Шкада, рэканструкцыя Малой сцэны не скончылася нічым пэўным. Мяркуючы па ўсім, тэатр яе страціў. Малую сцэну змяніла Камерная, асталяваная ў рэпетыцыйнай зале на чацвёртым паверсе тэатральнага будынка. Гледачы і артысты знаходзяцца тут на адным узроўні і глядзяць адно аднаму ў вочы. Гэта стварае дадатковае адчуванне ўцягнутасці ў дзеянне. Акцёру няма куды схавацца, але таксама і гледачу, толькі калі ён утаропіць вочы ў падлогу. Пры гэтым абстаноўка яшчэ і досыць аскетычная: два шэрагі крэслаў, замкнёная і засяроджаная на сабе прастора. Магчыма, у звыклым электрычным святле яна не робіць ніякага эфекту, але ўвечары, калі асвятленне адмысловае, тэатральнае, здаецца, што знаходзішся ў адным з памяшканняў Замка з твору Кафкі.
Менавіта на Камернай сцэне адбылася прэм’ера спектакля «Шабаны» паводле аднайменнага рамана сучаснага беларускага пісьменніка Альгерда Бахарэвіча. Сучасная беларуская проза на сцэне тэатра! Падзея!
Хтосьці бачыў першую, так бы мовіць, версію гэтага спектакля ў адной з пазалеташніх праграм міжнароднага фэсту «ТЭАРТ». Мне ж падзівіцца тады на пастаноўку не выпадала, таму прэм’ерныя «Шабаны» я ўспрыняў «з чыстага аркуша». Дарэчы, і ў Шабанах апынаўся толькі, як той казаў, наездам. Ні сваякоў, ні знаёмых там не маю. Затое правінцыю-глыбіньку ведаю добра. І, запабягаючы, скажу, што гэтая акалічнасць часцяком стрымлівала ад смешыкаў падчас прагляду, замінала ўспрымаць спектакль выключна як камедыю. Ды толькі камедыйным ён, вядома, і не з’яўляецца.
Даўно не памятаю такога з’едлівага, лаканічнага і, самае галоўнае, сучаснага твора ў рэпертуары Купалаўскага тэатра. Здалося, што лёгкі студыйны дух, спалучаны з акадэмічнай школай, набыў выбуховы эфект. «Шабаны» — гэта размова пра нас сённяшніх, смешная, сумная і шмат у чым бязлітасная. Рэжысёр Алена Ганум пачынае спектакль з адкрытага рытмічнага гратэску, але ў беларускім тэатры без «слязіны дарослага» не абысціся, і слязіна коціцца па «Шабанах». Аднак сцёб і сатыра скручваюцца на пытанне «чаму мы такія?». Як суаднесці сваё светаадчуванне з навакольнай рэчаіснасцю, грубіянскай, напорыстай і зусім не далікатнай? Галоўныя героі, па светаадчуванні — вясковыя жыхары, утвараюць супраціў наступу вялікага горада і, як маленькае індзейскае племя, ахоўваюць сваю тэрыторыю і правілы жыцця. І гэтым яны выбітныя і дасканалыя. Ёсць і ўтрапёнае новае пакаленне ў вобразе Пісьменніка; ён, праўда, атрымаўся слабым, бо ўвесь час прамаўляе нейкія банальныя праўды. Плюсаў і ўдач у пастаноўцы хапае, нягледзячы на некаторы аўтарскі снабізм.
«Адкуль жа з’явіліся гэтыя бестактоўныя, шумныя і хамскія людзі?» — спытаеце вы. Нагадаць пра калектывізацыю, раскулачванне, рэпрэсіі XX стагоддзя, калі нішчыліся сямейныя сувязі і адвечны сямейны ўклад? Збіральны множны вобраз «Шабаноў» — гэта той самы «чырвоны чалавек», пра якога пісала Святлана Алексіевіч, але крэс яму яшчэ не пакладзены: імперыя знікла, а ён, як сведчаць пісьменнікі, застаўся. Спрактыкаваным Наталлі Качатковай, Андрэю Кавальчуку, Юльяне Міхневіч хапае такту, досведу і майстэрства стварыць аб’ёмныя, зусім не прымітыўныя вобразы, у якіх ёсць і боль, і другі план, і нямое пытанне: чаму ўсё так?
Маладыя акцёры, занятыя ў ролях шабаноўскіх насельнікаў, шукаюць задавальнення ў адкрытым камедыйным існаванні. Два галоўныя выканаўцы, Павел Астравух і Вольга Дзятлоўская, іграюць сур’ёзна, трывожна. Яны выдатна існуюць у дуэце, адказваюць за лірычную лінію, скараюць залу сваім пластычным нумарам — танцам кахання, хоць ён і падаецца залішнім, патрэбным хіба для таго, каб зала ўздыхнула з палёгкай.
У фінале аўтары пагаджаюцца з тым, што свае Шабаны мае кожны горад свету — хоць Парыж, хоць Гамбург, куды ў свой час з’язджаў Альгерд Бахарэвіч. Гэта ратуе ад пэўнай крыўды за беларускі этнас, якая не-не, ды ўзнікае падчас прагляду. Не такія ўжо мы адсталыя і безнадзейныя, як даводзілі з Камернай сцэны амаль паўтары гадзіны.
Валянцін ПЕПЯЛЯЕЎ