Іншы погляд прапануюць у спектаклі «Пансіён “Бельведэр”», цягам гадзіны з лішкам пераконваючы гледачоў: хоць жыццё ў шаноўным веку лепшым не становіцца, але ж і не спыняецца! Пастаноўшчык Матэа Сп’яцы і артысты звяртаюцца да важнай, мала прадстаўленай на беларускай сцэне тэмы старэння, жыцця ў сітуацыі вымкнутасці з грамадства, абмежаванасці ў кантактах і магчымасцях. Пакой у пансіёне (сцэнаграфія Таццяны Нерсісян), уласна, і ўяўляе з сябе гэтую «прастору старасці», куды змешчаны персанажы спектакля. Сур’ёзам праблематыкі ў Тэатры лялек нікога не здзівіць, тут што ні прэм’ера — дык філасофскі роздум на зададзеную тэму. Каштоўнасць работы Матэа Сп’яцы палягае ў тым, што на сцэне адлюстраваныя складанасць і шматмернасць жыцця, рэжысёр не цураецца ягоных непрывабных бакоў, не расфарбоўвае старэчы побыт і захоўвае аптымістычны настрой. Нават далікатны, у выглядзе тэлефонных званкоў, напамін пра тое, што кожны дзень можа зрабіцца апошнім, нават прысутнасць смерці не прыцішвае жыццесцвярджальнае гучанне пастаноўкі.
Зварот да імправізацыі і шчыльнае рэжысёрава супрацоўніцтва з артыстамі, паўнапраўнымі суаўтарамі спектакля, далі вынік, падобны да плёну «Viva Commedia!» Матэа Сп’яцы ў Нацыянальным тэатры імя Максіма Горкага: пазнавальныя беларускія (як і не такія аддаленыя савецкія) рэаліі спалучыліся з выразнай, адчувальнай італьянскай жыццярадаснасцю. Калі б за тэму такога кшталту ўзяўся хтосьці з айчынных мэтраў, чорнага колеру адразу паболела. «Італьянскі дух» выяўляецца і праз манеру выканання, і праз выкарыстанне масак. Прысутнічае ён і ў аўдыясферы (стварае атмасферу і настрой), якая адыгрывае найважнейшую ролю хоць бы таму, што тэксту ў персанажаў няма. Гукавы шэраг будуецца пераважна на эстраднай музыцы Італіі другой паловы мінулага стагоддзя (такую пансіянеры маглі слухаць у маладосці), дзе трэба — з лірычным акцэнтам «Рускага вальса» Дзмітрыя Шастаковіча альбо нахабным урываннем песні Ірыны Алегравай ці дзёрзкага хіта «Pass Тhis Оn».
Вобразы пансіянераў і медперсаналу відавочна выцягнутыя з беларускай рэчаіснасці: падобных бабулек і дзядуль, іхнія мадэлі паводзін можна напаткаць штодзённа. Выразныя і пазнавальныя вобразы былога чэмпіёна (Цімур Муратаў), дзядулькі-інтэлігента (Ілля Соцікаў), дамы ў футры (Валерый Зяленскі), бабулькі ў інвалідным вазку (Дзмітрый Чуйкоў). Знаёмыя і сітуацыі, якімі напоўнены звычайны дзень перабывальнікаў пансіёна: медыцынскія прызначэнні, калектыўны прагляд тэлевізара (на экране, вядома, «Санта-Барбара»), «святкаванне» Дня народзінаў для справаздачы... Здаецца, руціннае і нярадаснае жыццё. Але пастаноўшчык і выканаўцы расквечваюць яго камічнымі, простымі дэталямі. Праўда, некаторыя павароткі занадта патыхаюць пляцавым тэатрам: напрыклад, аналізы, якія доктарка памылкова выпівае. Адсылкі да камедыі дэль артэ можна адчуць у спектаклі не толькі праз гумар. Нягледзячы на ўсю тутэйшасць-беларускасць, і насельнікі пансіёна, і доктарка-бландзінка (Любоў Галушка), і фітнэс-трэнерка (Іна Ганчар) — сапраўдныя тыпажы, яны фізічна фіксуюцца акцёрскай пластыкай і маскамі, што выяўляюць пэўныя рысы характару (нездарма ў рабоце над імі Таццяна Нерсісян і Матэа Сп’яцы звярталіся да прац па фізіягноміцы) і адначасова дэманструюць шматаблічнасць старасці.
Асобныя эпізоды закранаюць асабістыя гісторыі, дазваляюць даведацца-дадумаць: мажная буянка ў футры, аматарка моцных напояў, была далікатнай прыгажуняй, шчаслівай у шлюбе, а цяпер ад яе казачнага жыцця засталося хіба што футра ды ўспаміны пра каханне. Бабулька ў вазку прысвяціла сваё жыццё ці то сыну, ці то ўнуку, які з’яўляецца ў пансіёне, каб атрымаць яе подпіс у паперах — і толькі. Пазнавальныя гісторыі даюць магчымасць разгледзець у персанажах-масках жывых людзей — яны выклікаюць спачуванне, набліжаюць іх да глядзельні і надаюць камедыі таго самага гаркавага смаку...
Гульня кантрастаў, пераходы ад камізму да афарбаванай сумам лірыкі, ад гратэску да ледзь улоўнага псіхалагізму, смешныя і кранальныя сітуацыі натуральным чынам складаюцца ў асноўны пасыл спектакля: у жыцці заўсёды ёсць месца шчасцю і радасці, незалежна ад чалавечага веку, бо яны — у стасунках і пачуццях. Жыхары пансіёна, здаецца, адзінокія і пакінутыя, знаходзяць падтрымку адно ў аднаго. Яны не забываюцца на віншаванні і падарунак для дзядка-інтэлігента, бабулькай у вазку апякуецца рамантычны стары, а доктарка нечакана выяўляе пяшчотныя пачуцці да былога чэмпіёна. Жыццё працягваецца, і сутыкненне жыхароў пансіёна «Бельведэр» са смерцю толькі дапамагае гэта асэнсаваць. Першапачатковы шок змяняецца рашучасцю жыць, прычым днём сённяшнім, а не мінулым. І пасля пад маленькім сонейкам дыска-шара, якое запальвае каханне, ужо нікога не палохае тэлефонны званок-напамін пра непазбежнае, а сцэна напаўняецца радасцю і шчасцем. У гэтым, бадай, галоўная ўдача пастаноўкі. Яна атрымалася надзіва гуманнай і ў стаўленні да персанажаў, і ў дачыненнях з гледачамі. Толькі гуманнасць гэтая не ў добрым фінале спектакля, а ў перакананні: кожнаму па сілах хоць бы паспрабаваць увасобіць падобны фінал у жыццё.
Кацярына Яроміна