Творы рэжысёра Яўгена Карняга «Сёстры Граі» (Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка» з Маладзечна) і «Бетон» (Рэспубліканскі тэатр беларускай драматургіі) журы V Нацыянальнай тэатральнай прэміі назвала лепшымі ў намінацыях «лепшы спектакль тэатра лялек» і «лепшы эксперыментальны спектакль». «Лепшай работай рэжысёра» прызнаны «Пліх і Плюх» (Гомельскі тэатр лялек) Юры Дзівакова, «лепшай работай сцэнографа ў тэатры лялек» — «Новая зямля» Таццяны Нерсісян (Брэсцкі тэатр лялек). «Лепшым спектаклем для дзяцей і юнацтва» выпала зрабіцца «Каляднай гісторыі» (Беларускі дзяржаўны тэатр лялек), «лепшым спектаклем малой формы» —«Метаду» ў пастаноўцы Віталя Краўчанкі (Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр), а «лепшым спектаклем тэатра драмы» — «Рэвізору» (Нацыянальны тэатр імя Янкі Купалы; разам з «лепшай работай рэжысёра тэатра драмы» Мікалая Пінігіна і «лепшай мужчынскай роляй» Віктара Манаева). «Лепшую жаночую ролю» сыграла Юліяна Міхневіч у пастаноўцы «Опіум» («АРТ Карпарэйшн»). Як «лепшы спектакль па творы сучаснага беларускага аўтара» разам з «лепшай работай сцэнографа» Валянцінай Праўдзінай адзначаны «Кропкі на часавай восі» Дзмітрыя Багаслаўскага (Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі з Бабруйска).
Драма сталення
Валянцін Папяляеў
Фаварыт у секцыі «драма» Нацыянальнай тэатральнай прэміі гэты раз быў настолькі відавочны, што памяняць расклад, напэўна, мог толькі які-небудзь грандыёзны скандал, але яго не здарылася. Інтрыгі не было. Гледачам і чальцам журы нічога не заставалася, як пагадзіцца з тым, што «бліскучых здольнікаў цяпер мала, гэта праўда, аднак сярэдні артыст зрабіўся значна вышэйшым». На жаль, у драматычным тэатры сёння, як ні ў якіх іншых, вялікая сіла інэрцыі. Лядашчасць так і ціснецца праз усе шчыліны, і не зусім зразумела чаму. Варта было мастацкаму кіраўніку Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы Мікалаю Пінігіну прапанаваць сякі-такі «канцэпт», як ён безумоўна апынуўся ў лідарах, а «Рэвізор» заслужана адхапіў адразу тры прэміі, але паставіў пытанне рубам: дзе іншыя «канцэпты»?
Прызнаныя аўтарытэты спачываюць на лаўрах. Цярновы вянец пераможцаў, здабыты калісьці, сёння ім відавочна замінае цвяроза зірнуць і на сябе, і на свет божы. У асобных кірунках, напрыклад, цешаць вока вучні мастака Барыса Герлавана, у прыватнасці сцэнографкі Кацярына Шымановіч і Валянціна Праўдзіна. Поспех спектакля «Радзіва “Прудок”» шмат у чым забяспечаны канцэптуальнымі касцюмамі і дасціпнай дэкарацыяй Кацярыны Шымановіч, што так нязмушана спалучыла касмічную тэму і беларускую вёску.
Да жалю, сёння мастакі пэўным чынам апярэджваюць рэжысёраў, якія вялікую форму ўсё яшчэ тлумачаць, зыходзячы, здаецца, з нейкай савецкай стылістычнай ідэалагемы, ці што... Трэба абавязкова нагнаць як мага больш народу (то-бок артыстаў) на сцэну, уразіць публіку будзь-якой дэкарацыяй-трансформерам, якая ў лепшым выпадку проста соўгаецца сюды-туды пад грукат кшталту музычнага. У горшым — так і застыне, перапоўненая велічы. Тэатры ўсё яшчэ разумеюць вялікую форму як датрыманне нейкіх вонкавых прыстойнасцяў, якія маюць на ўвазе вялікія прапорцыі... ва ўсім. Не разумеючы, што сцэну можна не грувасціць нічым, а давесці, паказаць, спраўдзіць можна ўсё. Яны былі паддаліся на некаторы час модзе на мінімалізм, але хутка спалохаліся і вярнуліся да ранейшай грувасткасці. Бо мінімалізм перадусім агаляе рэжысёрскую думку, вылучае яе наяўнасць у пастаноўцы. Сімптаматычна, што пафасныя «Падводнікі» Нацыянальнага тэатра імя Максіма Горкага са сваім падрабязным мастацкім рашэннем прэтэндавалі на прэмію толькі ў адной намінацыі — «лепшая мужчынская роля». Праца артысткі Юліяны Міхневіч здабыла ўзнагароду за лепшую жаночую ролю ў безумоўна мінімалістычным «Опіуме» рэжысёра Аляксандра Марчанкі паводле п’есы Віталя Каралёва.
