Аскетызм сцэнаграфіі з савецкімі лямпачкамі-зоркамі цалкам апраўданы арганічнай масавасцю харэаграфічных і харавых сцэн (балетмайстарка Кацярына Грыськова, хармайстарка Таццяна Ковінцава): балет і хор становяцца значнымі дзейнымі асобамі спектакля. Яго вылучае бездакорнасць вывастранай акцёрскай пластыкі, без якой шэраг эпізодаў папросту немагчымы. У прыватнасці — з удзелам Сяргея Пунтуса (Чорт) і Яўгена Бондара (Вакула).
Пастаноўшчык адмаўляецца ад стракатага этнаграфічнага каларыту імперскай Маларосіі і прапануе лірычны аповед, падтрыманы чысцінёй белага, светла-шэрага і срэбнага колераў. Строі Вакулы, Аксаны, каляднікаў пашытыя з фастрыгаваный белай тканіны, атаясамліваюцца з мяккасцю снегавых аблокаў і магічнай узнёсласцю каляднай гісторыі (падкрэслена простае вырашэнне мастачкі па касцюмах Наталлі Цішчанка).
У дасканаласці ўнутранай музычнасці аповесці Гогаля сумневу няма, а музычна-драматычны тэатр — прызнаны феномен украінскага мастацтва. Усе вакальныя нумары артысты выконваюць натуральным чынам, а на роднай чарнігаўскай сцэне камедыю суправаджае камерны аркестр пад упраўленнем Аляксея Рашчака. На пачатку дзеі Чорт у вобразе абаяльнага прыродазнаўцы дэкламуе тэкст нараспеў, як у антычным тэатры. Захапленне глядзельні выклікаюць куплеты Салохі і яе скокі з каханкамі ў выкананні Аксаны Грабянюк, працытаваныя пастаноўшчыкам з класічных украінскіх пастановак «Ночы на Каляды» 1930-х.
Адметнае гучанне набывае пецярбургская сцэна: падчас апошняй дэпутацыі запарожцаў, а ў гісторыі яна датуецца 1775 годам і злучана з працай Камісіі па скасаванні Запарожскай Сечы, Кацярыну II упрыгожвае даўжэзная георгіеўская стужка. Андрэй Бакіраў, надзелены выключным пачуццём эстэтычнай меры, ні ў якім разе не дазваляе сабе палітычнай карыкатуры. Шматгалосная патрыятычная песня запарожцаў набывае трагічнасці. Здаецца, Чорт нясе ў палац не толькі Вакулу — о, як наіўна было б меркаваць, што можна падпарадкаваць сваёй волі д’ябла! — але і казакаў. Царская аўдыенцыя робіцца для іх фатальнай. Вераломная імператрыца (Святлана Бойка) не стрымлівае абяцання дзяржаўнай матчынай апекі, грэбліва кінуўшы прастадушнаму Вакулу свае залатыя туфлі. Каваль знаходзіць жаданыя «царыцыны чаравічкі», а казакі страчваюць радзіму…
Фінал вырашаецца масавай сцэнай на коле з містычным фальк-
лорным хорам. Растае чароўны сон — мроіва Святога вечара. Выспа з назовам «Украіна» знікае ў імглістым акіяне часу, а нашчадкам застаецца ўрок і пасланне пра нацыянальнае самавызначэнне.
Дзмітрый ЕРМАЛОВІЧ-ДАШЧЫНСКІ