Рэдакцыя ўзяла на сябе вельмі амбіцыйную задачу, таму што гэтых сувязяў — нягледзячы на ўсе супярэчлівасці гісторыі і геапалітыкі — вялікая колькасць ва ўсіх галінах творчасці, а польская культура апошніх гадоў выбухае свежасцю і сталасцю адначасова, багаццем поглядаў і разнастайнасцю меркаванняў. Радасць вынікае з таго, што сёння вы маеце магчымасць пазнаёміцца з маёй краінай, яе жывой культурай і спадчынай і такім чынам зазірнуць у глыб польскай душы. Неспакой выклікае пытанне: ці тое, чым мы прафесійна займаемся (то-бок узбуджэннем зацікаўленасці да Польшчы і польскай культуры), з'яўляецца «бяспечным»? Ці, ведаючы пра тое, наколькі свядомая і патрабавальная беларуская публіка, зможам задаволіць вашыя чаканні?
Польскі інстытут у Мінску — установа з дыпламатычным статусам, што распачала сваю дзейнасць у 1994 годзе. Інстытут займаецца папулярызацыяй дасягненняў польскай культуры, гісторыі і навукі, прэзентацыяй і аховай польскай спадчыны, наладжваннем і развіццём кантактаў паміж творчымі і навуковымі асяроддзямі абедзвюх краін, абменам вопытам і падтрымкай дыялогу паміж Польшчай і Беларуссю.
Дынаміка падзей змушае перад заканчэннем года спыніцца і азірнуцца назад, не столькі на мінулыя 23 гады, колькі на апошнія месяцы.
Мы знаходзімся ў сярэдзіне восеньскага культурнага сезона. Пачалі мы яго вельмі амбітна, наватарскім праектам: у Доме дружбы ў Мінску з удзелам публікі і акцёраў «Тутэйшага тэатра» Андрэя Саўчанкі мы правялі першыя беларуска-польскія літаратурныя чытанні ў рамках акцыі «Нацыянальнае чытанне», што адбываецца ў першую суботу верасня ў Польшчы. Больш за сотню ўдзельнікаў-аматараў з дапамогай прафесійных акцёраў чыталі — на дзвюх мовах, па-польску і па-беларуску — «Вяселле» Станіслава Выспянскага, драму фундаментальнага значэння для нацыянальнай самасвядомасці, нацыянальных разрахункаў і прызнання сацыяльных працэсаў, якія папярэднічалі аднаўленню незалежнасці Польшчы ў 1918 годзе.
Вялікі юбілей
Я ўзгадваю гэта невыпадкова, бо ў 2018-м Польшча рыхтуецца да вялікага юбілею.
Святкаванне мы распачалі ўжо гэтай восенню незабыўным канцэртам маэстра Кшыштафa Пэндэрэцкага — у якасці кампазітара і дырыжора — на сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў межах XII Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. На сцэне больш за 200 артыстаў адначасова: знакамітыя спевакі з Польшчы, у тым ліку лаўрэатка прэміі «Эмі» Івона Хоса, выбітны беларускі піяніст Расціслаў Крымер, Дзяржаўны акадэмічны сімфанічны аркестр Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўная акадэмічная харавая капэла імя Р. Шырмы, Дзяржаўны камерны хор Беларусі. Самога прафесара Кшыштафа Пэндэрэцкага ва ўсім свеце няма неабходнасці нікому прадстаўляць. Мяне надзвычай усцешылі два моманты. Па-першае, кампліменты, што маэстра зрабіў беларускім музыкантам і спевакам, якім за кулісамі дзякаваў за вялікі прафесіяналізм і зычлівасць. А па-другое, факт, што гэта быў праект, які адносіцца да найбольш патрабавальных і адначасова дае лепшы плён: супольны, польска-беларускі, што не мог бы адбыцца без працы сотняў людзей і падтрымкі Міністэрстваў культуры абедзвюх краін, а таксама Інстытута Адама Міцкевіча, што займаецца прамоцыяй польскай культуры за мяжой. І Польскі інстытут у Мінску прыняў удзел у гэтым мерапрыемстве, чым мы вельмі ганарымся.