Прыкрасць года, безумоўна, выпала рэжысёру Саўлюсу Варнасу: у розных секцыях ён прадставіў пяць спектакляў і не атрымаў ніводнай узнагароды. Шкада, што ў лік намінантаў не трапіў адзін з лепшых спектакляў Варнаса, пастаўлены ў Магілёве, — «Смага і голад» паводле Эжэна Ёнэска. Наогул, калі б гэты спектакль прысутнічаў у конкурсе, расклад мог быць іншым, «канцэптаў» там хоць гаць гаці, але экспертам, якія здзяйснялі папярэдні адбор, ён не глянуўся. Гэтак сама дзіўна, што не прычакаў належнага водгуку па-эстэцку скончаны і завершаны «Смех у цемры» паводле Уладзіміра Набокава. Магчыма, адыграў сваю ролю довад, маўляў, монаспектакль не можа і не павінен супернічаць са спектаклямі, дзе задзейнічаны вялікі акцёрскі ансамбль… Сваю логіку гэты довад мае. У дадатак да ўсяго літоўскі рэжысёр пакінуў пост галоўнага рэжысёра Магілёўскага абласнога драматычнага тэатра, зніклі з афішы некаторыя вартыя пастаноўкі, артыст тэатра Іван Трус перайшоў у трупу Купалаўскага. Магілёўскі драматычны тэатр адважна распачынае новы раздзел сваёй гісторыі. Прышчапленне інтэлектуальнай літоўскай рэжысуры Магілёву перапынілася вызначанай паразай інтэлектуальных сіл.
Нечакана актыўна ў конкурсе паўдзельнічаў Гомельскі гарадскі маладзёжны тэатр на чале з энергічнай дырэктаркай Аленай Маставенка. Тэатр, які адносна нядаўна перажыў раскол, задыхаў на поўныя грудзі. Менавіта ягоны «Метад» (рэжысёр Віталь Краўчанка) прызналі лепшым спектаклем драмы малой формы, цікавым падаўся «OEDIPUS» («Эдып» паводле Сафокла), артыст Дзмітрый Попчанка стаў сур’ёзным канкурэнтам для Віктара Манаева. Гомельскі абласны драматычны тэатр выступіў з пастаноўкай рэжысёра Якава Натапава «Ваша сястра і палонніца», галоўную ролю ў якім выканала народная артыстка Беларусі Людміла Корхава. Гэты гістарычны спектакль па п’есе Людмілы Разумоўскай моцны сваім традыцыяналізмам.
Прыкметна кідалася ў вочы адсутнасць у конкурсе сцэнічных твораў Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа. Напэўна, новы мастацкі кіраўнік Міхаіл Краснабаеў выправіць сітуацыю — ягонай першай пастаноўкай у новым статусе стаў класічны «Сымон-музыка». «Конкурс паказаў рэальную сітуацыю ў беларускім тэатры, — мяркуе старшыня журы секцыі драмы Аляксей Дудараў. — Моцны ён ці слабы — у такіх катэгорыях разважаць пра яго не бяруся. Бачу, што наш тэатр знаходзіцца сёння ў авангардзе сучаснага тэатральнага працэсу. Ён чула адгукаецца на ўсе навіны, але не пераходзіць нябачную мяжу добрага густу, захоўваючы наш маральны духоўны пачатак і любоў да чалавека». Доктар мастацтвазнаўства, прафесар Рычард Смольскі зважыў на важную тэму разрыву паміж тэатрамі Мінска і правінцыі — эстэтычнага і тэхнічнага: «Важна, каб нашы рэгіянальныя тэатры не пачуваліся чужымі ў праграме гэтага конкурсу праз тое, што ў вобласці і сталіцы розныя і творчыя, і тэхнічныя тэатральныя магчымасці. Мабыць, нам варта падумаць пра стварэнне асобнай намінацыі для рэгіянальных калектываў».
Нейкія конкурсныя пастаноўкі не прагучалі зусім. Часам тэатры бяруцца за кідкую назву, але выцягнуць «бэстсэлер» на годны ўзровень моцы не стае. А хтосьці крочыць шырокай пракладзенай дарогай, поруч з Чэхавым ці Астроўскім, ды перамагае. Няхай не на конкурсе Нацыянальнай прэміі, не гэты раз, а перадусім у вачах сваёй публікі…
Не варта ўнікаць эксперыментаў
Кацярына Яроміна
Калі параўнаць прадстаўніцтва тэатра лялек на Нацыянальнай тэатральнай прэміі 2018 года з годам 2016, у вочы кідаецца павелічэнне колькасці спектакляў. З дзесяці заяў адбор прайшлі сем пастановак. Фактычна іх было восем, але «Ша-ша з левага чаравіка» Алены Мальчэўскай Гомельскага дзяржаўнага тэатра лялек апынулася ў секцыі спектакляў для дзяцей. Тым не менш гэтым разам у конкурсе ўзялі ўдзел сцэнічныя творы ўсіх дзяржаўных калектываў — за выключэннем віцебскай «Лялькі». У параўнанні з 2016 годам, калі секцыю тэатра лялек склалі чатыры пастаноўкі, дзве з якіх — Магілёўскага абласнога тэатра лялек, прагрэс відавочны. Што ж да якасці спектакляў, дык за яе збольшага чырванець лялечнікам не даводзілася ніколі.
