Аднак назваць «Eternal Russia» спектаклем складана: гэта тэатральная інсталяцыя, у якой няма акцёраў, але ў глядацкім полі часам знаходзяцца перформеры-праваднікі. Драматургія дзеяння выбудоўваецца тэкставымі, светлавымі, музычнымі і відэаперформансамі, гледачы перасоўваюцца з пакоя ў пакой — і такім чынам узнікае альбо вынікае канва аповеду.
Спачатку нас запрашаюць да брамы крывавага колеру з неонавым надпісам «Welcome to Eternal Russia» — «Запрашаем у Вечную Расію». Яна вабіць у свет утопіі ці антыўтопіі, сваім цыркавым выглядам абяцае цікавае падарожжа. Мы апынаемся ў чырвоным пакоі з чорна-белай падлогай з серыяла «Твін Пікс». У Дэвіда Лінча гэтае памяшканне — паралельная рэальнасць, дзе жывуць звышнатуральныя персанажы. Марына Давыдава разам з мастачкай Верай Мартынавай ствараюць містычную прастору, якая сімвалізуе памежны стан Расіі, нейкае герметычнае месца, што існуе на парозе пераменаў. Пасярэдзіне — доўгі стол з белым абрусам і парцалянавым посудам, каля яго — пляскатыя фігуры пакаёўкі і дварэцкага, «васковыя» дзеці, на сценах — партрэты дзеячаў XIX стагоддзя. Усё разам нагадвае музейную інсталяцыю, якую, напэўна, можна было б уявіць у Эрмітажы — вось яна, зафіксаваная раскоша імперскай Расіі. Але ў пэўны момант партрэты пачынаюць рытмічна свяціцца, падаюць на падлогу, сервіз і фігуры калоцяцца, оперны спеў ператвараецца ў невыносны лямант (кампазітар — Уладзімір Раннеў). Загараюцца таблічкі «выхад», і нас запрашаюць «пакінуць Вечную Расію і прайсці ва ўтопію».
Гэтых утопій — на некалькі памяшканняў, дзе нам розным чынам распавядаюць пра сацыяльныя спробы штосьці змяніць у расійскім палітычным жыцці: намаганні эсэраў, бальшавікоў, новай і найноўшай улады. Вось мы трапляем у павільён «Працоўны клуб», спраектаваны для выставы ў Парыжы адным з заснавальнікаў канструктывізму Аляксандрам Родчанкам, а пра гэта даведваемся ад чалавека з экрана, які вяшчае ад імя нарадавольцаў. Ён дасканала і дастаткова суб’ектыўна перакажа гісторыю Расіі, паведаміць пра замах на жыццё Аляксандра II, працытуе фразу Оскара Уайльда: «у Расіі магчыма ўсё, акрамя рэформаў» — ды іншыя выказванні накшталт «тут няма свабодных, акрамя філосафаў і жабракоў», «дваране перашкодзілі стварэнню грамадзянскага грамадства». Толькі нарадавольцы і эсэры прынеслі рэвалюцыйны настрой у Расію, за што народ ім не падзякаваў — уладу перахапілі бальшавікі, і ўтварэнне свабоднага грамадства зрабілася немагчымым. Напэўна, адно такога светаўспрымання выстачае ўзяць ды распачаць рэвалюцыю, але ці можна сцвярджаць, што яна абавязкова будзе паспяховай? Увесь гэты лекцыйны аповед — падробка пад дакументальнае сведчанне, у якім прысутнічае пэўны ўтапічны пафас, быццам мы глядзім праграму якогась незалежнага тэлеканала.
Па вяртанні ў прастору чырвонага пакоя «Вечнай Расіі» мы бачым, што фармальна нічога не змянілася: прадметы на сваіх месцах, затое яны трансфармуюцца. Замест дварэцкага ўзнікае нарадаволец, партрэт Аляксандра II ператварыўся ў чорную пустэчу, дзеці — забітыя. Усё застанецца на месцах нават тады, калі замест пустэчы вынікнуць вобразы Леніна, Сталіна, сучаснага прэзідэнта Расіі, а замест ікон — голыя рамы і фотаздымак Станіслаўскага, якога ў час савецкага перыяду ўзвялі ў культ. Ідэя цыклічнасці працэсаў расійскай гісторыі дастаткова просталінейная — гэтаксама як і яе адлюстраванне статыкай мізансцэн чырвонага пакоя «Вечнай Расіі». Пытанне пра тое, наколькі рэдуцыраванне і плакатнасць з’яўляюцца апраўданымі і асэнсаванымі, узнікае і не знікае цягам усяго спектакля.
