А колькіх больш сціплых дзеячаў мы не ведаем? Сярод такіх Гектар Більдзюкевіч — літаратар, этнограф, мастак.
Ён нарадзіўся ў 1829 годзе ў маёнтку Уша, што пад Маладзечнам. Бацька яго, Станіслаў Георгіевіч, быў памешчыкам. У час паўстання 1830—1831 гадоў падазраваўся ў стасунках «з мяцежнікамі», але праз адсутнасць доказаў быў вызвалены з-пад следства 21 снежня 1831 года. Імя маці — Феадосія, яна з дому Навіцкіх.
У 1852 годзе Гектар Більдзюкевіч скончыў юрыдычны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта і, напэўна, нечакана для ўсіх, хто яго ведаў, папрасіўся (сам!) на службу... ва Усходнюю Сібір. Ён звярнуўся з адпаведнай заявай на адрас генерал-губернатара гэтага рэгіёна Мікалая Мураўёва-Амурскага, і просьба была задаволена.
Чаму ён зрабіў такі выбар? Наўрад ці з кар’ерных меркаванняў — на той час паездкі ў Сібір дзеля атрымання чыноў і званняў ужо не практыкаваліся. Аддаленасць, суровасць клімату, страшэнная дарагоўля, ніякіх прывілеяў па службе — вось якія перспектывы чакалі ахвотнікаў шукаць шчасця ў гэтым дзікім краі. Хутчэй за ўсё, сыгралі ролю рамантычныя памкненні — ідэя асваення новых тэрыторый, жаданне ўдзельнічаць у глабальных пераўтварэннях, магчыма, асабістае знаёмства з графам Мураўёвым-Амурскім — легендарнай на той час постаццю — змусілі Гектара Більдзюкевіча такім чынам распарадзіцца сваім лёсам. І не толькі сваім: у далёкую дарогу, практычна назаўсёды развітаўшыся з роднымі мясцінамі, учорашні выпускнік універсітэта рушыў разам з маладой жонкай — Эміліяй з дому Іржыкевічаў.
Што далей? У рамках паслужнога спіса — нічога асаблівага. Прыбыў у Іркуцк у 1853 годзе, 17 жніўня прыняты на пасаду бухгалтара (юрыст з вышэйшай адукацыяй!) на Нікалаеўскім жалезаробчым заводзе. Атрымаў чын губернскага сакратара. 1854 (вясна) — прызначаны сакратаром канторы Нікалаеўскага завода; 1854 (канец верасня) — чыноўнік асобых даручэнняў пры канторы залатых промыслаў Нерчынскіх заводаў; 1855 — памочнік упраўляючага Нерчынскімі залатымі промысламі і Шылчынскай горнай акругай; 1856 — калежскі сакратар; член будаўнічай камісіі па Шылчынскай горнай акрузе; наглядчык Култумінскага залатога промыслу; 1857 — зноў чыноўнік асобых даручэнняў і ў дадатак паліцмайстар Шылчынскага Завода; 1858 — памочнік кіраўніка канцылярыі ваеннага губернатара Прыморскай вобласці, тытулярны саветнік; сакратар акруговага суда Прыморскай вобласці; 1859 — назначаны гіжыгінскім земскім спраўнікам (узбярэжжа Ахоцкага мора); 26.10.1866 — надворны саветнік.
Але ў гэты сухі пералік пасад, чыноў і геаграфічных кропак укліньваецца запіс іншага кшталту: 1 мая 1859 года Гектар Більдзюкевіч паднёс у дар графу Мікалаю Мікалаевічу Мураўёву-Амурскаму «Жывапісны альбом з дадаткам кароткага апісання найвыдатнейшых відаў і мясцовасцей на берагах р.Шылкі, Амура і Усходняга Акіяна».