Для беларускага тэатра лялек формула «цэнтр-перыферыя», калі апошняя ўспрымаецца чымсьці другасным, менш якасным, на шчасце, не працуе. Намінанты і размеркаванне ўзнагарод гэта яшчэ раз пацвердзілі. «Прахадных» ці зусім слабых пастановак сярод прэтэндэнтаў на перамогу ў 2018 годзе не было. Кожны спектакль прадэманстраваў тое лепшае, што мае сёння беларускі тэатр лялек: рэжысёры і мастакі з адметным мысленнем і ўласным стылем, прафесійныя артысты, здольныя засвойваць новую мастацкую мову, таленавітыя кампазітары, якія з’яўляюцца паўнавартаснымі суаўтарамі спектакля. І вельмі шкада, што ўнёсак апошніх ніякім чынам не можа быць адзначаны, бо намінацыя «За лепшую работу кампазітара» Палажэннем аб Нацыянальнай тэатральнай прэміі не прадугледжана. Але ж уявіць «Сёстры Граі» без музыкі Мікіты Залатара альбо «Калядную гісторыю» (нават яе жанравае вызначэнне ўтрымлівае слова «песні») без работы Аляксандра Літвіноўскага немагчыма.
Сёлетнія спектаклі-намінатны прадставілі ўсю разнастайнасць мастацкай палітры сучаснага беларускага тэатра лялек. І ў абраных фарматах — ад амаль эпічнага палатна «Новая зямля» да монаспектакля «Сіняя-сіняя», — і ў жанрах — ад «горкай камедыі» «Пансіён “Belvedere”» да «сентыментальнай казкі з песнямі і прывідамі» «Калядная гісторыя», — і ў формах — ад дастаткова традыцыйнага тэкстацэнтрычнага спектакля «Абяцанне на світанку» да лаканічнай візуальнай пастаноўкі «Сёстры Граі».
Важнай адметнасцю секцыі тэатра лялек у 2018-м стала прадстаўленне работ выключна маладых рэжысёраў, новай генерацыі беларускіх пастаноўшчыкаў: Юрыя Дзівакова («Пліх і Плюх», Гомельскі дзяржаўны тэатр лялек), Ігара Казакова («Сіняя-сіняя», Магілёўскі абласны тэатр лялек, і «Калядная гісторыя», Беларускі дзяржаўны тэатр лялек), Яўгена Карняга («Сёстры Граі», Мінскі абласны тэатр лялек «Батлейка»), Аляксандра Янушкевіча («Новая зямля», Брэсцкі тэатр лялек), добра вядомага мінскім гледачам італьянца Матэа Сп’яцы («Пансіён “Belvedere”», Беларускі дзяржаўны тэатр лялек) і рэжысёра з Санкт-Пецярбурга Чакчы Фраснокерса (Дзмітрыя Пятрова) («Абяцанне на світанку», Гродзенскі абласны тэатр лялек).
Натуральна, беларускі тэатр не павінен працаваць толькі з айчыннымі аўтарамі, але можна вітаць тое, што два спектаклі-намінанты ў секцыі тэатра лялек былі створаны паводле нацыянальнай класікі: апавядання Уладзіміра Караткевіча «Сіняя-сіняя» і паэмы Якуба Коласа «Новая зямля». Прычым пастаноўкі Казакова і Янушкевіча — якасныя рэжысёрскія работы — дэманструюць патэнцыял сцэнічнага ўвасаблення твораў беларускіх аўтараў, магчымасць ставіць іх сучасна і цікава не толькі для школьнікаў, якім прагляд часам замяняе ўрок літаратуры. Велізарная роля ў гэтым належыць, безумоўна, сцэнаграфіі Таццяны Нерсісян. Яна стварыла запамінальнае, суадноснае з характарам тэксту і рэжысуры візуальнае рашэнне для абодвух спектакляў. Практычна «цацачны» вобраз чарадзейнай краіны-Беларусі — ці то ўспамін-галюцынацыя Васюкевіча, што памірае ад смагі ў Сахары, ці то вобраз, народжаны ўяўленнем маленькай Джамілі ў пастаноўцы Казакова, і стылёвы, стрыманы, з выкарыстаннем традыцый народнага мастацтва — у «Новай зямлі» Янушкевіча. Менавіта гэтая праца спадарыні Нэрсісян і была адзначана як «Найлепшая работа сцэнографа».