Спадчына і памяць
Не маюць будучыні народы, якія не памятаюць пра ўласнае мінулае. Таму так важна захоўваць нашу агульную гісторыю і тое, што ад яе засталося да нашага часу, у творах архітэктуры і мастацтва, у індывідуальнай і калектыўнай памяці, на магілах нашых продкаў і палях даўніх бітваў. Спадчына — гэта слова-ключ да будучыні і комплекс канцэпцый, вакол якіх мы будуем нашу праграму, напаўняючы яе зместам і эмоцыямі. Такую назву носіць надзвычай важная і цікавая выстава ў Нацыянальным музеі ў Кракаве, што таксама спасылаецца на тэму незалежнасці, але адначасова ставіць пытанні больш філасофскія: хто мы? што аб’ядноўвае нас як нацыю? які наш агульны нацыянальны назоўнік? Гэтыя пытанні датычаць кожнага народа і актуальныя ў кожнай краіне. Таму мы не толькі з абсалютнай упэўненасцю рэкамендавалі і рэкамендуем надалей, да пачатку студзеня 2018 года, гасцям Кракава наведаць выставу #dziedzictwo ў найбагацейшым Нацыянальным кракаўскім музеі, але таксама з вялікай зацікаўленасцю назіраем за дзейнасцю нашых шматгадовых партнёраў, галоўных беларускіх устаноў, канцэптуальных у гэтай сферы адносна Беларусі.
Неабходна прызнаць, што мы не толькі назіраем, але таксама падтрымліваем. Менавіта такое вымярэнне мае рэалізацыя ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь першай і беспрэцэдэнтнай па маштабах замежнай выставы арыгіналаў прац Напалеона Орды з калекцыі згаданага ўжо Нацыянальнага музея ў Кракаве. Гэта абавязковы пункт на музейнай карце Мінска — выстава дзейнічае да 3 снежня.
У сваю чаргу, жыхары і госці Гомеля да 19 лістапада маюць магчымасць пазнаёміцца з найцікавейшымі прыкладамі польскага малюнка ХІХ і ХХ стагоддзяў з фондаў Падляшскага музея ў Беластоку і Акружнога музея ў Сувалках. Выстава адбываецца ў палацава-паркавым комплексе Румянцавых-Паскевічаў, і прадстаўленыя на ёй працы Матэйкі, Вычулкоўскага, Веруша-Кавальскага, Косака і Віткацыя — доказ таго, што польская культура стаіць не толькі Кракавам і Варшавай, а цікавыя калекцыі ёсць у фондах іншых вялікіх гарадоў Польшчы, і я сардэчна запрашаю іх наведаць.
Маладзёжны Касцюшка
Працягваецца Год Тадэвуша Касцюшкі, абвешчаны міжнароднай арганізацыяй ЮНЕСКА. У яго рамках у Беларускім дзяржаўным маладзёжным тэатры мы ажыццявілі сумесны, польска-беларускі праект у гонар героя апошняй вайны Рэчы Паспалітай Або-
двух Народаў. На тэатральнай сцэне беларускі калектыў пад кіраўніцтвам польскага рэжысёра Адама Вайтышкі паставіў п’есу Анны Баярскай у перакладзе на рускую мову «Урок кахання. Гісторыя Касцюшкі». Гэтае супрацоўніцтва прапануе цікавы погляд на пасланне наступным пакаленням, якое пакінуў перад смерцю генерал. І зноў жа, такога поспеху не было б без сумеснай працы людзей і ўстаноў з абодвух бакоў Буга.
Асобным раздзелам у нашай дзейнасці стаіць літаратура. Традыцыйна ў лістападзе мы ладзім «Месяц польскай літаратуры», у рамках якога ў разнастайнай форме прэзентуем цікавыя пераклады на беларускую мову. Мілаш, Далэнга-Мастовіч, Капусцінскі, Лесьмян, Пасвятоўска, Шэйнэрт, Мілашэўскі — у такім наборы аўтараў кожны знойдзе нешта для сябе. Сёлета мы паспяхова прэзентавалі польскі стэнд на Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы і вельмі хочам сустрэцца там з аматарамі літаратуры ў годзе наступным.
Незалежнасць — авангардная жанчына
2018-ы абяцае быць надзвычай захапляльным і надзвычай... жаноцкім. Сярод важных дат і падзей цягам усяго года будзе нас суправаджаць 100-годдзе аднаўлення незалежнасці Польшчы. Да гэтага юбілею ў Польшчы адбудуцца маштабныя праекты ва ўсіх сферах культуры і мастацтва. Заслугі ў справе аднаў-
лення незалежнасці звычайна прыпісваюцца ў першую чаргу мужчынам, і мала хто памятае пра гераізм, а пазней і цяжкую працу жанчын і дзяўчат у працэсе «сшывання» Польшчы з трох абсалютна розных частак. Пра жанчын памятала ІІ Рэч Паспалітая, якая адной з першых краін свету дала ім поўныя выбарчыя правы, таму ў 2018 годзе ў Польшчы мы будзем адзначаць таксама Год Правоў Жанчын.
