За амаль дваццацігадовую гісторыю існавання фестываль пазнаёміў гледачоў з лепшымі праграмамі Санкт-Пецярбургскага акадэмічнага тэатра оперы і балета імя Мусаргскага, Дзяржаўнага акадэмічнага ансамбля песні і танца «Данскія казакі» імя Квасава (Растоў-на-Доне, Расія), Ансамбля песні і танца Узброеных сіл Украіны (Кіеў), Нацыянальнага тэатра оперы і балета Беларусі, харэаграфічнага ансамбля «Харошкі», ансамбля песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Апошнім разам гомельскі глядач судакрануўся з творчасцю Маскоўскага акадэмічнага тэатра танца «Гжэль», аркестра валыншчыкаў Масквы Moscow & District Pipe Band, Дзяржаўнага ансамбля танца Беларусі, Нацыянальнага акадэмічнага народнага хору Рэспублікі Беларусь імя Цітовіча.
Традыцыйна ў межах форуму гэтай восенню ладзіліся Міжнародны турнір па спартыўных бальных танцах «Залатая рысь» і VII Фестываль агню «ГОФФ-2016». Узбагацілі палітру «Сожскага карагоду» майстар-класы «Танцы народаў свету», фотазона «Касцюмы танцаў розных народаў», марафон для аматараў лацінаамерыканскіх танцаў «Танцавальны мікс», выступленне хадулістаў.
Галоўным складнікам «Сожскага карагоду» з’яўляецца харэаграфічны конкурс. Сёлета ў ім прынялі ўдзел дарослыя творчыя калектывы Беларусі, Сербіі, Шры-Ланкі, Латвіі, Расіі і Украіны (на вялікі жаль, не прыехалі прадстаўнікі Ганы, Кот-д’Івуара і Індыі), якія мелі магчымасць спаборнічаць у намінацыях «народна-сцэнічны танец», «эстрадны танец», «сучасная харэаграфія» і «фальклорна-бытавы танец», а таксама «конкурс балетмайстарскіх работ (народна-сцэнічны танец, сучасная харэаграфія)». Цікава, што раздзел «фальклорна-бытавы танец» быў уведзены ўпершыню.
Тэатралізаваная цырымонія адкрыцця «Жывое танцаў палатно сплятае фестываль!» зрабілася адной з галоўных падзей фэсту, у ёй былі заняты амаль 3 тысячы чалавек. Маштаб касцюмаваных харэаграфічных нумароў з вялікай колькасцю ўдзельнікаў (у асобных эпізодах на пляцоўцы прысутнічала да 900 танцораў) і нечаканымі перабудовамі па прынцыпе калейдаскопа здзівіў публіку, што назірала за дзействам з трыбунаў стадыёна «Цэнтральны». Структура большасці прадстаўленых танцаў аказалася геаметрычнай, схільнай да акруглых ліній. Фантазію гледачоў пастаноўшчыкі вымушалі працаваць, звяртаючыся да розных атрыбутаў. Аўтар ідэі і рэжысёр Пётр Свярдлоў (ён жа ініцыятар правядзення фестывалю) умела ўжыў новыя светлавыя тэхналогіі, магчымасці лічбавых сродкаў візуалізацыі. Харэаграфічныя фрагменты, розныя па тэматыцы і энергетыцы, адлюстраваныя ў дадатак на святладыёдных экранах, арганічна змянялі адзін аднаго, ствараючы ўрачысты гімн у гонар багіні танца Тэрпсіхоры. Гімн завяршыўся эфектным феерверкам.
