызыкуе ашалець ад знарочыстых, зацягнутых пераапрананняў рок-зоркі, адпаведную атмасферу лёгкага раздражнення падтрымлівае і прыём са шматразовым паўторам адных і тых самых рэплік амаль кожным з персанажаў. Галіна Анчышкіна стварае адметны вобраз прадзюсаркі Ізюмскай, у якой жыве (кватаруе) Касманаўт, разуменнем і трактаваннем ролі змушаючы залу зважыць на мінулае сваёй гераіні (тая яшчэ нядаўна магла б служыць рэдактаркай якогась рэгіянальнага СМІ ці чыноўніцай у савецкай цэнзуры).
Мастачка-пастаноўшчыца Анастасія Мядзелец напаўняе прастору інфантыльнымі рамантычнымі выявамі, але, нягледзячы ні на што, патрапляе падтрымаць псіхалагічны кірунак агульнага вырашэння пастаноўкі (прыкладам, усталёўвае велізарную поўню з фактурай вапнавай сцяны — цягам усяго часу яна асвятляе снегапад; хрушчоўка, якая займае цэнтральнае месца на пляцоўцы, нібы намаляваная дзіцячай рукой, і да таго падобнае). Гэтая сцэнаграфія падкрэслівае вырашэнне асобных сцэн прыёмамі візуальна-фізічнага тэатра; дарэчы, спектакль суправаджала ўдалая перадпрэм’ерная PR-кампанія, вырашаная такімі самымі прыёмамі — з ілюстрацыямі паводле вобразаў персанажаў і нават іранічнымі інтэрпрэтацыямі персоны рэжысёра.
Раскрыць, альбо, лепей сказаць, прачытаць вобразы персанажаў дапамагаюць гарнітуры, выкананыя ў эстэтыцы вытанчанага і відовішчнага еўрапейскага цырка: Касманаўт і ягоныя фанаткі — арлекін і п’ерэты, маці — шпрэхшталмейстарына, Ізюмская (у другой дзеі) — дзіва-наезніца. Такім чынам, свет вакол Светы — цыркавое прадстаўленне. У першым дзеянні заяўлена выява курыцы, якая зрабілася своеасаблівай эмблемай пастаноўкі (згадваецца фламінга з «Гогаль. Fatum» Юры Дзівакова ў Гомельскім абласным драмтэатры): дурныя «курыцы» Верка і Гараніна; Ізюмская, чый сцэнічны строй выдае на карнавальны і робіць з яе гэткую сінюю курыцу шчасця. Значнае месца займае гэты вобраз і ў відэапраекцыі (аператар Яўген Чарняўскі), аднак у другой дзеі ён не атрымлівае развіцця.
«Фанаткі» — драматычны спектакль з выяўленай унутранай музычнасцю (афармленне Данііла Філіповіча), але ў ягонай партытуры амаль не чуваць рок-музыкі, таму пастановачны жанр «рок-камедыя» варта чытаць як «камедыя лёсу» (у тэатры нямецкага рамантызму быў распаўсюджаны жанр «трагедыя лёсу»), дый жанр іранічна-лірычнай камедыі ў дадзеным выпадку не выклікае спрэчак. Кожны персанаж мае сольны нумар: Света — верш Ганны Ахматавай «Сжала руки под тёмной вуалью...» і песню «Пагавары са мной» з рэпертуару Марыі Чайкоўскай, чыё выкананне артыстка ўдала пераймае; Касманаўт — рок-кампазіцыю; Верка з Гаранінай — відэапантаміму; Ізюмская — драматычны маналог. Свеціна мама таксама выконвае адпаведны маналог, цудоўны ў сваёй шчырасці: у ім яна адкрывае таямніцу нараджэння дачкі, упершыню робіцца жывой, быццам расшпільвае свой звыклы фрэнч. Яе словы накладаюцца на мантру кахання і шчасця, у іх сакральна ўплятаецца ўкраінская народная песня «Ой, у вишневому саду...» — так лёсы маці і дачкі знітоўваюцца, так падкрэсліваецца наканаванне гэтых кабет, аднак замест украінскай магла б прагучаць беларуская народная песня з вясельнага цыклу.
Другую дзею распачынае танец-фантазія Светы, якая ў інтымнай сцэне з Касманаўтам прымярае вобраз Майкла Джэксана — існага куміра 1980—1990-х, так што вельмі натуральна побач з ім Свеціна захапленне (закаханасць) безнадзейна цьмянее. У фінале, калі мама падтрымлівае цяжарную Свету з яе рашэннем захаваць дзіця ад Касманаўта, гучыць «Earth Song», запісаная Джэксанам у падтрымку абароны правоў дзяцей.
Студэнт выпускнога курсу рэжысёрскага факультэта РИТИ-ГИТИС Данііл Філіповіч паставіў, мабыць, лепшы ў сваёй асабістай беларускай гісторыі спектакль — цэласны, ёмісты, напоўнены іроніяй і гумарам, дакладны па рэжысёрскім пасланні (сапраўднае жыццё і абарона Светы — у сям’і, а яе сям’я — гэта мама) і адрасата ў абліччы падлеткаў і юнацтва (узроставы цэнз пастаноўкі — 14+