Тэатры лялек ужо не першы год мэтанакіравана разбураюць уяўленне пра сябе як тэатр альбо несур’ёзны, альбо выключна дзіцячы, таму пасоўванне да Нацпрэміі перадусім сваіх «дарослых» пастановак цалкам натуральнае і заканамернае. У 2018 годзе толькі два намінанты былі прызначаны для дзіцячай аўдыторыі, але гэты падзел дастаткова ўмоўны. Да таго ж менавіта «дзіцячыя» спектаклі лялечнікаў апынуліся сярод пераможцаў, прычым не толькі ў сваёй секцыі. «Пліх і Плюх» Юрыя Дзівакова паводле Вільгельма Буша, пастаноўка, на якую смела можна выпраўляцца моладзі і дарослым, была адзначана ў намінацыі «Найлепшая работа рэжысёра». «Калядная гісторыя» Ігара Казакова паводле Чарльза Дзікенса — добры ўзор спектакля для сямейнага прагляду, вельмі густоўная, чароўна-прыгожая (мастачка Таццяна Нерсісян), без спрашчэння тэксту і сэнсу была названа «Найлепшым спектаклем для дзяцей і юнацтва».
І работамі мінулых гадоў, і прадстаўленымі на Нацпрэміі-2018 беларускія лялечнікі асталявалі вельмі высокія стандарты, якім не так проста адпавядаць. На гэтым тле гублялася немудрагелістая пастаноўка Чакчы Фраснокерса «Абяцанне на світанку» паводле аўтабіяграфічнага рамана Рамэна Гары, дзе ўсё вызначала тэма — самаадданая любоў маці, а тон задавала яркая акцёрская індывідуальнасць актрысы Ларысы Мікуліч. Бясспрэчны глядацкі бэстсэлер ад Матэа Сп’яцы «Пансіён “Belvedere”» не прэтэндаваў на спасціжэнне новых мастацкіх вяршынь, але сярод іншых намінантаў, як падаецца, выгодна вылучаўся некалькімі важнымі складнікамі, здольнымі падкупіць нават спрактыкаваную публіку. Адзін з іх — цуд акцёрскага пераўвасаблення, што выкрываецца ў фінале пастаноўкі і ўздзейнічае на глядацкую ўразлівасць ці не больш за сам спектакль. Падобная «магія тэатра» — найдаражэйшая. Другі — работа мастачкі Таццяны Нерсісян, якая стварыла для кожнага з персанажаў унікальныя маскі, і, нарэшце, — зладжаны акцёрскі ансамбль.
Менавіта ансамблевасць, што рабіла складаным вылучэнне лепшай або галоўнай ролі ў спектаклі, характарызавала шмат якія пастаноўкі-намінанты. Акрамя «Пансіёна “Belvedere”» трэба назваць «Новую зямлю», дзе ролі, выкананыя, напрыклад, Іванам Герасевічам ці Андрэем Палянскім, былі не менш яркімі і значнымі для агульнага мастацкага выніку, чым ролі галоўных, вызначаных самім Коласам — Міхала (Раман Пархач) альбо Ганны (Лілія Вярста). Што ж можна казаць пра «Пліха і Плюха» ці «Сясцёр Граі», дзе артысты працуюць як адзіны арганізм і часам немагчыма вылучыць асобных выканаўцаў? «Сясцёр Граі», названых найлепшым спектаклем тэатра лялек, увогуле характарызавала высокая ступень зліцця ўсіх складнікаў. Паспрабуйце аддзяліць работу рэжысёра ад работы мастака, прыбраць музыку ці дапусціць недакладнасць акцёрскага выканання - і пастаноўка разваліцца, знікне.
Цікава, што, нягледзячы на відавочныя адрозненні спектакляў-пераможцаў, у работах Дзівакова і Карняга, напрыклад, можна знайсці пэўныя пункты судакранання: цвёрдасць (мулкасць) пастановачнае структуры, выразная дамінанта візуальнага складніка, некалькі агрэсіўнае ўздзеянне на гледачоў. Абедзве пастаноўкі з’яўляюцца працягам-вынікам папярэдніх пошукаў рэжысёраў: асобныя прыёмы з «Fable» выкарыстаны Дзіваковым у «Пліху і Плюху», а «Сёстры Граі» багата чым нагадваюць «Бетон». Пры ўсёй увазе да самакаштоўнасці формы ў работах Карняга і Дзівакова, яна не маскіруе адсутнасць сэнсу. Рэжысёры звяртаюцца да пэўнае логікі ды справядлівасці чалавечага быцця, не прымаюць жорсткасць, сведчаць, што «праз біццё розуму не прыбудзе». Дарэчы, гэтая схільнасць да работы з важкімі тэмамі ўласцівая ўсім намінантам 2018 года: пошукі сябе і свайго месца ў свеце як чалавека і прадстаўніка пэўнага народа, сэнсу быцця, сцвярджэнне каштоўнасці чалавечых стасункаў. І ў бальшыні выпадкаў раскрыццё гэтых тэм мела аптымістычнае адценне, пакідала надзею.
