Ролю гэтай моцнай жанчыны ў сусветнай архітэктуры цяжка пераацаніць. Максімальна выкарыстаўшы сучасныя магчымасці дзігітальнай трансфармацыі рэальнасці, Заха матэрыялізавала самыя незвычайныя графічныя дэвіяцыі камп’ютарных праграм — у выглядзе будынкаў. Ужываючы ў іх увасабленні найноўшыя матэрыялы і тэхналогіі, архітэктарка сапраўды тварыла на пярэднім краі сучаснасці. Але для таго, каб быць паперадзе, занадта шмат чаго неабходна пераадольваць... Ёй было ўсяго 65 — юнацкі ўзрост у архітэктуры.
Дакладна так, як за нашымі мапідаўскімі панэлькамі прамяніста жмурыцца Ле Карбюзье, у нязграбных айчынных архітэктурных выгінах плача Хадзід. Не абавязкова яна з’яўляецца непасрэднай крыніцай натхнення, бо «Заха Хадзід як тэхнічны прыём» (то-бок «скажай форму і падкрэслівай кантрасты») — бездакорная і ўніверсальная. Яна дакатваецца і да нашых шырот, хай часам і ў выглядзе карго-культа.
Наўрад ці мае сэнс разважаць, чаму ў Беларусі ў поўнай меры немагчыма ўвасобіць хадзідаўскія прынцыпы і будынкі. Вядома, у першую чаргу — праз адсутнасць неабходнага для ўнікальных ідэй унікальна высокага фінансавання. «Не варта эканоміць на ідэі», — кажа Заха ў адным са сваіх інтэрв’ю. Грошы — галоўны будаўнічы матэрыял архітэктуры. Таму фінансавае пытанне перадусім.
У параўнанні з беларускімі мастакамі, якія знаходзяцца ў ідэальных умовах, бо ацэнка кошту іх работ — дагаворная, беларускія архітэктары маюць зацверджаныя расцэнкі на праектныя працы. Гэта некалькі адсоткаў ад агульнага кошту будаўніцтва, ільвіная доля якіх з’ядаецца падаткамі.
У гэтыя ж працэнты ўваходзіць распрацоўка канструктарскай дакументацыі, і ў выніку на архітэктурную творчасць застаецца драбяза. А потым калегі-архітэктары маюць будаўнічую экспертызу, па выніках якой, калі паспрабуюць выйсці з пракруставага ложка расцэнак, могуць патрапіць за краты. Іх завышэнне — злачынства.
На праектна-мастацкія вынаходствы бюджэт і зусім не запланаваны. Чаму б не выдаткаваць на эстэтыку? Не прадугледжана нарматыўнай дакументацыяй. Звычайная справа — дэградацыя мастацка-прасторавых вырашэнняў, каб дагадзіць эканоміі. Праз фінансавыя абмежаванні ключавыя ідэі праектаў абразаюцца па жывому. Абуральны прыклад: шматфункцыянальны комплекс «Маяк Мінска», які будуецца на праспекце Незалежнасці, пазбаўлены ўласна маяка — вышыннага дома, які павінен быў бы стаць вобразным цэнтрам усёй кампазіцыі. У выніку — стагнацыя праекта, яго ператварэнне ў даволі тыпавы мікрараён, у першую чаргу дзякуючы «аптымізацыі» архітэктурных рашэнняў і матэрыялаў.
Функцыянальнасць па-над усім! Нам патрэбныя карысныя квадратныя метры, а не авангардныя эстэтычныя рашэнні!
І цалкам карысны і функцыянальны хлеў — ідэальнае наступства такой логікі. Будынкі, фасады якіх адаптуюць іх да гарадскога асяроддзя, але (амаль) нічога не кажуць аб іх функцыі, яшчэ адзін легендарны Прыцкераўскі лаўрэат Роберт Вентура трапна называе «дэкараваным хлявом». Супрацьлегласцю гэтага тыпу архітэктурных збудаванняў у культавага тэарэтыка з’яўляецца будан-«качка», яго знешні выгляд артыкулюе ўнутраную ёмістасць. Для разумення дадзенага тыпалагічнага фінта, Вентура прапануе ўявіць пабудову менавіта ў выглядзе качкі. У адрозненне ад пераважнай большасці айчынных дойлідаў, Заха Хадзід практыкавала менавіта «качыны» тып будынкаў.
Праз архетыповыя асаблівасці беларускай ментальнасці эстэтыка хлява ўкаранёная ў нашай постаграрнай краіне асабліва моцна. Пераадолець яе наўрад ці ў бліжэйшы час магчыма.
Абсалютна антыхадзідскай ёсць і разгалінаваная сістэма праекціровачных нарматываў і абмежаванняў. Скаваныя гэтым ланцугом па руках і нагах, беларускія архітэктары проста не знаходзяць магчымасці праціснуць праз іх сваю творчасць. Пажарнікі больш уплываюць на вонкавы выгляд будынкаў, чым архітэктары. А павінна быць наадварот! Пытанні пажарнай бяспекі варта было б вырашаць без шкоды для архітэктурнага праекта, не падганяць яго пад жорсткія ўніфікаваныя супрацьпажарныя стандарты. Шэдэўры Захі Хадзід нашу пажарную экспертызу відавочна не прайшлі б.
