У маі на ёй чакаецца трэцяя запар прэм’ера — «Каханне як мілітарызм» па п’есе Пятра Гладзіліна ў пастаноўцы Змітра Цішко (калісьці Пінігін ставіў «Чаравікі на тоўстай падэшве» і «Матылька» свайго ўлюбёнага драматурга). Такім чынам, племя маладое незнаёмае атрымала годную і выбітную пляцоўку ў цэнтры горада. Выходзь ды стаўляй!
Другім па ліку на яе выйшаў малады рэжысёр Мікалай Капульцэвіч і паставіў трагедыю Жана Ануя, створаную паводле Сафокла. Праўда — і гэта адразу кінулася ў вочы, — гледачоў на «Антыгоне» было прыкметна менш, чым на «Шабанах» Алены Ганум, з якіх пачаўся адлік маладых прафесійнікаў...
Мікалай Капульцэвіч прапанаваў сваё вырашэнне «Антыгоны», шмат у чым вытанчанае і... аблегчанае. Адмысловага ўзрушэння і катарсісу ў фінале чакаць не варта. Маладыя акцёры драматычна паводзяць вачыма, скавычуць, як параненыя ваўкі і ваўчыцы, кідаюцца, мітусяцца. Паважную павольнасць, немітуслівасць сапраўднай моцнай акадэмічнай школы, якая не дае «Антыгоне» парастрэсціся ўшчэнт, спавядаюць Мікалай Кірычэнка ў ролі цара Крэонта і Тамара Міронава ў ролі Карміцелькі. На мой густ, сцэны з іх удзелам — лепшыя ў спектаклі. Для Кірычэнкі і Міронавай тэатральная гульня — найсур’ёзнейшая справа. Артысты з моцнай энергетыкай і ступенню абаяння, яны ўпершыню выйшлі на Камерную сцэну. І пачуваюцца там цудоўна, вокамгненна падпарадкоўваючы залу.
Паводле таго, як прынята апошнім часам абыходзіцца са старажытнагрэчаскімі міфамі на тэатральнай сцэне, «Антыгона» пастаўлена, так бы мовіць, па-за часам і прасторай. Падобны мінімалізм, вядома, ужо збрыдзеў. Акцёры да пары да часу ходзяць у аднолькавых шынялях. Пэўна, спісаных з нейкай вайсковай часці. Цікава? Першыя пяць хвілін. Потым усё-ткі хочацца зразумець, чаму ж яны так апрануліся: таму што знаходзяцца ў стане вайны? З навакольным светам ці аднаго з адным? Рэальнай альбо ўяўнай? Бо ўсё можа быць. Але нельга будаваць увесь спектакль на адзіным прыёме. Мікалай Кірычэнка ў нейкі момант скідае шынель і застаецца ў скрываўленым адзенні, як бы намякаючы, што рукі ягонага персанажа па локці ў крыві. Але ці варта прапаноўваць гледачу такую канцэптуальную жуйку? Ён рана ці позна мусіць вырашыць, чый бок прыняць — бунтаркі Антыгоны ці ўладарнага Крэонта. Як на модным ток-шоу, дзе разбіраюць сямейны скандал, ці на тэлевізійным судовым паседжанні, маўляў, сведка, што вы можаце сказаць па сутнасці справы?
У праграмцы рэжысёрская канцэпцыя сфармулявана наступным чынам: «Малады рэжысёр Мікалай Капульцэвіч разглядае міфалагічную гісторыю апантанай бунтаркі Антыгоны як гісторыю бессэнсоўнага разбурэння, магчымага ў свеце, дзе людзі сталі закладнікамі ўласных знішчальных ідэй». Нягледзячы на гэтае тлумачэнне, міжволі бярэш бок Антыгоны ў выкананні Марты Голубевай. Бок маладосці. Голубеўская бунтарка здольная хоць штосьці адчуваць і шчыра захапляцца, а ў нейкіх сцэнах яе зацятасць і прынцыповасць нават выклікае сімпатыю. Крэонта, гэткага чалавека сістэмы, спустошанага і рацыянальнага (толькі жаўлакі ходырам ходзяць), таксама не адрынеш і не адкінеш, але ўсе ягоныя матывоўкі занадта прадказальныя. Калі б і жыць у нейкім ідэальным свеце, дык толькі ў свеце Антыгоны — спантанным, гарачым, свеце пачуццяў і прадчуванняў. І няхай існаваць яму нейкія там суткі. За Антыгонай Марты Голубевай бачыш не столькі капрыз распешчанага дзіцяці, колькі фатальную роспач адзіночкі, прыгажосць перадсмяротнага жэсту. Занадта моцны выклік кідае яна і дзяржаве, і сусветнаму парадку.
Калі «Шабаны» Алены Ганум няцяжка ўявіць на вялікай сцэне Купалаўскага тэатра, дык «Антыгона» Мікалая Капульцэвіча — сапраўдная камерная пастаноўка. Кажуць, напярэдадні прэм’еры рэжысёр адмовіўся ад інтэрв’ю і толькі нясмела выглядаў з-за куліс. Гэткая ж нясмеласць адчуваецца і ва ўсім ягоным творы. Да тэмы бунту ўсё-ткі трэба даспець.