Што датычыць конкурснай праграмы, дык кожны калектыў прадстаўляў у адной ці некалькіх намінацыях па дзве пастаноўкі працягласцю не больш за 5 хвілін кожная, адна з якіх прымала ўдзел у конкурсе балетмайстарскіх работ. Адбору папярэднічаў першы, завочны тур, што прадугледжваў прагляд відэаматэрыялаў. Другі тур, ацэньвала ў Гомелі міжнароднае журы, у якое ўвайшлі прадстаўнікі Беларусі, Расіі і Украіны, узначаліў яго народны артыст Беларусі Валянцін Дудкевіч. У працэсе галасавання занялі кіраўнікоў калектываў — удзельнікаў конкурсу. Як і члены журы, яны ацэньвалі выступленні па 10-бальнай сістэме. Гэта яшчэ адно новаўвядзенне. Цікава: меркаванне прафесійнага журы і кіраўнікоў калектываў, якія спаборнічалі між сабой, супала па асноўных пазіцыях. Фінал праводзіўся на сцэне Гомельскага абласнога грамадска-культурнага цэнтра — адной з лепшых пляцовак горада.
Гран-пры сёлета было вырашана не прысуджаць. Журы вызначыла прызёраў конкурсу. У намінацыі «Народна-сцэнічны танец» I месца атрымаў ансамбль танца «Гарадзенскiя карункi» Гродзенскага каледжа мастацтваў (кіраўніцы Наталля Парахневіч і Надзея Сёмкіна). Калектыў, вядомы далёка за межамі краіны, прадэманстраваў выдатную манеру выканання кадрыляў рэгіёна ў пастаноўцы мэтра беларускай сцэнічнай харэаграфіі Яўгена Штопа (такія нумары складаюць залаты фонд нацыянальнага танца), а таксама кампазіцыю «Веснавыя скокі», у якой балетмайстарка Юлія Курута змагла на дзіва арганічна з’яднаць выразныя сродкі танца з арыгінальнай музыкай гурта «Vuraj», выкарыстаць поліфанічныя прыёмы выкладу харэаграфічнай фактуры. Нумар узяў трэцяе месца ў намінацыі «Конкурс балетмайстарскіх работ (народна-сцэнічны танец)».
У намінацыі «Эстрадны танец» галоўную ўзнагароду прысудзілі народнаму ансамблю бальнага танца «Фаэтон» з Краснадара (кіраўнік Віктар Жарноў). Уразіла паказаная харэаграфічная кампазіцыя «Малагуэння» (адзін з разнавідаў фламенка), што ўяўляе парны танец, падобны на флірт між партнёрамі. Яна была выканана ў хуткім тэмпе, з запалам і магутнай энергетыкай, як і належыць танцам Іспаніі.
Прыз за 1-е месца ў намінацыі «Сучасная харэаграфія» атрымаў ансамбль танца «Юнацтва» Бранскага абласнога Палаца дзіцячай і юнацкай творчасці імя Гагарына (кіраўніца Алена Адарчанка). Асабліва запомніўся ў іх выкананні нумар, прысвечаны Чарнобыльскай катастрофе, пад назвай «І заквітнее загінулая зямля» на музыку Баха, дзе заяўленая тэма дакладна і тонка раскрытая праз вобраз магутнага дрэва (харэографка Ганна Білібіна).
Пераможцам у «Фальклорна-пабытовым танцы» стаў калектыў культурна-мастацкага аб’яднання чыгуначнікаў «Братэрства» з горада Субоціца, Сербія (кіраўнікі Нікола Малаў і Антун Роміч). Жывое і маляўнічае гучанне аркестра народных інструментаў, яркія этнаграфічныя касцюмы, эмацыйнае выкананне традыцыйных сербскіх танцаў у спалучэнні з калектыўным спевам стваралі багатую і вобразную атмасферу.