Адна з утопій — блэк бокс (чорны кабінет) з парэзаным дывановым пакрыццём, якое стварае эфект чарназёму. Стаяць цяжка, даводзіцца сесці: падлога «засмоктвае». Па ёй параскіданыя кавалкі авангардысцкіх плакатаў, фотаздымкі рэпрэсаваных дзеячаў культуры — такія самыя месцяцца і на сценах. Меладычны голас паведамляе пра рэпрэсіі і тое, як змянялася культурная палітыка, — было ўсталявана сацыялістычнае мастацтва: калі б не атмасфера, ідэя данесена дастаткова проста. Узнікае і бянтэжыць пытанне, чаму для пастаноўкі абралі такія агульнавядомыя, растыражаваныя факты (як Кацярына II ліставалася з Вальтэрам) ды цытаты — Уайльда, катаванага Меерхольда альбо Сталіна — той казаў маці, што ён новы цар. Здаецца, гэта школьныя веды для чалавека з постсавецкай прасторы, і варта было б зірнуць на іх з іншага ракурсу. Дастаткова дзіўна выглядаюць і акцэнты на адпаведны тэатральны кантэкст, прыкладам, на асобы Станіслаўскага, Меерхольда, Таірава. Нават калі гаворка закранае марксісцкі «прывід камунізму», яго параўноўваюць з ценем бацькі Гамлета — такая метафарызацыя здаецца недарэчнай. Пры гэтым пэўныя візуальныя вобразы вельмі цікавыя: партрэт Сталіна аб’яднаны з партрэтам Аляксандра II на манер ігральнай карты — у сталінскія часы класікай стаў менавіта імперскі перыяд. Ці мак’юментарны фільм-агітка пра сэксуальную рэвалюцыю ў Расіі пачатку XX стагоддзя (якая ледзь пачалася і адразу скончылася) або рух натурыстаў «Прэч сорам!» — у ягоных здымках удзельнічаў Канстанцін Багамолаў.
«Eternal Russia» разлічаная пераважна на рацыянальнае, а не на пачуццёвае ўспрыманне, спектакль выглядае матэматычна вылічаным і штучна сфабрыкаваным. Па сутнасці ён з’яўляецца радыкальнай праменад-лекцыяй пра гісторыю Расіі. Нават тое, што пераходы паміж пакоямі-ўтопіямі — звычайныя калідоры арт-цэнтра, у якіх можна пабачыць адміністратараў і наведнікаў, адсылае да сацыяльна-палітычнага кантэксту, што ўзнікае тут і цяпер.
У фінале чырвонае памяшканне «Вечнай Расіі» поўніцца выявамі знакамітага мастака-акцыяніста Уладзіслава Мамышава-Манро, які «пераапрануўся» ва Уладзіміра Пуціна. Тамсама фігуры дзяржаўных ахоўнікаў з георгіеўскімі стужкамі, відэарэпартаж з алімпіяды, на якой спяваў расійскі прэзідэнт, і статуі дзяцей у адзенні з надпісамі «Расія». Можна ўспрымаць гэта як постіронію, але менавіта ў гэты момант выхады з утопіі апячатваюць георгіеўскімі стужкамі. Пасыл дастаткова плакатны і выдае на тое, што спектакль разлічаны толькі на замежную аўдыторыю, бо «нашы людзі» — з тых, якія мяркуюць, што «Сталіна не хапае», малаверагодна трапяць на «Eternal Russia».
Цікава, што ў кантэксце разважанняў пра гістарычныя працэсы Марына Давыдава амаль не закранае тэму ўзаемадзеяння расійскай прасторы з іншароднымі, хіба падае колькі візуальных адсылак да яўрэйскай культуры і Рэчы Паспалітай. У яе Расія герметычная, замкнёная толькі на самой сабе — сюррэалістычны пакой «Твін Пікс», з якога няма выйсця. Але ці варта, ці магчыма настолькі абагульняць? Ці трэба на агітку адказваць агіткай? Цырк з’едзе, а клоўны застануцца.
Наста Васілевіч