Наяўнасць інтэрнэту і YouTube, дзе можна колькі заўгодна слухаць самых лепшых і запатрабаваных (заўважце, бясплатна і дома), стварае моцную канкурэнцыю. На вечары вакальнай музыкі слухач выпраўляецца па розных прычынах. Пачуць арыгінальную праграму, улюбёнага саліста або дарагія сэрцу творы. А я — у тым выпадку, калі ў праекта ёсць канцэпцыя.
Пра два такія праекты і хацелася б распавесці. Адзін з іх называўся «Тэнары супраць басоў» і прэзентаваўся ў зале імя Александроўскай Нацыянальнага тэатра оперы і балета. Другі, «Зоркі беларускай оперы», быў паказаны ў вялікай зале Белдзяржфілармоніі.
Чым прывабіў першы, прыдуманы рэжысёрам Аленай Медзяковай? Насамрэч усё проста — не толькі геніяльнае, але выдатнае і адметнае. Большасць праектаў рамансавай музыкі ўвасабляецца жаночымі галасамі. Часцей сапрана. У кожнай трупе іх шмат, бо голас самы распаўсюджаны. Заняць усіх у спектаклях нерэальна. Каб у галовах сапрана не нараджаліся крамольныя думкі пра няслушнасць рэпертуарнай палітыкі, іх імкнуцца «загрузіць» такім чынам. Мужчынскія галасы ў падобных праектах амаль не прадстаўлены. Аднак і гэта няслушна. Наогул праява ваяўнічага фемінізму.
Калі рэжысёр здольны прыдумаць агульны каркас дзеі, ператварыць яе ў тэатралізавана-сюжэтную — гэта зарука поспеху. Праект «Тэнары супраць басоў» разгортваўся як... судовы працэс. З усімі элементамі — суддзямі, пратаколамі, лавай падсудных, кайданкамі. Басы абвінавачваліся ў недастатковасці вышыні (і праўда!), тэнары ў самалюбаванні і незаслужанай сімпатыі слухачоў. І прадстаўнік кожнага з бакоў даказваў, змагаўся, сапернічаў.
Калі праект увасоблены з азартам і відавочным кайфам, у ім вабіць многае. І арыгінальнасць рэпертуару (фрагменты з опер «Ламбардцы» Вердзі, «Рафаэль» Арэнскага, «Руслан і Людміла» Глінкі, аперэты «Д’ябальскі яздок» Кальмана). І здольнасць абыграць літаральна ўсё! Інструментальная «Італьянская полька» Рахманінава ператварылася... у танец ахоўнікаў. Спявалі нават «суддзі», Марына Акцёнцава і Таццяна Гаўрылава (як выявілася, выдатныя камічныя актрысы!). Смех у зале быў суцэльным, татальным, гамерычным.
Усе выканаўцы, сямёра тэнараў і чатыры басы, падаліся яркімі, нечаканымі. Класнымі! І ўсё-такі ў якасці пераможцаў назвала б Васіля Кавальчука і Эдуарда Мартынюка. Шкада: рэжысёры нашага ТВ, напэўна, не надта любяць оперу. І не трапляюць на такія праекты. На іх месцы даўно прапанавала б таму ж Мартынюку весці камедыйнае (ці парадыйнае) шоу. Пераканана: глядацкія рэйтынгі проста зашкальвалі б!
Цяпер пра другую вечарыну. Піяністка Таццяна Старчанка вельмі любіць працаваць з опернымі салістамі. Такія праграмы часцей аказваюцца эксклюзіўнымі. Гэтым разам у праекце сабраліся чатыры яркія і буйныя індывідуальнасці — Таццяна Траццяк, Наталля Акініна, Ілья Сільчукоў, Андрэй Валенцій. Амаль увесь дыяпазон галасоў — сапрана, мецца, барытон, бас. Структура праекта: першая дзея — ХІХ стагоддзе, значыць, Чайкоўскі, Глінка, Варламаў, Рахманінаў. Другая дзея — музыка ХХ стагоддзя, прычым другой яго паловы — Свірыдаў, Гаўрылін, Шапорын. І трэцяя — старадаўнія рамансы, фактычна «бісы». У выніку сабралося шмат рарытэтных сачыненняў.
Такія праекты прывабныя не толькі аншлагам, гарачымі воплескамі і безліччу кветак. Кажу пра гэта, бо рэакцыя залы істотна ўплывае на ўспрыманне вакальнага твора. Назіраючы за гэтымі спевакамі на працягу не аднаго сезона, з радасцю заўважаю, што яны не проста ўдала тыражыруюць і паўтараюць ранейшыя здабыткі і дасягеннні. Салісты мяняюцца, развіваюцца. І тады талент набывае ўпэўненасць, моц. У кожным з артыстаў вабяць насычанасць і прыгажосць тэмбру. Свабода і натуральнасць гуку. Ніякай надтрэснутасці, «качкі» голасу або глухаватых нот.
Відавочна, калі раманс, класічны ці сучасны, зроблены як след. Калі ён адточаны і адшліфаваны. Прадуманы эмоцыі, міміка, пластыка. І таму многія нумары ператвараліся ў маленькія музычна-тэатральныя шэдэўры. Як, напрыклад, «Жабрачка» Аляб’ева (у выкананні Акінінай). Раманс «Я ли в поле да не травушка была» (увасоблены Таццянай Траццяк). Творы Свірыдава «Всю землю тьмой заволокло» (у інтэрпрэтацыі Андрэя Валенція) і ягоныя ж рамансы з цыкла «Отчалившая Русь» (у версіі Ільі Сільчукова).
Ідэальна, калі піяніст здольны найлепшым чынам прэзентаваць спевака. Калі адчувае яго індывідуальнасць і заклапочаны, як зрабіць яе больш яркай і адметнай, а кожнае імгненне на сцэне — асэнсаваным, насычаным мноствам пачуццёвых фарбаў. І ад гэтай насычанасці ўзнікае глыбіня сэнсу, россып мастацкіх асацыяцый. Увогуле праекты Таццяны Старчанка пераконваюць: вялікая зала філармоніі можа і павінна быць паўнюткай. Не варта наракаць на публіку, якая, маўляў, не хоча, не любіць, не цікавіцца! Яна якраз хоча, любіць і чакае. Толькі і ўзровень праграмы мусіць быць адпаведным...