Адметны вынік Нацыянальнай тэатральнай прэміі, які можа спрацаваць на перспектыву, у тым, што ўзнагароды секцыі тэатра лялек раз’ехаліся па абласных тэатрах — у Брэст, Гомель, Маладзечна. Ужо ўзгадвалася: разважаць пра цэнтр і перыферыю ў дачыненні да тэатраў лялек не выпадае. Але і гомельскаму, і маладзечанскаму калектыву, якія апошнія гады не асабліва прыцягвалі ўвагу тэатральнай грамадскасці, атрыманыя ўзнагароды наўпрост давялі: не варта ўнікаць эксперыментаў — новых імпульсаў развіцця.
Хоцьма-няхоцьма
Жана Лашкевіч
ВЕР НЕ СКАЗУ, А ПАКАЗУ
Шэсць сцэнічных твораў склалі конкурс Нацыянальнай прэміі — 2018 на лепшы спектакль для дзяцей, і там, паводле анатацыі да пастаноўкі з Магілёва, «спляліся сюжэты нашых любімых рускіх казак». Рэй з пераменным поспехам вялі Ямелі й Вані; жорсткія ваяводы і капрызлівыя цары гучна вымагалі шчупаковых цудаў, чароўных ялінак, лятучых караблёў; сам «Лятучы карабель» Беларускага дзяржаўнага музычнага ўяўляў сабою мюзікл Максіма Дунаеўскага, а «На шчупакоў загад» Магілёўскага абласнога і Палескага драматычнага разам са «Старой чароўнай казкай» Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага — навагоднія прадстаўленні рознай ступені дыхтоўнасці і традыцыйнасці. Творы з чароўным шчупаком мелі адрозненне — Лізавета Тарахоўская зрабіла з народных казак п’есу на пачатку мінулага стагоддзя (у 1938 годзе яна стала падставай для фільма) і перадусім скіравала яе на дзіцячую аўдыторыю, а Станіслаў Зельцэр відавочна натхняўся творамі Леаніда Філатава і дбаў пра глядзельню з бацькоў. Магілёўскую казку давёў да сцэны Міхаіл Лашыцкі — і як рэжысёр, і як мастак. Вывеў плойму скамарохаў, прымусіў пераўвасобіцца проста на сцэне, пераапранаючыся ў стракатыя лапікі, датрымаў гэты своеасаблівы выяўленчы стыль нават у афармленні зэдлікаў альбо акардэона, пераніцаваў акцёрскія асаблівасці ў ролевыя адметнасці, спраўдзіў шалёны тэмпарытм — так, што кожны акцёрскі крок відавочна і пераканаўча соваў дзеянне. Праўдзівы казачны атракцыён (паводле жанравага вызначэння) прыемна здзіўляў кожнай павароткай. Натуральна, такое прадстаўленне здабыло сабе месца ў рэпертуарнай афішы. Верагодна, з пінскім спектаклем у пастаноўцы і мастацкім вырашэнні Паўла Марыніча адбылося нешта падобнае, але... хто купляе квіткі ў тэатр на свой бацькоўскі густ? На гэтую акалічнасць дужа зважыў і Канстанцін Міхаленка з Маладзёжнага тэатра, стваральнік «Старой чароўнай казкі»: прытым што частку дзейсных ліній казачнага аповеду ён папросту кінуў недакрэсленымі й незавершанымі, сэнсавы складнік «для дарослых» дагледжаны як вока ў лобе. Перлінка казкі «Ша-ша з левага чаравіка» Алены Мальчэўскай — дзіцячыя мары, якія маюць намер спраўдзіцца ў дарослым жыцці нашай сучасніцы; да перліны праз сцэнічнае ўвасабленне Наталлі Слашчовай, на жаль, гісторыя не даспела, але сваёй пяшчотнай маціцовасцю кранула — залічым сюды і музыку Алены Зуй-Вайцахоўскай, і выяўленчыя шэрагі Вольгі Шчарбінскай. Аднагалосным лідарам намінацыі выявілася «Калядная гісторыя»: рэжысёр Ігар Казакоў вышчыраваў яе з трупай Беларускага дзяржаўнага тэатра лялек і мастачкай Таццянай Нерсісян на падставе класічнай аповесці Чарльза Дзікенса. Да прывідаў каляднага аповеду дадаліся спевы і тэмы кампазітара Аляксандра Літвіноўскага, а таксама заўважныя акцёрскія работы жывым планам, дзе першы сярод роўных — Аляксандр Васько ў ролі Эбэнэзера Скруджа (праца з лялькамі і прадметамі не ў рахубу, яна ў Дзяржаўным лялечным заўжды на вышыні). Маецца і яшчэ адзін «ласы плюсік». Працяглы час наша лялечная рэжысура імкне да відовішча, дзе, так бы мовіць, «усё працятае ўсім»; вырашэнне мастака альбо кампазітара не толькі сціпла ўплывае, але разам з рэжысёрскім вызначае спосаб акцёрскага існавання; музыка, прыкладам, не адно падтрымлівае тэмп і настрой, але характарызуе вобразы ды выгукае манеру акцёрскага выканання (нават віртуозным падборам гэта не вырашыць, таму да ўдзелу і запрашаецца кампазітар), лялькі мяняюцца значэннем з артыстамі, робяцца іх двайнікамі, супернікамі, дзеля чаго пераасэнсоўваецца драматургія, нават класічная — і да таго падобнае. «Калядная гісторыя» названае імкненне падтрымлівае і ператварае ў вектарнае, паскараючы як мага. Дзіця, своечасова прыведзенае на падобны спектакль, падсвядома засвойвае адметную тэатральную меру... З ёю жывецца няпроста, але вынікова — а мо тады й бывай, маскульт традыцыйных навагодніх прадстаўленняў?
ЭФЕКТ ДАТЫЧНАСЦІ ДА ЖЫЦЦЯ
Сем пастановак склалі конкурс Нацыянальнай прэміі — 2018 на лепшы спектакль па творы сучаснага беларускага аўтара, дзе па-за гуртом прыкметных і шараговых персанажаў гэтым разам паўстаў і вельмі значны: важаты-правадыр, які наўпрост звяртаўся да міфалагізаванай глядацкай свядомасці, спавядаў драматургію абраду й апавядаў пра існую драму (трагедыю) — страту крохкай, амаль незаўважнай спадчыны, так званага нацыянальнага фальклору. Хоцьма-няхоцьма фальклор уваходзіць ва ўжытак прафесійнага мастацтва, але чалавек-аркестр Іван Кірчук не жартам замахнуўся сцвердзіць і пакінуць яго ў тэатральным вымярэнні, каб часцей выпадала магчымасць прайсці «Дарожкай маёй...», з усіх бакоў нефарматнай і каштоўна-нефармальнай. Бо «не сумна, калі слоў нявыказаных больш як выказаных».
Досвед Кірчука, вядома, узрушыў, але водгулле ягоных мелодый раптоўна дачулася праз «Радзіва “Прудок”» Андруся Горвата (камерная сцэна Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы) і вытанчаны, наструнены слых Піта Паўлава, слыннага музыкі, кампазітара і выканаўцы гэта пацвердзіў: «Сэмплы сапраўднай беларускай гаворкі, перанесеныя ў стэрыльную, касмічную сітуацыю, нечакана набылі моц заклёнаў. Той беларускі космас, які я ўсё жыццё спрабую знайсці і зафіксаваць, нечакана набыў выгляд бездакорнага, ідэальнага выказвання. ...Я разважаў, ці будзе тая ж моц ад пазнавання пры перакладзе. Не ведаю. Блізкія суседзі, натуральна, пазнаюць тыпажы, украінцы ды палякі нават зразумець, пра што гаворка. Але ж хіба толькі ў нас гэтая рэч будзе выклікаць Катарсіс».