Што ўяўляе сабой «Жывапісны альбом» Гектара Більдзюкевіча? Нататкі этнографа, гісторыка, географа, біёлага і... бліскучыя замалёўкі мастака. Тэкст напісаны ўласнай рукою аўтара, без памарак, каліграфічным почыркам на аркушах шчыльнай паперы фарматам 28 х 33 сантыметры. Малюнак тытульнага ліста выкананы ў змешанай тэхніцы: аловак, туш, акварэль. На першым плане юрта на ўскрайку лесу, далей — рака са скалістым берагам. У цэнтры кампазіцыі невялікі двухмачтавы карабель з апушчанымі парусамі. Справа пад малюнкам — подпіс аўтара. Гэты ўнікальны літаратурна-мастацкі твор — сведчанне глыбокіх ведаў пра Сібір і гарачай любові да суровага краю.
Падчас сваіх шматлікіх пераездаў па службовых справах Більдзюкевіч нястомна вывучаў прыроду, гісторыю, этнаграфію тых рэгіёнаў, у якіх яму даводзілася бываць або спыняцца на сталае жыхарства. «Шылка і Нерчынск», вядомыя нам хіба праз песню «Слаўнае мора — свяшчэнны Байкал», для яго — месцы штодзённай працы, звязаныя і з важнымі падзеямі асабістага жыцця: у Нерчынску ў лістападзе 1855 года ў Гектара і Эміліі Більдзюкевічаў нараджаецца дачка Марыя, праз два гады ў Шылчынскім Заводзе — сын Яўген. Зрэшты, гаворачы ў сваіх нататках пра Нерчынск, Гектар Більдзюкевіч ці не адзіны раз дае падставу здагадацца, што генетычная памяць бунтоўных продкаў з Паўночна-Заходняга краю жыве ў ім: «Успамін пра Нерчынск спалучаны з нейкім невыказным жахам, што хвалюе душу, — як успамін пра ссылку і вечнае зняволенне».
У цэлым жа яго «Жывапісны альбом» — гэта гімн Сібіры, дакладнае і скрупулёзнае апісанне яе адметнасцей, клімату, расліннага і жывёльнага свету. З навуковай грунтоўнасцю Гектар Більдзюкевіч падзяляе народы Усходняй Сібіры на аседлыя, напаўаседлыя і качавыя, даючы характарыстыку кожнаму з плямёнаў. Многія яго тэзісы суправаджаюцца ілюстрацыямі. Усяго іх дваццаць дзве.
Гэтыя работы можна згрупаваць па тэмах. Да твораў, у якіх увасоблены прадстаўнікі мясцовых народнасцей, адносяцца «Ля крыніцы» (бурат у малітве на фоне ельніку і гор), «Арачэнка» (партрэт жанчыны ў традыцыйным уборы і з люлькай у роце), «Гілякі» (паясныя выявы двух мужчын у нацыянальных строях, на заднім плане — дом пад двухсхільным дахам). На шэрагу ілюстрацый — характэрныя для тамтэйшай фаўны звяры: лось, ізюбр, кабарга, собаль. Малюнкі вызначаюцца ўласцівай Гектару Більдзюкевічу грунтоўнасцю ў прапрацоўцы дэталяў, яны не пазбаўлены сентыментальнасці — аўтар відавочна цешыцца прыгажосцю сваіх «мадэляў».
Найбольшую цікавасць уяўляюць зробленыя з натуры віды гарадоў, населеных пунктаў і прыродных аб’ектаў — гэтыя творы маюць і мастацкую, і гістарычную каштоўнасць. Сярод іх — «Нерчынск», «Шылчынскі Завод», «Екацярынінскі руднік», «Від Уласнага Яго Імператарскай Вялікасці Екацярына-Нікалаеўскага залатога промыслу на рэчцы Кары ў Нерчынскіх заводах», «Усць-Стрэлка», «Камарскі ўцёс», «Уцёсы Карсакова і Казакевіча», «Хінганскі хрыбет», «Нікалаеўск-на-Амуры». Арыгінал «Жывапіснага альбома» захоўваецца ў аддзеле рукапісаў Расійскай нацыянальнай бібліятэкі. Тэкставы складнік «Жывапіснага альбома» з часткай ілюстрацый быў выдадзены ў 2005 годзе ў Новасібірску. Наклад — 300 асобнікаў. Парупіўся пра выданне Інстытут гісторыі Аб’яднанага інстытута гісторыі, філалогіі і філасофіі Сібірскага аддзялення Расійскай акадэміі навук. Для Беларусі гэта практычна недаступны рарытэт. У прадмове Кацярыны Туманік адзначаецца, што «жывапісныя і філігранныя па тэхніцы ілюстрацыі з’яўляюцца неацэнным візуальным сведчаннем сібірскага жыцця таго часу, даюць фатаграфічнае ўяўленне аб архітэктуры, прамысловым развіцці, побыце і культурным абліччы гарадоў і паселішчаў ад Чыты да ніжняга цячэння Амура».
