Дадамо надзвычайнае меладычнае атачэнне, чароўную драматургію музычных інструментаў, абрадавых рэчаў, масак... Мецьмем адукацыйны экскурс? Эмацыйную лекцыю-наставу? Тэатралізаваную цырымонію заахвочвання не адно да вывучэння, але да адчування старасветчыны, паразумення з ёю (праз гармонію спеўнага слова і гуку)? Музыка, кампазітар, фалькларыст, нарэшце, артыст Іван Кірчук — што стварае ён на драматычнай сцэне?
Уласна, прадмет аповеду Кірчука — так званы сэнс нашага існавання, ахутаны старажытнымі стыхіямі (агонь — вада — зямля — неба) і ўпарадкаваны паравінамі года (каляндар абрадаў); да апошніх традыцыйна прыпадобнены жыццёвыя цыклы чалавека. «Колькі зярнятак у вашых руках, колькі каласкоў на вашым полі?» — перапытвае выканаўца падчас свайго ўмоўнага, рытарычнага інтэрактыву, змушаючы пагадзіцца і зацвердзіць, што «зярнятка — чалавек, колас — сям’я, поле — род».
Здаецца, «Дарожка мая…» высцілаецца нязмушана, порстка, адным лёгкім подыхам, а стваральнікі ані не пераймаліся адсутнасцю абавязковага экшну. Спектакль свядома пабудаваны, нават расцягнуты па гарызанталі сцэны (маецца на ўвазе сцэна, чыё люстра не большае за дзевяць метраў). Перадусім адмысловымі паліцамі-падстаўкамі пад музычныя інструменты і прадметы, — такім чынам, нярушную гарызанталь, хутчэй за ўсё, падказала-абумовіла тэхнічная неабходнасць. Пэўны пралік сцэнічнага афармлення ў тым, што, прыкрытае альбо прыхаванае да часу і побытава, гукавое і абрадавае начынне сілкуе вобраз пастаноўкі толькі тады, калі апынаецца ў спрактыкаваных руках апавядальніка; мастак-пастаноўшчык ніяк не зважыў на таямніцу іх узнікнення ў чорным кабінеце (той, у сваю чаргу, ужыты адмыслова і дарэчна).
Дзеянні выканаўцы вымагаюць адпаведнага ўбрання (стылізаванага строю, упрыгожанняў) ды атачэння. Убор каштоўнай ручной працы са скуранымі лапікамі слугуе гаспадару-артысту цягам усяго спектакля, а вось адмысловыя галаўныя ўборы, чучала Купалкі, нерат (сеціва)
і яшчэ шмат што ўжываецца або дэманструецца ды знаходзіць новае месца, з мастацкага пункту гледжання — выпадковае. Адны прадметы прымае ручнік, засцелены на авансцэне, традыцыйны знак чалавечага шляху ад пачатку да канца. Пад гнётам размаітых прадметавых сэнсаў ручнік губляе сваю абрадавую значнасць (або яна адмяняецца). Каштоўныя шапачкі, упрыгожаныя бурштынам, шклянымі перламі, аплікацыяй, трапляюць на сцэнічны палавік, а з гледзішча залы — на падлогу, тым часам чорны кабінет падкрэслівае і ўзбуйняе кожную дробязь. Натуральна, важданне з пошукам месцаў запаволіць, а то й зломіць тэмпарытм, але хто б, як не рэжысёр, мусіў павызначаць-асталяваць іх яшчэ падчас рэпетыцый?
У час дзеяння за спінай артыста прастору арганізуе шыдэлкавая сурвэтка-сонца, простыя, зрэбныя ніты-промні поўні ды колькі маляўнічых драўляных інструментаў. Кірчук з’яўляецца з празрыстага слупа падвесак (партал гісторыі?) і да фіналу ўяўляе сабой адметную вертыкаль: асобай і паставай вымярае выяўлены космас, гарманізуе сцэнічную прастору гукам і словам (калыханкай, замовамі, згадкамі), зачароўвае самавітасцю і дакладнымі паточыстымі рухамі. Не бярэ, а неяк падбірае, падцягвае да рук гудзёлкі, свісцёлкі, акарыны і процьму іншай спеўнай драбязы (вох, як жа праймаюць глядацкую ўразлівасць бомы, каменьчыкі або казіныя капыты!), не адно, дарэчы, тутэйшай альбо нацыянальнай. Беларускі космас незаўважна прымае-стравуе і еўрапейскае, і азіяцкае, і афрыканскае з амерыканскім...
Дзякуючы самому Івану Кірчуку «Дарожка мая…» адбіваецца ў эмацыйнай памяці як калыханне магутнай ззяючай хвалі-мінуўшчыны ці ўспрымаецца рэдкім шацункам — гнуткай, неслухмянай, бліскучай рыбінай-пажывай (для роздуму) ва ўяўным нераце (глядацкай увагі) — жывой спадчынай...