«Тэрыторыя харэаграфіі: новыя шляхі авангарду» — доўгатэрміновы праект, які з’яўляецца часткай міжнароднай культурнай праграмы «Польшча 100», ініцыяванай Інстытутам Адама Міцкевіча ў гонар 100-годдзя аднаўлення незалежнасці Польшчы. Да арганізацыі падзеі таксама спрычыніліся Усходнееўрапейская платформа перфарматыўных мастацтваў, Цэнтр культуры ў Любліне, Інстытут музыкі і танца ды шэраг іншых буйных культурных устаноў. Праект уключае разгалінаваную праграму мерапрыемстваў, у тым ліку навуковыя канферэнцыі, дыскусіі, лекцыі, спектаклі вядомых прадстаўнікоў польскага contemporary dance, майстар-класы, міжнародныя творчыя абмены, выданне тэматычных даследчых матэрыялаў.
«Тэрыторыя харэаграфіі» стартавала ў 2017 годзе Міжнароднай навуковай канферэнцыяй «Танец і авангард у Цэнтральна-Усходняй Еўропе. Тэрыторыя — вытокі — біяграфіі», што аб’яднала даследчыкаў з Польшчы, Украіны, Беларусі, ЗША, Вялікабрытаніі. Выступленні дакладчыкаў прадставілі шырокую панараму тэматычных ракурсаў у асэнсаванні танца — ад праблем развіцця народнай харэаграфіі да перагляду творчых здабыткаў еўрапейскага авангарду, ад рэканструкцыі балетаў пачатку ХХ стагоддзя да перфарматыўных практык. Цэнтральнай тэмай канферэнцыі стала роля жанчын у гісторыі сусветнага танцавальнага мастацтва, разгледжаная на прыкладзе творчай спадчыны харэографак польскага паходжання — тых, хто, паводле выказвання даследчыцы Ёанны Шымайды, «аказалі велізарны, але не заўсёды годна ацэнены ўплыў на развіццё мадэрнісцкіх танцавальных плыняў у Польшчы і свеце».
Адна з такіх выдатных асоб — танцоўшчыца, харэографка і Святлана Уланоўская педагог Браніслава Ніжынская, якая не саступала талентам свайму знакамітаму брату. З малавядомымі старонкамі творчай біяграфіі Ніжынскай, знойдзенымі ў архіве Бібліятэкі Кангрэса ў Вашынгтоне, пазнаёміла ўдзельнікаў канферэнцыі Лін Гарафала (ЗША), вядучая ў свеце спецыялістка па дзягілеўскім балеце. Захапляльны і трагічны лёс Полы Нірэнскай аказаўся ў цэнтры ўвагі Карэн Мазінга, прафесаркі кафедры тэатра Універсітэта штата Агаё (ЗША). Паслядоўніца заснавальніцы нямецкага экспрэсіянісцкага танца Мэры Вігман, зместам сваёй творчасці Нірэнска зрабіла ўзрушэнні ўласнага жыцця: антысемітызм, жахі вайны, страту блізкіх, Халакост. Вымушаная эміграваць спачатку ў Вялікабрытанію, пазней — у ЗША, яна так і не здолела пазбавіцца ад траўматычнага досведу мінулага і скончыла жыццё самагубствам у 81-гадовым узросце.
Яшчэ адну славутую танцоўшчыцу і харэографку польскага паходжання — Мары Рамбер — згадала прафесарка Цэнтра танцавальных даследаванняў Рахемптанскага ўніверсітэта Стэфані Джордан (Вялікабрытанія). Супрацоўніца Інстытута музыкі і рытму Эміля Жак-Далькроза ў Хелераў, з 1912 года Рамбер выкладала тэхніку Далькроза ў «Рускім балеце Дзягілева», а з 1920-х звязала сваё жыццё з Лонданам, стаўшы, паводле слоў самой харэографкі, «акушэркай брытанскага балета». Створаная ёю кампанія Ballet Rambert увайшла ў гісторыю англійскага харэаграфічнага мастацтва як першая пастаянная балетная трупа. Таленавіты педагог, яна выхавала не адно пакаленне артыстаў і пастаноўшчыкаў, сярод якіх такія сусветна вядомыя майстры, як Фрэдэрык Аштан, Энтані Цюдор, Агнес дэ Міль, Крыстофер Брус і інш. Акрамя таго, Мары Рамбер належыць выключная роля ў захаванні авангарднай танцавальнай спадчыны: без яе ўдзелу ў 1987-м не адбылося б узнаўлення легендарнай «Вясны свяшчэннай» у пастаноўцы Вацлава Ніжынскага (аўтары рэканструкцыі — Мілісэнт Хадсан і Кенэт Арчэр), дзе Рамбер у свой час не толькі выконвала адну з партый, але і з’яўлялася асістэнткай харэографа.
