Тым больш цікава, што п’еса Анджэя Сарамановіча з’явілася раней за спектаклі масквічоў, а яе падабенства, напрыклад, з «Размовамі мужчын сярэдняга ўзросту пра жанчын, кіно і алюмініевыя відэльцы» такое ж выпадковае, як і відавочнае, адно хіба месца відэльцаў займае лыжка. Аднак тэма ў любым выпадку невычэрпная: будзе і мужчынская размова, і смешна таксама будзе. Куды менш «бескампраміснага погляду» і «разбурэння стэрэатыпаў», абяцаных афішай, бо гаворка ў п’есе вядзецца цалкам стэрэатыпная. Імкнучыся сказаць «аб усіх людзях адразу», аўтар зводзіць самых розных мужчын і жанчын да найменшага агульнага кратнага, так што юрысты, навукоўцы і музыкі аднолькава захопленыя «тачкамі» і футболам.
П’еса польскага драматурга (ад ягонага тэксту рэжысёрка Валянціна Еранькова адступае толькі ў выпадку крайняй неабходнасці) куды больш традыцыйная па форме, чым тэатральныя работы таго самага «Квартэта І». Уласна «размове» там аддадзена добра калі палова часу, рэй вядуць прыёмы камедыі становішчаў — тыя, што за трыста гадоў існавання не змяніліся і ў спектаклі лішнія. Спачатку здаецца, пра завязку хутка можна будзе забыцца, пагрузіўшыся ў гутарку «за жыццё», але ж усім кіруе сюжэт і раз за разам ягоныя павароткі перабіваюць размову. Спектакль скончыцца не тады, калі мужчыны нагаворацца, а тады, калі развяжуцца ўсе вузельчыкі «мексіканскага серыяла».
Вобразнасць п’есы Сарамановіча вельмі выпнутая, «каб было бачна з апошняга шэрагу», нават калі захочаш — не прапусціш. У нешта жывое, нюансаванае яе ператвараюць выканаўцы, якія надзвычай арганічна трымаюцца на сцэне і надаюць натуральнасці тэксту — часцяком штучнаму, з позай ды фігурай. Асабліва заўважныя Сяргей Юрэвіч і Павел Еўтушэнка, але і ў цэлым нестандартны (на фоне іншых пастановак «Тэстастэрону») падбор акцёраў робіць сцэнічныя вобразы глыбейшымі. Дадамо, што глыбіня патрэбная, а Сарамановіч яе далёка не заўсёды забяспечвае.
Цэнтральная тэма — перфарматыўнасць традыцыйнай маскуліннасці, яе разнастайныя формы і тое, як розныя людзі могуць або не могуць у іх змясціцца. «Шчырая размова», якая адбываецца ў спектаклі, бярэцца агаліць фальшывасць гэтых ідэалаў, але спыняецца на паўслове. Аўтар выбарачна высмейвае асобныя рысы «мачызму», лёгка абвяшчаючы тыя, што яму не падабаюцца, напускнымі, затое ўсе астатнія — натуральнымі, ды падмацоўвае сваю пазіцыю цытатамі з папулярнай кніжкі па заалогіі. Але гендарны стэрэатып — не шведскі стол, з якога можна браць усё, што падабаецца, а на астатняе не зважаць. Кожны раз, калі героі гавораць пра жанчын, яны абмяркоўваюць іх у кантэксце знешнасці (індывідуальнай) і ўласцівасцей характару (нібыта агульных для ўсіх жанчын). Гэтыя ж уласцівасці дэманструюць і музычныя нумары, вершы для якіх узялі са зборніка Алега Усціновіча (бас-гітарыст колішняга гурта «Лявоны»). У вершах лірычны герой мужчынскага полу таксама мае змест, а лірычная гераіня — толькі форму, абалонку. Праўда, не самы трапны і ўдалы падбор вершаў зразумелы: усе яны — з адной крыніцы, досыць абмежаванай па аб’ёме.
Валянціна Еранькова сцвярджае, што «ставіць спектакль пра каханне». Гэта безумоўна так, аднак у п’есе Сарамановіча мужчына, і закаханы, і не закаханы, часцей за ўсё паводзіць сябе як пакупнік у мясной краме: размова аб працяглым сэксуальным устрыманні прыпадабняецца гутарцы пра вегетарыянства. Камедыя дазваляе паказаць персанажаў недарэчнымі і бязглуздымі (як старамодныя гендарныя стэрэатыпы, якія яны выказваюць і абараняюць), але аўтары дапускаюць толькі адзін від смеху — лагодны, і тым самым як бы кажуць гледачу: усё гэта нармальна, у матывах персанажаў ды і наогул у тым, як уладкаваны свет, няма нічога дрэннага. Маўляў, што тут зробіш — тэстастэрон. Прырода.
Такая выснова была б скандальнаю для еўрапейскай сцэны, але лёгкі флёр скандальнасці «Тэстастэрон» набывае і ў Мінску, зразумела, з іншых прычын. У антракце амаль два тузіны гледачоў пакідаюць залу — верагодна, яны спадзяваліся ці то на лягчэйшую камедыю, ці то на шчырэйшую размову. Для тэатральнага Мінска ўсё яшчэ нязвыкла са сцэны акадэмічнага тэатра дачуваць «недзіцячыя» словы або пільнаваць артыстаў, якія збіраюцца скінуць штаны. Але нават самаму кансерватыўнаму гледачу на праглядзе «Тэстастэрона» няма чаго палохацца: сапраўднай бескампраміснай размовы не атрымліваецца. Драматург і ўслед за ім і рэжысёрка надта баяцца пакінуць сваіх персанажаў «без штаноў».
Аляксей ЗАМСКІ