Згадваю: калі патэлефанавалі французы і спыталі, ці жывы мастак Губараў, то першым жаданнем было адказаць «не». Бо гэты званок, верагодна, абяцаў куплю карціны, і тады цана за яе магла быць вышэйшай. Але давялося прызнавацца, што я жывы і асабіста гэта пацвярджаю. Я менш за ўсё хачу тут пісаць пра сябе і сваё пранікненне на французскі арт-рынак. Проста за гады маёй ускоснай прысутнасці ў ім я змог убачыць тэндэнцыі яго развіцця, зразумець прыхільнасці публікі.
У адрозненне ад нашай сітуацыі, на Захадзе даўно склаўся механізм, дзе ўсе элементы працуюць зладжана і ў цесным кантакце адзін з адным. Гэта сам мастак, камерцыйныя галерэі і дылеры, аўкцыёны, крытыкі і сродкі масавай інфармацыі, калекцыянеры і альтэрнатыўны суб’ект, які я назваў бы лабараторыяй актуальнага мастацтва. Гэта пакуль яшчэ не залы галерэй, а абшарпаныя сцены старых цэхаў і кацельняў, гэта сціплыя фуршэты за свой рахунак і прадметы мастацтва, што шакуюць абывацеля. Як пісаў заснавальнік сучаснага канцэптуальнага мастацтва Джозэф Кошут, у мастацтве ўсё новае і нязвыклае здаецца выродлівым, бо не адпавядае інтэрнацыянальнаму «добраму густу». Але час няўмольна адсейвае другараднае, штосьці робіць паўсядзённым, а штосьці ператварае ў класіку.
Кожны мастак, які выстаўляецца на альтэрнатыўных сценах закінутай фабрыкі або сучаснай медыцынскай клінікі, марыць пра вабныя прасторы прэстыжных галерэй і музеяў. І не толькі з «ідэйных» меркаванняў. Хочацца жыць і ўтрымліваць сям’ю на даходы ад сваёй прафесіі. Праца з галерэяй дае аўтару іншы, прызнаны грамадствам статус, робіць яго мастаком. А галерэя — гэта ўжо дзеючая дэталь таго механізму, які працуе на арт-рынку. Вядома, далёка не ўсім удаецца прабіцца на яго, неабходна, каб на цябе звярнулі ўвагу «патрэбныя людзі», каб пра цябе напісаў культурны аглядальнік з імем і г.д. У гады перабудовы, скарыстаўшыся свабодай перамяшчэння, многія нашы мастакі павезлі свае працы на разнастайныя арт-кірмашы, куплялі за свае грошы плошчы для размяшчэння палотнаў і сядзелі ў чаканні цікавых прапаноў. На жаль, іх не было. І не таму, што жывапіс падаўся кепскім, якраз наадварот, вельмі годнай якасці, проста дылеры, галерысты не звяртаюць увагу на «дзікіх» мастакоў-адзіночак; журналісты — таксама. Іх давер (як гэта ні прымітыўна гучыць) выклікаюць толькі прадстаўленыя галерэяй творцы. Тое, калі хочаце, своеасаблівы знак якасці. Успомнім, што найбуйнейшыя арт-форумы свету да экспазіцыі не прымаюць работы аўтараў, у якіх няма дзеючага кантракта з рэйтынгавай галерэяй.
Аднойчы я наіўна спытаў свайго галерыста Алена Бертэаса: «Чаму Францыя, такая вялікая краіна, носіцца з паўсотняй раскручаных мастакоў, тусуе іх з адной галерэі ў іншую? Чаму вы не ідзяце ў майстэрні да іншых, маладых і таленавітых, не абнаўляеце, так бы мовіць, кроў?» На што ён мне таксама наіўна адказаў: «Дык усе таленавітыя мастакі ўжо ў галерэях!» Гэта пры тым, што Парыж кожны год папаўняецца тысячамі творцаў, якія прыбываюць з іншых краін. А французскія мастацкія факультэты штогод выпускаюць больш за 25 000 студэнтаў. Варта сказаць, толькі два з паловай адсоткі ад іх агульнай колькасці могуць суіснаваць на сродкі ад продажу сваіх прац. Астатнія вымушаныя зарабляць на жыццё далёкімі ад творчасці заняткамі.