На 21 лістапада 2018 года ўжо зараз павінны запланаваць вялікае святкаванне аматары мастацтва не толькі ў двух гарадах-партнёрах — Мінску і Лодзі. На гэты дзень выпадае 125-я
гадавіна з дня нараджэння Уладзіслава Стрэмінскага, мастака-авангардыста і тэарэтыка мастацтва з сусветнай славай і мінскім паходжаннем. Мы будзем узгадваць гэтую асобу, даследаваць і адкрываць чарговыя белыя плямы ў яе біяграфіі і, безумоўна, прэзентаваць творчасць Стрэмінскага ў яго родным Мінску і іншых беларускіх гарадах.
Джазавы Міцкевіч
2018 год — гэта таксама 220-я гадавіна з дня нараджэння нашага агульнага прарока. Адам Міцкевіч аказаў настолькі вялікі ўплыў на сусветную і польскую літаратуру, а таксама на фармаванне польскай палітычнай думкі, што мы, безумоўна, шмат увагі прысвецім яму ў культурнай і навуковай праграме Польскага інстытута. Мы разлічваем, што плён у гэтым плане прынясе таксама «круглы стол», які ў 200-ю гадавіну заснавання Таварыства філаматаў мы правялі гэтай восенню з удзелам беларускіх культурных і навуковых устаноў і асяродкаў у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры. Значэнне традыцыйнай беларускай гасціннасці і адкрытасці насамрэч нельга пераацаніць і ў інстытуцыянальным вымярэнні. Калі б не вашы ўстановы культуры, чым была б актыўнасць Інстытута ў сферы музыкі?
У 2018 годзе не будзе недахопу ў цікавых праектах у галіне музыкі класічнай і актуальнай, якія мы маем намер (з такім жа поспехам, як дагэтуль) прадстаўляць, між іншым, у Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Джаз — гэта наша нязменная нацыянальная спецыяльнасць, таму варта сачыць за афішай. Цягам апошніх 23 год па запрашэнні Інстытута ў Беларусі выступілі найвялікшыя зоркі сусветнага джазу з Польшчы, а толькі сёлета — такія культавыя імёны, як Ага Зарыян ці Лешак Можджар.
Мы не маем намеру запавольваць тэмп, таму будзем паказваць у Беларусі самае цікавае з польскага кіно і тэатра. Візітоўкай Польшчы і адначасова важным напрамкам у дзейнасці Інстытута застанецца таксама сучаснае мастацтва ў розных формах. Адной з іх з’яўляюцца плакат і графіка — у гэтай галіне не мае сабе роўных Рышард Кая, працы якога зараз могуць паглядзець наведвальнікі Музея Марка Шагала ў Віцебску. І гэта не апошняе наша слова ў супрацоўніцтве з гэтым выдатным мастаком, а пазнаёміцца з ім ужо мелі магчымасць жыхары і госці Мінска, Гомеля і Брэста.
Сірэна з-пад Баранавіч
Нас аб’ядноўвае так шмат. Вядомыя шляхецкія роды, рыцары, манархі, палкаводцы, палітыкі, паэты, пісьменнікі, мастакі... Рэйтан, Касцюшка, Міцкевіч, Манюшка, Рушчыц, Стрэмінскі, Скірмунт, Пясэцкі, Далэнга-Мастовіч, Булгак, Немэн — гэта толькі невялікая частка. Калі я думаю пра нады-
ходзячую гадавіну аднаўлення Польшчай незалежнасці, мне ўзгадваецца адна асоба і надзвычай сімвалічная гісторыя: прыгожая дзяўчына з-пад Баранавіч, Крысціна Крахельска, маладая паэтка. Яна загінула на другі дзень Варшаўскага паўстання. Перад вайной Крысціна пазіравала скульптарцы Людвіцы Ніцшовай для помніка, які сёння стаіць у Варшаве ля Віслы побач са Свентакшыскім мостам. Ці ведалі вы, што сімвал польскай сталіцы, варшаўская сірэна, мае рысы смелай і таленавітай паэткі з-па-над Шчары? Калі наведаеце ўсе найлепшыя музеі і тэатры, найцікавейшыя месцы польскай сталіцы і скарыстаецеся ўсімі яе вабнотамі, не забудзьцеся наведаць Сірэну. Папіце кавы ў адной з маляўніча размешчаных ля каралевы польскіх рэк кавярняў і падумайце пра вялікую спадчыну, якая спрычыняецца да таго, што мы, палякі і беларусы, якія стагоддзямі дзялілі лёс супольнага досведу і цяпер развіваем сетку ўсё больш інтэнсіўных кантактаў, стаім перад вялікай магчымасцю лепш зразумець і палюбіць адно аднаго наноў. 2017 і 2018 гады вельмі спрыяюць гэтай справе!
Матэвуш Адамскі