Гектар Більдзюкевіч — мастак-аматар, невядома, ці атрымаў ён якую-колечы адмысловую адукацыю, але тэхніцы ягонай сапраўды ўласціва пэўная вытанчанасць і нават выкшталцонасць. Прыкметна прыхільнасць да дробных дэталей. Філігранны малюнак дазваляе перадаць тонкія нюансы ў адлюстраванні воднай гладзі, раслінных карункаў ці паветранай прасторы.
Цікавая адметнасць: у шэрагу работ Гектар Більдзюкевіч, па ўсёй верагоднасці, сярод іншых дзейных асоб выяўляў і самога сябе. Так, на малюнку «Нерчынск» ён увасобіў сябе ў постаці мастака ў правым куце на пярэднім плане. «Від... Екацярына-Нікалаеўскага залатога промыслу...» таксама ўтрымлівае свайго кшталту аўтапартрэт — з мальбертам, кіем і ў капелюшы. Гэтак жа, як і малюнак «Усць-Стрэлка», дзе на першым плане — лодка з двума пасажырамі: адзін з плыўцоў (у капелюшы) — зноў-такі хутчэй за ўсё сам аўтар.
Гледзячы на графічныя працы Гектара Більдзюкевіча і чытаючы напісаныя бліскучым стылем нарысы, міжволі шкадуеш, што лёс закінуў іх аўтара ў такую далячынь. Вось ён ці не першым у гісторыі ўвасобіў панараму Нікалаеўска-на-Амуры — а мог бы, нароўні з Напалеонам Ордам, захаваць для нашчадкаў страчаныя панарамы Бацькаўшчыны...
Аддаючы належнае Гектару Більдзюкевічу як «чалавеку перадавых поглядаў, ахоўніку дзяржаўных інтарэсаў, што адчуваў сябе грамадзянінам і патрыётам шматнацыянальнай Расійскай імперыі», аўтар прадмовы некалькі разоў назвала яго палякам, асобна адзначыўшы, што і сам Гектар Станіслававіч, і жонка яго Эмілія Адамаўна, і народжаныя ў Сібіры дзеці былі каталікамі. Так, праз усё жыццё ў Расіі гэты чалавек відавочна не «абрусеў». Між іншым, і аўтограф ягоны на тытульным лісце «Жывапіснага альбома» зроблены «лацінкай». Але ці быў ён палякам?
У Энцыклапедыі гісторыі Беларусі, на жаль, няма Гектара Більдзюкевіча, але ёсць адзін з прадстаўнікоў наступнага калена гэтага роду — Лявон Більдзюкевіч (стрыечны пляменнік), чыя беларускасць не падлягае ніякаму сумненню. Лявон Більдзюкевіч быў у ліку першых супрацоўнікаў Інбелкульта. Распрацоўваў беларускую матэматычную тэрміналогію (дарэчы, як і Гектар, ён скончыў Кіеўскі ўніверсітэт — матэматычны факультэт). У 1938-м быў арыштаваны. Загінуў на Калыме. Трагічны і шматзначны збег лёсаў: ізноў — Сібір...
Леанід БЕНЕДЫКТОВІЧ, Марыя ГРАМЫКА