Таму хочам мы гэтага ці не, але сёння грамадства прызнае мастаком дэ-факта і дэ-юрэ таго, чые карціны распрадаюцца праз вядомыя галерэі. Не ведаю, на жаль ці на шчасце, у нашай краіне такой сітуацыі няма. У нас проста няма такога абавязковага трыумвірату: творца-галерэя-калекцыянер. У нас мала хто прыслухоўваецца да слоў крытыка, мастацтвазнаўцы, бо лічыць, што сам выдатна разбіраецца ў мастацтве, не горш чым у футболе. У нас не ведаюць, хто такі куратар і навошта ён патрэбны, таксама як і дылер. У нас мастакі імкнуцца прадаць свой твор з майстэрні, бо галерэі, якіх няшмат, падобныя да крамаў і не вельмі клапоцяцца пра сваю рэпутацыю, выстаўляючы толькі тое, што можна хутка прадаць. А ў свеце камерцыйныя галерэі працягваюць заставацца галоўным лучаком арт-рынку.
Плюралізм творчых плыняў і выбарчы, а часам і маргінальны інтарэс публікі абумоўліваюць суіснаванне разнапрофільных галерэй, сярод іх могуць быць тыя, што спецыялізуюцца на творах мастацтва Ар брут (дзе наш А.Р.Ч. глядзеўся б цалкам дарэчы) альбо вытанчанага Кэмпа, ці тыя, хто выстаўляе феміністычнае, афрыканскае або мультымедыйнае мастацтва.
Аднойчы я з перакладчыцай вырашыў прагуляцца па Сэнт-Эцьене, дзе знаходзіцца адна з галерэй «Les Tournesols». «Ці шмат у горадзе галерэй?» — пацікавіўся я ў маіх працадаўцаў. «Толькі наша», — адказваюць. Падчас праменаду я выявіў у цэнтры ля дваццаці арт-пляцовак. Вярнуўшыся, я далажыў аб сваім адкрыцці. Высветлілася, што не ўсе галерэі аднолькавыя! Пляцоўкі, знойдзеныя мной у час шпацыру, не ўдзельнічаюць у руху гэтага арт-механізму, яны круцяцца ўхаластую. Толькі галерэі, якія маюць рэйтынг і ўваходзяць у лік аблашчаных крытыкай пляцовак, дзе, як лічыцца, выстаўляецца сапраўднае мастацтва, — удзельнікі агульнага працэсу фармавання густаў у спажыўцоў.
Па-першае, гэта давер калекцыянераў і міжнароднае прызнанне. Па-другое, гэта на карысць і мастаку, і галерэі. Творца гатовы атрымліваць мінімальны адсотак ад продажу сваіх работ, таму што супрацоўніцтва з такой аўтарытэтнай пляцоўкай патрэбнае для яго іміджу, робіць яго імя вядомым. І галерэі, у сваю чаргу, ганарацца тымі аўтарамі, чые імёны шырокавядомыя. Таму яны абнаўляюць свой зорны склад, перавабліваючы паспяховых мастакоў іншых пляцовак.
Яшчэ адна важная перавага рэйтынгавай галерэі і яе аўтараў — пападанне ў штогадовы даведнік, прызначаны для калекцыянераў, музеяў, дылераў і проста аматараў вытанчанага. У ім можна знайсці цікавага вам мастака і даведацца пра цэны на яго творы. Калі ж прагартаць падборку даведнікаў за некалькі год запар, то можна вызначыць тэндэнцыю — ці растуць кошты на работы пэўнага аўтара. Дылеру гэта дапаможа ў вырашэнні пытання пра супрацу, калекцыянеру — вызначыцца, ці рызыкнуць набыць творы майстра сёння, пакуль цэны не пайшлі ўверх, а крытыка прымусіць больш уважліва прыгледзецца да гэтага імя.
Ну а зараз здзейснім беглы агляд тых выставачных пляцовак, дзе размешчаны творы, актуальныя для большасці людзей: гэта сучасны авангард — ад фігуратыўнага жывапісу да беспрадметнага і канцэптуальнага.