Сапраўдным адкрыццём для ўдзельнікаў канферэнцыі стала постаць Янкі Рудзкай — танцоўшчыцы і харэографкі, якая навучалася харэаграфічнаму мастацтву ў Польшчы, Германіі, Англіі, Швейцарыі, Італіі, а ў 1950-х прыехала ў Бразілію, стаўшы адной з заснавальніц сучаснага бразільскага танца. Творчасць гэтай выбітнай асобы доўгі час заставалася невядомай у Польшчы: сенсацыйныя звесткі пра Рудзку прывезла харэографка і куратарка Ёанна Лесняроўска пасля візіту ў Паўднёвую Амерыку ў 2013-м. Вынікам гэтай вандроўкі стаў інтэрнацыянальны спектакль-прысвячэнне «Янка Рудзка: шматгалоссе», што з’яднаў танцоўшчыкаў з Грузіі, Арменіі, Бразіліі і Польшчы (ідэя — Ёанна Лесняроўска, харэаграфія — Лесняроўска і Януш Орлік у супрацоўніцтве з артыстамі). Стварэнню пастаноўкі папярэднічала грунтоўная даследчая праца, прысвечаная вяртанню дзейнасці Янкі Рудзкай у гісторыю польскага харэаграфічнага мастацтва, а таксама працяглая лабараторыя па вывучэнні нацыянальнай танцавальнай культуры краін — удзельніц праекта.
Леташняй восенню ў межах беларускай сесіі «Тэрыторыі харэаграфіі» спектакль быў паказаны ў сталічным культурным хабе «Ок16». Яго стваральнікі адштурхоўваліся ад уласцівага Рудзкай канцэпту «поліфанічнага цела», у якім на роўных суіснуюць галасы розных культур і эпох. Менавіта Янка Рудзка першай у Бразіліі злучыла сучасны танец з мясцовымі мастацкімі традыцыямі. Гэтая акалічнасць паўплывала на харэаграфічную мову, у якой contemporary dance аб’яднаўся з рухамі бразільскай самбы, польскага абэрэка, армянскага качары і грузінскага перхулі.
На сцэне — 10 выканаўцаў у простым, паўсядзённым адзенні. У кожнага з іх уласны жыццёвы, прафесійны, цялесны, культурны досвед. Метафарычным героем спектакля паўставаў рытм: яго няспынны пульс задаваў характар танцавальных малюнкаў, ансамблевых і масавых мізансцэн, кіраваў індывідуальнымі пластычнымі галасамі, злучаючы іх у магутны ўнісон. Этнічныя лексічныя элементы ўзнікалі міжволі, ненавязліва, нібыта ўсплывалі ў памяці цела і зноў раствараліся ў агульным харэаграфічным малюнку. Свядомая полістылістычнасць дзейства выкарыстоўвалася харэографамі не толькі ў якасці мастацкага прыёму, але трапляла ў актуальны сацыякультурны і палітычны кантэкст. На гэтую асаблівасць звярнула ўвагу Ёанна Лесняроўска падчас абмеркавання спектакля: «Шматгалоссе — гэта адметная метафара нашай ідэнтычнасці: культурнай, нацыянальнай, асабістай, мастацкай, па-свойму поліфанічнай. Яна складаецца са шматлікіх пластоў, уключаючы нярэдка далёкія і нават унутрана супярэчлівыя элементы. З другога боку, харэаграфія, як ніводнае іншае мастацтва, дзякуючы сваёй мультыкультурнасці і распрацаваным мадэлям, прапаноўвае нам гатовыя сцэнары "як быць разам" — сцэнары грамадства, заснаванага на ўзаемнай павазе да самых розных традыцый і жыццёвага досведу. Гэтым спектаклем мы жадаем падтрымаць ідэю поліфанічнасці сучаснага грамадства».
Вялікую цікавасць выклікалі і іншыя пастаноўкі, прадэманстраваныя ў межах «Тэрыторыі харэаграфіі» ў Мінску. Монаперформанс Паўла Саковіча «Total» і танцспектакль «Батай і світанак новых дзён» (харэаграфія — Ганна Гадоўска, сцэнар і рэжысура — Славэк Краўчыньскі) успрымаліся нібыта полюсы дзвюх розных традыцый, якія сёння мірна ўжываюцца ў прасторы сучаснага танца. Першы адсылаў да творчай спадчыны амерыканскага постмадэрн-танца і лекцый-перформансаў Жэрома Бэля і Ксаўе Леруа, другі — да эстэтыкі танцтэатра Піны Баўш.
Праект «Тэрыторыя харэаграфіі: новыя шляхі авангарду» ўразіў не толькі сваімі мастацкімі якасцямі, а і эфектыўнай мастацкай палітыкай з боку дзяржаўных і незалежных устаноў, дакладна распрацаванымі стратэгіямі па прасоўванні нацыянальнага мастацтва ў сусветнай прасторы. Пагадзіцеся, нам вельмі не хапае такога досведу.
Святлана Уланоўская