Экзатычны ва ўсіх адносінах калектыў са Шры-Ланкі атрымаў 2-е месца. Дынамічныя танцы суправаджаліся барабанным боем. Адзін з іх выконвалі вытанчаныя, страката апранутыя чатыры танцоркі. У другім удзельнічалі мужчыны, якія выступалі ў каларытных традыцыйных касцюмах: галава, плечы і грудзі танцораў пакрытыя бліскучымі латуневымі панцырамі, на руках і нагах шматлікія бранзалеты і бразготкі, пры рэзкіх рухах увесь гэты метал выдаваў чароўныя звонкія гукі. Вядома, што народныя танцы Шры-Ланкі, як адзін з галоўных элементаў ланкійскай культуры, з’яўляюцца абавязковым атрыбутам тамтэйшых нацыянальных святаў і рэлігійных працэсій і вядуць паходжанне ад старадаўніх рытуальных цырымоній, прысвечаных багам. На «Сожскім карагодзе» танцоры пад рытмічную музыку выраблялі дзіўныя, мудрагелістыя піруэты і скачкі. Усё разам стварала ўражанне спаборніцтва ў віртуознасці і нагадвала добра пастаўленае сучаснае шоу.
Першае месца ў намінацыі «Конкурс балетмайстарскіх работ (народна-сцэнічны танец)» заваяваў Ансамбль кафедры харэаграфіі Беларускага ўніверсітэта культуры і мастацтваў за нумар «Полька “Канарык”», створаны на айчынным музычным матэрыяле, у пастаноўцы Паўла Стрэльчанкі. Працы маладога таленавітага балетмайстра ўжо адзначаны на іншых творчых спаборніцтвах. Так, на VIII Міжнародным фестывалі сучаснай харэаграфіі ў Віцебску (IFMC) — адным з самых прэстыжных у сваёй сферы, — кампазіцыі «Абярнуцца» быў прысуджаны спецыяльны прыз журы «За сэнсавае напаўненне танца». Вельмі паэтычным атрымаўся твор «Русалкі» ў балетмайстаркі Наталлі Ваяводскай, якую натхнілі старадаўнія павер’і беларусаў (II месца). Нумар быў паказаны народным тэатрам танца «AlmaDea» Гродзенскага медуніверсітэта.
Пераможцам «Конкурсу балетмайстарскіх работ (сучасная харэаграфія)» стаў харэаграфічны ансамбль Гомельскага каледжа мастацтваў імя Сакалоўскага з кампазіцыяй «Ад першай асобы» (балетмайстарка Таццяна Мядзведзева). У ансамблевых сцэнах узнікалі тэмы разумення і неразумення адзін аднаго, імкнення да свабоды і незалежнасці асобы. Аўтарка збірала выканаўцаў у асіметрычныя кампазіцыі, сугучныя найноўшай эстэтыцы, арганічна выкарыстоўвала партэрную харэаграфію, вуглаватыя паставы, дзёрзкія скачкі і падзенні.
Сярод іншых прац варта адзначыць канцэптуальны «Час па-за часам», пастаўлены і выкананы салісткай ансамбля кафедры харэаграфіі Універсітэта культуры і мастацтваў Сабінай Мунасыпавай (II месца і званне «Дыпламант») на музыку аргенцінскага кампазітара Густава Сантаолалья, харэаграфічны малюнак якой нараджаў у глядацкай свядомасці шмат асацыяцый, а таксама балетмайстарскую работу дыпламанткі конкурсу Ірыны Бухавецкай (III месца). Твор з назвай «На волю», пастаўлены ўдзельнікамі студыі сучаснага танца Віцебскага каледжа культуры і мастацтваў, меў цудоўную вобразную лексіку.
Спецыяльнымі дыпломамі «Індывідуальнае выканальніцкае майстэрства» былі ўзнагароджаны Сабіна Мунасыпава, якая прадставіла работу ўласнага сачынення, і Мікалай Дзмітраў — удзельнік харэаграфічнага ансамбля «Алеся» Магілёўскага каледжа мастацтваў, што музычна і эмацыйна выканаў нумар «Сталасць памяці» з арыгінальнай харэаграфіяй Ігара Шувалава.
Згодна з традыцыяй адкрываць новыя імёны, конкурс пазнаёміў гледачоў з мастацтвам маладых пастаноўшчыкаў, большасць з якіх — выпускнікі кафедры харэаграфіі БДУКіМ розных гадоў.
