Можна шчыра падзякаваць арганізатарам гастроляў за гэтае рашэнне, бо такія спектаклі дэманструюць перспектывы выхаду тэатра для дзяцей і падлеткаў за межы казачна-класічнага рэпертуару і ў чарговы раз даводзяць, што сучасная драматургія, мова і праблематыка ў пастаноўках для юных гледачоў не супярэчаць мастацкасці.
«Чырвоная каска», якая паўстала ў выніку Міжнароднага рэжысёрскага конкурсу-лабараторыі «Адчыненыя дзверы», — варыяцыя на тэму сюжэта вядомай казкі, што праз пазнавальныя жыццёвыя сітуацыі і сучаснай (зразумелай) мовай распавядае пра цяжкасці і страхі сталення, калі варожым здаецца не толькі наваколле, але і ўласнае цела, пра непаразуменне паміж роднымі людзьмі, пра тое, як складана быць падлеткам і... дарослым.
Пастаноўка Аляксандра Баркара ўспрымаецца шчырай і натуральнай размовай з гледачом, што не адмяняе гранічнай далікатнасці, калі ўзнікаюць датклівыя тэмы — страты блізкіх альбо суіцыдальныя. Рэжысёр пазбягае пабытовага, літаральнага прачытання п’есы і знаходзіць годную ступень умоўнасці, вобразнасці. Баркар пэўным чынам змяняе арыгінальны тэкст, але не ягоны сэнс. Наадварот, асобныя тэмы гучаць больш выразна, а вобразы герояў паглыбляюцца. Так, чырвоную каску пажарнага (аб гэтай прафесіі марыць адзінаццацігадовая дзяўчынка) у спектаклі замяняе балаклава, ствараючы адкрыта бунтоўны вобраз падлетка, якога не прымаюць аднакласнікі і не разумеюць бацькі, — яе доўга не здымае артыстка Ірына Шынкарэнка. А верш Варвары Забліцкай «Плюшавы воўк», што гучыць у фінале, робіцца яркім акцэнтам, своеасаблівым напамінам, адрасаваным у першую чаргу дарослым: не забывацца на сваё дзяцінства.
Візуальнае рашэнне, прыдуманае рэжысёрам разам з мастачкай Настассяй Трубнікавай, быццам адлюстроўвае ўспрыманне рэчаіснасці галоўнай гераіняй. Цэнтральны вобраз — вялізны стол-памост — робіцца метафарай сямейных сувязяў (сумесныя вячэры), адзіноты (святочны стол, за якім так і не з’яўляюцца госці, запрошаныя на дзень нараджэння дзяўчынкі), сталення (каб вырасці, трэба есці). Таму не дзіўна, што менавіта пад сталом ад усяго свету хаваецца Чырвоная каска і яе ўяўны сябра Воўк (Аляксандр Чорба) — адзіны, каму яна можа цалкам даверыцца. Дарослыя ў вачах дзяўчынкі — ілжывыя, ненатуральныя істоты, яны то персанажы камедыі масак, то клоўны са штучнымі галасамі і пластыкай: сумны белы П’еро — Бацька (Віктар Раду), і актыўны, а месцамі і агрэсіўны чорна-чырвоны Арлекін — Маці (Аксана Бурлай). І толькі Бабулю, якая безумоўна прымае ўнучку, артыстка Валянціна Гульчанка прадстаўляе гэткай рэтра-прыгажуняй у чырвонай сукенцы фасону нью-лук. Кантраснае каларыстычнае рашэнне спектакля, пабудаванае на спалучэнні белага, чорнага і чырвонага колеру агню, неўтаймаванага і дзёрзкага, як падлетак, таксама быццам адлюстроўвае радыкальны погляд дзяўчынкі на свет, падзелены на добрае і дрэннае, сяброў і ворагаў.
«Чырвоная каска» Адэскага ТЮГа, безумоўна, пастаноўка для сямейнага прагляду. Яна дае магчымасць дарослым згадаць сябе ў падлеткавым узросце, задумацца над пачуццямі сваіх сыноў і дачок, а дзецям — пабачыць, якімі нечакана датклівымі могуць быць бацькі. Канцэнтруючыся на гісторыі дзяўчынкі-падлетка, яе перажываннях, праблемах сталення, «Чырвоная каска» перадусім перакідае масткі (па іх можна рушыць насустрач адно аднаму) паміж бацькамі і дзецьмі, адкрывае магчымасці для паразумення. Як мудра адзначыла ў спектаклі Бабуля, менавіта са страху перад тым, чаго мы не разумеем, нараджаецца нелюбоў.
Кацярына Яроміна