Ці не зашмат будзе павучанняў? Ці не замнога зданяў і прывідаў? Як вырашыцца для малых тэма сыходу ў іншы свет? А вядомых і адназначна ўспрынятых дзіцячай аўдыторыяй чароўных персанажаў дык і зусім нямашака...
Аўтар інсцэніроўкі і рэжысёр-пастаноўшчык спектакля Ігар Казакоў выявіў вялікую павагу і давер да самай маленькай аўдыторыі, не пазбавіўшы класічны тэкст філасофскай глыбіні разважанняў і павучанняў, прадставіўшы яго вельмі ёміста, змясціўшы ў гадзіну часу ўсе асноўныя павароткі хрэстаматыйнага сюжэту. Цікавай і слушнай уяўляецца сентыментальная, без лішку містыкі трактоўка Калядных духаў (Уладзімір Грамовіч, Любоў Галушка) — яны не ў стане напалохаць глядзельню (і тым адцягнуць ад галоўных думак гісторыі), затое здольныя данесці да маленькіх гледачоў ключавыя «мэсэджы» твора — пра раскаянне, бескарыслівасць, літасць, дараванне... Ну а роўнавялікі ўдзел у дзеянні лялек і акцёраў — гэта ўжо хутчэй традыцыя, чым ноў-хаў. Зрэшты, ход з «дрэнным» Эбенэзерам Скруджам-лялькай і Скруджам, які вяртаецца да жыцця падчас сваіх выратавальных метамарфозаў (Аляксандр Васько), здаецца самым лагічным.
Мастачка-пастаноўшчыца Таццяна Нерсісян узнавіла напраўду чароўны, але разам з тым трывожны (як і вымагае фабула) флёр каляднай ночы. Гуляе мноства адценняў сіняга святла і колеру, павольна слізгаюць шматлікія праекцыі па нябачных тканінах — разам яны ўтвараюць літаральнае адчуванне палёту і заглыблення ў сон. Абуджае цікавасць кантраст вялікіх, у чалавечы рост, лялек з «вышэйшага грамадства» (Скрудж і ягоныя сваякі) і «маленькіх людзей» са свету Боба Крэтчыта (Дзмітрый Рачкоўскі). «Маленькія», тым не менш, вылучаюцца мякчэйшымі, глыбокімі, адухоўленымі абліччамі. Невялічкім у сваіх успамінах прадстаўлены і яшчэ не счарсцвелы Скрудж. Зусім драбнюткімі — шматлікія дэталі і ўжытковыя рэчы ягонага «Дома ўспамінаў». Крохкі, пяшчотны, утульны маленькі свет, дзе знаходзіцца месца для сапраўдных чалавечых каштоўнасцей на тле велізарнай вузкай скрыні — хаты/канторы (ці то куфра, ці то труны), у якім добраахвотна схаваў сябе бессардэчны скнара.
За адметны калядны гумор і выразнасць мяжы паміж казкай і містычнай драмай (гаворка ўсё ж пра светлае свята, у зале — малыя, павучаць іх трэба гуляючы) адказваюць усмешлівыя, натхнёныя гараджане (Любоў Галушка, Іна Ганчар, Ілля Соцікаў, Святлана Цімохіна, Дзмітрый Рачкоўскі, Дзмітрый Чуйкоў), якія злучаюць асноўныя эпізоды эцюдамі і арыгінальнымі песнямі кампазітара Аляксандра Літвіноўскага на вершы Рыгора Гольдмана.
Безумоўна, «Калядная гісторыя» выйшла далёка за межы так званай навагодняй пастаноўкі — да шматграннай, шматскладовай, адважнай працы. Яна далікатна, але ўпэўнена даводзіць, што мастацтва не толькі забаўляе. Павучальная, стылёвая, дастаткова казачная сентыментальная вандроўка, падфарбаваная самымі рознымі адценнямі сіняга, можа зрабіцца для маленькіх гледачоў вялікім крокам у свет духоўных каштоўнасцей.
Ганна ХАРОШКА