Конкурс у межах «Сожскага карагоду» стаў выдатнай нагодай, каб пазначыць вектары далейшага руху. Задачы, што стаяць перад харэографамі, можна акрэсліць наступным чынам: абапіраючыся на лексіку народнага танца, гранічна пашыраючы закладзеныя ў ёй невычэрпныя магчымасці, імкнуцца раскрываць багацце эмацыйнага свету чалавека і выбудоўваць сцэнічнае дзеянне з дынамічным развіццём. Сама назва фестывалю дэкларуе зварот да вытокаў народнай творчасці, бо карагоды — самая старажытная форма славянскага танца. Але аднастайная лексіка часта прайграе на фоне contemporary dance, таму ў айчынным харэаграфічным мастацтве неабходна захаваць баланс народнага і сучаснага танцаў.
Хацелася, каб арсенал харэографаў пашыраўся за кошт разнастайных кампазіцыйных прыёмаў, насычэння рознымі фарбамі і выразнымі сродкамі іншых відаў мастацтва, інавацыйнай харэаграфіі, найноўшых пластычных прыёмаў, эксперыменту. Харэографам варта ўважліва ставіцца да выразных магчымасцей чалавечага цела. Эмоцыя нараджаецца з руху, а эмацыйны танец нам значна бліжэй, ён заўсёды ўражвае больш, чым абстрактны.
Работы сёлетняга конкурсу, вырашаныя праз сродкі сучаснай харэаграфіі, рэзка вылучаліся і па мове, і па спосабах арганізацыі сцэнічнай прасторы. Разам з тым застаюцца актуальнымі праблемы драматургіі, кампазіцыі, рэжысуры. Часам стаўка робіцца не толькі на харэаграфічныя здольнасці, але і на драматычны талент, чаго ў выканаўцаў відавочна не дастаткова.
У намінацыі «Сучасная харэаграфія» прыцягнулі ўвагу работы, у якіх сінхроннасць узнікала не як самамэта, а як вынік адзінага дыхання і дзеяння. Найноўшы танец усё больш упэўнена пракладае сабе шлях ад аматарскіх эксперыментаў у галіну прафесійнага мастацтва. Пастаноўшчыкам варта глыбей задумвацца пра сутнасць уласнай кампазіцыі, параўноўваючы яе з працай іншых. Шоу-фармат, які культывуецца шмат у чым дзякуючы тэлепраектам, задае стандарт успрымання, што не спрыяе разнавектарнаму развіццю харэаграфіі.
У шырокай праграме «Сожскага карагоду» прыкметнае месца заняў гала-канцэрт. Як і належыць канцэрту, заснаванаму на паказе лепшых з прадстаўленых на конкурс нумароў, ён атрымаўся багатым па тэматыцы, жанрах і формах, інтэрнацыянальным па складзе выканаўцаў. Нанізваючы адзін за адным візуальныя карціны, кантрасныя па настроі і эмоцыях, арганізатары фінальнага гала заваражылі гледача, пагрузілі яго ў атмасферу сапраўднага свята, змясціўшы глядацкую ўвагу з масавых танцаў на сольныя, з лірычных нумароў — на бравурныя, з сучасных — на фальклорныя.
Харэаграфічныя форумы ладзяцца, каб аб’яднаць намаганні розных калектываў у імкненні да творчасці і самавыяўлення. «Сожскі карагод» дае гледачам магчымасць саўдзелу ў пошукавай працы балетмайстраў з розных краін свету. Маючы багатую геаграфічную палітру, «Сожскі карагод» пераконвае, што Гомель стаў адным з цэнтраў танцавальнага руху ў Беларусі. Фестываль дапамагае прафесіяналам і аматарам адчуць сябе ў кантэксце сусветнага харэаграфічнага мастацтва.
Святлана ГУТКОЎСКАЯ