...Я ўслухвалася ў «Скарыну» Мікалая Рудкоўскага і Саўлюса Варнаса, драму-апокрыф Магілёўскага драматычнага тэатра, дзе (су)размоўцы-выканаўцы час-почас апыналіся на тле велізарнай планеты, а яна дзякуючы праектару заступала ўвесь сцэнічны заднік; верагодна, мусіла падкрэсліць сусветную важкасць слоў і персанажаў. Тыя прамаўлялі дастаткова. Нявыказаных слоў, бадай, у іх не засталося. Яны пацвельвалі цікаўнасць, але чамусьці не спрыялі дачуць нейкае адзінае важнае выказванне стваральнікаў спектакля, заміналі дзеянню, якое рухалася штуршкамі, так што не выпала зразумець і тое, дзеля чаго спатрэбілася станавіцца на пуанты (Маргарыце), важдацца з жывым пітонам (на пасвячэнні Скарыны ў масоны) ды вывяргаць полымя са старонак (проста у руках Францішка загаралася адкрытая кніга). З вартасцю, надзённасцю, адметнасцю дакументальнай драмы «Час сэканд-хэнд» паводле Святланы Алексіевіч (Маладзечна, Мінскі абласны драматычны тэатр), трагічнае камедыі «Ляцелі арэлі» Канстанціна Сцешыка (Гомельскі абласны маладзёжны тэатр) і спектакля з нявызнаным жанрам «Опіум» Віталя Каралёва (Цэнтр візуальных і выканальніцкіх мастацтваў «АРТ Карпарэйшн») — як падзей культурных і сацыяльных — спрачацца не выпадала. Аднак хацелася б сцвердзіць каштоўнасць (а месцамі і ўцямнасць) мастацкага выказвання кожнага са стваральнікаў гэтых пастановак, дзе артысты несупынна апавядалі пра персанажаў — з любой нагоды і самымі рознымі словамі. Абжыванне прасторы і абыходжанне са сцэнічным начыннем у першай выгукала згадку пра Купалавых «Тутэйшых», дзе класік з усёй магчымай іроніяй падаваў меркаванне аб прамовах і прамоўцах. У другой чорнае адзенне сцэны паглынала персанажаў у чорным, а трапна знойдзены прыём (вызначэнне ўласных імёнаў, аб’ектаў і часткі фізічных дзеянняў маляваннем — прыкладам, цыгарэтай з дымам) заставаўся фармальным. У трэцяй такая шматсэнсавая і магутная матэрыя, як натуральная зямля (чым не персанаж?), ужытая абсалютна да месца, аніяк не патрапляла набыць метафарычнае гучанне. Тачыла навязлівая думка, што мастакам-сцэнографам, у нашым выпадку Андрэю Жыгуру і Юрыю Саламонаву, на перамовах з рэжысёрамі забракавала нейкіх чароўных слоў і выразаў...
Пераможцу ў намінацыі — гісторыю ў фотаздымках «Кропкі на часавой восі» Дзмітрыя Багаслаўскага — вылучыла супольная (ансамблевая!) і вельмі дыхтоўная праца мастачкі Валянціны Праўдзінай, харэографа Валерыя Султанава, рэжысёркі Таццяны Траяновіч, а таксама шэраг вобразаў, дзеля якіх на сцэне сышліся артысты ўсіх наяўных пакаленняў Магілёўскага абласнога тэатра драмы і камедыі ў Бабруйску. Невялічкія, далікатна распрацаваныя і ўвасобленыя сюжэты пра людзей на зломе (канфлікце, вайне, катастрофе) склаліся ў «аповесць пра сапраўднага чалавека» па-за краінай, нацыянальнасцю, веравызнаннем, у «чароўны імгненны эфект датычнасці да жыцця...» (Працытаваны выказванні рэжысёраў-сучаснікаў Канстанціна Райкіна, Пятра Фаменкі, Льва Эрэнбурга.)
Элегантнае рашэнне
Таццяна Мушынская
У той час, калі становяцца вядомыя фіналісты прэміі, а гэта апошнія некалькі месяцаў кожнага цотнага года, у тэатральным асяроддзі заўжды віруюць эмоцыі, дыскусіі, жарсці. Хто ў выніку зробіцца пераможцам, каго будуць ганараваць ва ўрачыстай абстаноўцы? Яшчэ ў большай ступені грамадскасць хвалюе пытанне: наколькі афіцыйнае лаўрэацтва адпавядае сапраўднай мастацкай каштоўнасці спектакля, значнасці сыгранай ролі, увогуле ацэнкам, якія кожны крытык (інтэлектуал, тэатрал), вольна ці міжволі, выстаўляе калектыву і пэўным артыстам, калі закрываецца заслона?
Не буду закранаць усе раздзелы прэміі, скажу толькі пра музычны складнік. Паколькі даводзілася пісаць пра творчыя вынікі ўсіх мінулых Нацыянальных прэмій і двойчы з’яўляцца сябрам журы, з некаторым здзіўленнем канстатую: менавіта апошнім разам не ўзнікла пачуцця нязгоды ці пярэчанняў рашэнню журы ў музычным раздзеле. Гэта радуе і нават усцешвае. (Нагадаю: старшынёй журы ў 2018 годзе была мастацтвазнаўца Антаніна Карпілава, сталая аўтарка часопіса «Мастацтва»). Меркаванне наконт выніковай элегантнасці і дакладнасці не толькі маё. Яно, можна лічыць, калектыўнае. Тым больш сітуацыя, у якую журы трапіла не па сваёй волі, выглядала не надта простай.
Што выклікае нязгоду, а мо і пратэст падчас арганізацыі прэміі? Праўда, пра тыя праблемы пісаць крыху надакучыла, бо многія рэчы не мяняюцца, нявырашаныя пытанні нязмушана «пераскокваць» з аднаго фэсту ў другі.