Адразу хачу адзначыць: шукаць паралелі з тым, што выстаўляецца, напрыклад, у нашай галерэі «Мастацтва» або ў Музеі сучаснага выяўленчага мастацтва, не варта. Гэта іншае. Нашыя аўтары, дэманструючы прафесійныя навыкі, атрыманыя ў Беларускай акадэміі мастацтваў, імкнуцца паказаць сваё майстэрства і ўменне працаваць з матэрыялам. Французскія калегі больш спадзяюцца на крэатыўны і эмацыйны пачатак. Таму амаль упэўнены: працы шматлікіх аўтараў з Ліёна або Руана Алена Васільеўна ў галерэі «Мастацтва» нават не павесіла б.
Напрыклад, галерэя, з якой я супрацоўнічаю, мае сусветны эксклюзіў з бельгійскім мастаком Спаркам. Калі вы ўбачыце вялікія палотны гэтага майстра, то адразу будзе ясна, чаму сусветны. Таму што яго творы — гэта ўсялякія кампіляцыі хрэстаматыйных коміксаў, героі якіх любімыя ў Японіі ды ЗША. Толькі за 2014-ы галерэя прадала 800 карцін Спарка. Увогуле зварот еўрапейскіх мастакоў да сімвалаў і штампаў рэкламнай і забаўляльнай індустрыі вельмі прыкметны. Абыгрыванне кіношных, медыйных ідалаў, арт-маніпуляцыі з рэкламным кічам, постмадэрнісцкія цытаты са свету шоу-бізнэсу — вось што натхняе творцаў і гледача.
Для нашага абывацеля здасца дзіўным, што выстава мастака M. Chat, якая прайшла нядаўна ў адной з парыжскіх галерэй, была амаль уся распрададзеная. А гэта проста схематычныя малюнкі катоў, выкананыя ў эстэтыцы дарожных знакаў. Дарэчы, псеўданім аўтара паходзіць ад назвы хатняга гадаванца. А, напрыклад, ужо не малады мастак Бен (Бенджамін Вацье) піша свае карціны (слова «піша» тут вельмі дарэчы), натхняючыся чорнымі рэкламнымі шчытамі, на якіх рэстаратары пішуць крэйдай сваё меню і выстаўляюць перад уваходам. Нягледзячы на тое, што ўсе яго карціны па зразумелых прычынах падобныя адна да адной, яны добра прадаюцца, і час ад часу выходзяць у свет шыкоўныя тоўстыя альбомы з яго «рукапіснай» творчасцю.
Многія французскія галерэі імкнуцца мець творы Раберта Камбаса. Ён не цураецца прымітыўнай размалёўкі і чорнай тоўстай абводкі. Гэта свайго кшталту вітражы на палатне, а ў апошні час Камбас паспяхова рэалізуе ўласныя задумы і ў скульптурах, якія робіць яркімі ды бунтарскімі. У гэтым таксама ёсць адрозненне тамтэйшага арту ад нашага. Там яно, як правіла, віртуознае і нават гарэзлівае. А ў нас прынята лічыць вартасным, калі мастацтва — сур’ёзнае і працаёмкае. Памятаю, як адзін наш добры і паважаны творца сказаў мне: «Валянцін, ты ж усё ўмееш. Дык узяў бы, напісаў што-небудзь фундаментальнае, эпічнае». А як быць з мастацтвам, да якога такія прыметнікі, як «прыгожае», «гарманічнае», «цэльнае» не пасуюць? Напрыклад, працы брытанскай мастачкі Трэйсі Эмін, што выстаўляліся на Венецыянскім біенале. Гэта акварэлі, прысвечаныя яе аборту, а таксама некалькі характэрных аўтапартрэтаў з рассунутымі нагамі. Або карціны аўстрыйскага мастака Хермана Нітсша, якія ён піша крывёю.
Свет змяняецца, і тое, што актуальна сёння, заўтра стане будзённым. Таму заўсёды мусіць з’яўляцца маладая і зялёная рунь творча амбітных мастакоў, якія будуць узрушаць сваімі ідэямі не толькі простых спажыўцоў, але і мастацтвазнаўцаў. Тое новае мастацтва павінна быць шорсткім, павінна чапляць. І, дзякуй богу, гэта адбываецца — прыходзяць новыя аўтары.
Беларусь ужо ўпісала ў сусветнае мастацтва нямала выбітных імёнаў творцаў. Упэўнены, што гісторыя на гэтым не скончыцца.
Валянцін ГУБАРАЎ