Я не выдумляю праблемы, а проста агучваю іх і смутак калег-дойлідаў, якія і рады б зрабіць добра, але фізічна не могуць. Гераічныя практыкаванні ў канфармізме і крызісным менеджменце — іх штодзённы надзел. Калі нічога не радуе — застаецца яшчэ сыход за межы айчыны. Або, як варыянт, праца на замежнага заказчыка, што таксама не рухае наперад архітэктуру нашай цудоўнай краіны.
Канкурэнтнасць інтэрнацыянальнай архітэктуры стымулюе яе якасць. Там выжывае той, хто ўмее прапанаваць яркі індывідуалізаваны праектны прадукт, — пераможца конкурсаў. Тут — майстры зацяжной кабінетнай барацьбы і дэмпінгавага выйгравання тэндараў...
Тым не менш айчынныя архітэктары хоць бы вольныя ў выбары фармальных зацікаўленняў, і тут цяжка растлумачыць некаторую другаснасць апошніх беларускіх знакавых пабудоў. Што перашкаджае нашым дойлідам натхніцца беларускасцю, сваімі каранямі, традыцыямі, як гэта паспяхова робяць іх замежныя браты і сёстры па прафесіі?
Я працую і сябрую з архітэктарамі, больш за тое — вучу архітэктараў на архітэктурным факультэце БНТУ. Падабаецца іх уменне працаваць калектыўна — гэта значыць прыняць або прынамсі зразумець, што іншы мае права на свой пункт гледжання. Не дамінатыўнасць меркаванняў, а гатоўнасць трансфармаваць сваю свядомасць — вучыцца! Мне надзвычай імпануе адкрытасць мыслення (open-minded — уменне глядзець не ў вузкую палоску паміж шораў), якая часцяком адсутнічае ва ўсіх вузкіх спецыялістаў, у тым ліку і ў нас, мастакоў. Не падабаюцца канфармізм, няўменне (або нежаданне) выпрацаваць індывідуальную прынцыповую пазіцыю па важных пытаннях, напрыклад этычных. Тыповы беларускі архітэктар ірве па жывым: якое захаванне гістарычнага асяроддзя, пра што вы? Ёсць хаценне заказчыка знесці — значыць знесці ці проста ўтыркнуць свой прыўкрасны гмах пасярод гістарычнай забудовы.
І тут якраз адсутнасць вялікіх грошай выступае пазітыўным фактарам. Гэта толькі здаецца, што палімпсест цела Мінска занадта мільгаціць сціраннямі і перапісваннямі. Мяркуючы, напрыклад, па больш чым паўсотні праектах перабудовы Кастрычніцкай плошчы, беларускія дойліды здольныя на многае! І многае, вельмі многае засталося нерэалізаваным, галоўным чынам праз адсутнасць фінансавых магчымасцей — і дзякуй Богу. У гэтым сэнсе безграшоўе ахоўвае Мінск.
Як ні дзіўна, мы зноў загаварылі пра грошы, што, напэўна, сімвалічна. Аднак грошы — проста будаўнічы матэрыял архітэктуры. Заха Хадзід жа стварала «архітэктурны капітал». Менавіта гэта было неабходна яе заказчыкам: манументальная візітная картка карпарацыі, універсітэта або нават горада. Пры такой мэце ўсе сродкі добрыя — інтэрактыўныя паверхні, трансфармавальныя фасады, ілюзіі шкляных паверхняў. Гэтыя новыя амбітныя і неверагодныя будынкі мо і не надта функцыянальныя, затое ахвотна тыражуюцца прэсай і іншымі медыя.
Наколькі патрэбныя беларускаму заказчыку архітэктурныя ўкладанні ў будучыню? Ці існуе тут наогул такі заказчык? Вось, напэўна, ключавое пытанне, якое дазваляе зразумець, чаму ў Беларусі няма ніводнага будынка (узроўню) Захі Хадзід. Мы можам толькі пазайздросціць суседняй сталіцы, якая не пашкадавала рэсурсаў на конкурсы, імёны і хмарачосы Масква-сіці. Дзе вынік адпаведны, а пабудовы мясцовых дойлідаў цалкам вартыя запрошаных інтэрнацыянальных зорак.
Па словах Стывена Хола, адной з гэтых зорак, архітэктура — выяўленне культуры. Кожная краіна мае свае культурныя традыцыі і вельмі некарэктна іх параўноўваць. Асабліва няслушна будзе сцвярджаць, што з беларускай архітэктурай нешта не так. Яна абсалютна адэкватная сучаснай беларускай культуры і разам з ёй знаходзіцца ў працэсе натуральнай трансфармацыі.