Здаецца спрэчным і зусім неправамерным, што, паводле палажэння аб прэміі, спектаклі вылучаюць самі тэатры. Разумею, для многіх нашых калектываў крытыкі, якія маглі гэта рабіць больш аб’ектыўна, не з’яўляюцца вышэйшым аўтарытэтам. Яны патрэбныя, каб, так бы мовіць, «абслугоўваць», пацвердзіць: усё ок, спектакль атрымаўся, дзяржава дала грошы недарэмна! Без ухвальных рэцэнзій хоць якую прэмію атрымаць цяжкавата.
Аднак вялікая колькасць крытычных і нават разгромных рэцэнзій не перашкодзіла Опернаму вылучыць на Нацыянальную прэмію (у ліку лепшых) балет «Ор і Ора». Спектакляў падобнага ўзроўню, якія дыскрэдытуюць харэаграфічнае мастацтва, на маю думку, не павінна быць ні ў лонг-, ні ў шорт-лісце прэміі.
Далей. Не ўпэўненая, што ў адборачных камісіях і ў журы павінна быць такая колькасць прадстаўнікоў тэатраў, чые спектаклі ці артысты намінаваныя. Вольна ці міжволі, але паважаныя асобы лабіруюць уласную прадукцыю. Іначай для чаго яны там? І тады атрымліваецца, што Нацыянальная прэмія ператвараецца ў ціхую або відавочную барацьбу за грашовыя прызы. Ну, і ў дадатак за колькі хвілін апладысментаў і славы.
А ў фінале ўсё-такі акцэнтую пазітыўнае. Што ўзрадавала ў спісе намінантаў і пераможцаў? Тое, што на ўсе згаданыя прэм’еры часопіс адгукаўся рэцэнзіямі ці артыкуламі. Ніводная важная падзея не прайшла незаўважанай.
«Багема», пастаўленая Аляксандрам Цітэлем, — сапраўды лепшы оперны спектакль апошніх сезонаў. Рэжысёр — майстар, супрацоўніцтва з якім было вельмі карысным для салістаў і артыстаў хору. Цітэля дагэтуль згадваюць у калектыве з цеплынёй і ўдзячнасцю. Наўрад ці хто з нашых пастаноўшчыкаў мае звычку так дэталёва, глыбока і падрабязна працаваць з вакалістамі. Хадзіць з імі ў музеі, паглыбляцца ў вобразы жывапісных твораў. Шукаць нябачныя, але ў выніку відавочныя сувязі італьянскай оперы з беларускім выяўленчым мастацтвам пачатку ХХ стагоддзя. Спектакль атрымаўся маладзёжны па духу, наватарскі і адначасова вельмі актуальны, які сваімі ідэямі і вобразамі рэзануе з атмасферай сучаснага грамадства.
«Вішнёвы сад», пастаўлены Сяргеем Мікелем у Музычным тэатры, перамог у двух намінацыях — «лепшы спектакль балета» і «лепшая праца пастаноўшчыка (балетмайстра) у музычным спектаклі». Падтрымліваю, годная праца. Асабліва як для дыпломнай (тут патрэбны смайлік). Адначасова ў такой перамозе ёсць элемент пэўнага авансу, але і сведчання: апошнія два гады былі для айчыннага харэаграфічнага мастацтва небагатыя на маштабныя пастаноўкі. Журы выбірала з трох варыянтаў — балетаў «Любоў і смерць», пастаўленага Вольгай Костэль, згаданага спектакля «Ор і Ора» (опус Аляксандры Ціхаміравай) і нарэшце «Вішнёвага саду».
Аляксандра Касцючэнку ганаравалі за «Тоску» — як лепшага сцэнографа ў музычным спектаклі. Ды адначасова такім чынам ацанілі яго шматлікія і эфектныя папярэднія працы на опернай сцэне.
Вельмі ўзрадавала прысутнасць сярод намінантаў тэатра «Тэрыторыя мюзікла». Сярод дзвюх пастановак — «Легенда пра Ціля» і «Недалёка да нормы» — журы заслужана аддала перавагу апошняму. Абнадзейвае і ўдзел у конкурсе недзяржаўнай трупы, і сама перамога ліцэнзійнага амерыканскага мюзікла. У тым адчуваюцца свежыя павевы і прагрэсіўнасць падыходу. «Не чакаў!» — так акрэсліў у «Фэйсбуку» ўласныя эмоцыі Дзмітрый Якубовіч, вядомы саліст і адзін з кіраўнікоў трупы.
Перамога Ірыны Яромкінай, адзначанай за ролю Байджан у балеце «Любоў і смерць», і Уладзіміра Громава за партыю Марсэля ў цітэлеўскай «Багеме» ад самага пачатку не выклікалі пярэчанняў. Яны вядомыя і вядучыя салісты, таму Нацыянальная тэатральная прэмія толькі пацвердзіла іх грамадскі статус і высокае выканаўчае майстэрства.