Гісторыя, пра якую я хачу распавесці, пачалася ў Гомелі 20 снежня 1939 года. У гэты дзень быў урачыста адкрыты драматычны тэатр, што пачаў працаваць у будынку былога цырка. Аснову трупы склалі выпускнікі Дзяржаўнага інстытута тэатральнага мастацтва імя Луначарскага (ГІТІС). У 1939-м яны скончылі навучанне ў знакамітага артыста Леаніда Леанідава і ўсім курсам прыехалі з Масквы ў Гомель. За два перадваенныя гады тэатр выпусціў некалькі прэм’ер, сярод якіх «Беспасажніца» Астроўскага, «Хто смяецца апошнім» Крапівы, «Урыель Акоста» Гуцкова і іншыя. Рыхтавалася п’еса «Хлопец з нашага горада» Сіманава. Галоўныя ролі выконвалі Павел Бахцін, Радзівон Ашчэпкаў, Яўген Палосін, Пётр Чарноў, Іван Кірэеў. «Узброеныя» прафесіяй, поўныя сіл і гарачага жадання працаваць, яны марылі пра новыя спектаклі. Уласны будынак тэатра павінен быў адкрыцца ў 1943-м (пад яго ўжо быў вырыты катлаван). Але 22 чэрвеня 1941 года перакрэсліла мары маладых артыстаў пра шчаслівае мірнае жыццё. На доўгія ваенныя гады сцэну ім замяніў грузавік з апушчанымі бартамі, на якім яны выступалі ў складзе франтавой канцэртнай брыгады перад байцамі Чырвонай Арміі. Зрэшты, сцэнай былі і лясныя паляны, і садовыя алеі і скверы, і памосты з насланых на зямлю фанерных лістоў, і шпітальныя палаты.
Вайна ішла насустрач
Яна заспела маладых артыстаў на гастролях у Бабруйску. Ужо 23 чэрвеня ад бамбёжкі згарэлі тэатральныя дэкарацыі і рэквізіт. Праз паўтара месяца, у ноч на 14 жніўня, ад выбуху бомбы вялізным кастром успыхнуў і поўнасцю згарэў будынак Гомельскага тэатра. Але на той час лёс акцёраў быў ужо вызначаны. Хтосьці быў адразу мабілізаваны на фронт, хтосьці эвакуіраваўся. І толькі асобным было наканавана застацца ў прафесіі і прайсці праз усю вайну цяжкімі ваеннымі вёрстамі ў складзе «Першай эстрадна-тэатральнай брыгады для мастацкага абслугоўвання часцей дзеючай Чырвонай Арміі». Менавіта так яна называлася афіцыйна і менавіта пад гэтай назвай увайшла ў гісторыю Вялікай Перамогі.
...З пачаткам вайны трупа неадкладна вярнулася ў Гомель, які да сярэдзіны жніўня 1941 года трымаў абарону і не здаваўся ворагу. Разам з іншымі жыхарамі горада артысты будавалі бамбасховішчы і рылі траншэі. У апошнія дні чэрвеня ў Гомель з адказнай місіяй прыехаў дырэктар Беларускай дзяржаўнай філармоніі Рыгор Паўлавіч Прагін. У яго было пасведчанне, выдадзенае 28 чэрвеня 1941 года ЦК КП(б) Беларусі. «Цэнтральны камітэт Камуністычнай партыі Беларусі даручае таварышу Прагіну работу па арганізацыі эстрадна-тэатральных брыгад для мастацкага абслугоўвання часцей дзеючай Чырвонай Арміі, — абвяшчаў тэкст дакумента. — Мясцовым партыйным і савецкім арганізацыям аказаць усялякае садзейнічанне ў правядзенні канцэртаў».
Адразу па прыездзе Прагін накіраваўся ў тэатр, дзе сустрэўся з яго дырэктарам Сцяпанам Шуцкім, які аператыўна дапамог сфармаваць Першую франтавую брыгаду. У яе склад увайшлі артысты Пётр Чарноў, Яўген Палосін, Міхаіл Персцін, Павел Голышаў, Іван Кірэеў, Зоя Аўчарова і Сяргей Астравумаў.
Але, апроч акцёраў драмы, брыгаду неабходна было ўкамплектаваць выканаўцамі іншых жанраў, што цудоўна разумеў Прагін. Вельмі дарэчы апынуліся ў той час у Гомелі сатырык Ігар Тварцоў, артыст Смаленскай філармоніі, і саліст беларускай аперэты Іван Сайкоў, якому цудам удалося вырвацца з палаючага Брэста. У сваю чаргу, артысты параілі Прагіну залічыць у брыгаду студэнтку III курса Белдзяржкансерваторыі вакалістку Вераніку Барысенка, якая прыехала ў родны Гомель на канікулы, а таксама яшчэ некалькі музыкантаў: вядомага ў горадзе выканаўцу на ўдарных інструментах Макса Маслоўскага, танцора-эстрадніка Рыгора Орліка і баяніста Юрыя Гузка. Пазней далучыліся таксама піяніст Міхаіл Бергер і студэнт кансерваторыі, спявак Юрый Матраеў.
3 ліпеня 1941 года адбыўся першы канцэрт брыгады для толькі што мабілізаваных чырвонаармейцаў. «Залай» была вялізная лясная паляна, на якой размясціліся шматлікія гледачы. Артысты старана падрыхтаваліся да першага выступлення, склалі цікавую праграму. Адкрыў яе Пётр Чарноў. Узабраўшыся на грузавік, ён гучна, каб пачулі слухачы, што сядзелі далёка, пачаў дэкламаваць радкі з паэмы Канстанціна Сіманава «Ледовое побоище». Размовы сціхлі, гледачы сталі падбірацца бліжэй да грузавіка, шчыльней акружаць яго, каб лепей бачыць і чуць.
Следам за Чарновым выступіў Макс Маслоўскі, які віртуозна сыграў на ксілафоне Уверцюру да оперы «Кармэн» і «Беларускую польку». Ажыўленне выклікалі сатырычныя куплеты пра Антанеску і Гітлера ў выкананні аўтараў — Ігара Тварцова і Міхаіла Персціна.
Сваім моцным голасам заваражыў слухачоў Іван Сайкоў, якога праводзілі бурнымі апладысментамі. Сайкова змяніла Зоя Аўчарова, яна чытала апавяданне Уладзіміра Палякова «Какетка Ліза», а потым разам з Яўгенам Палосіным разыгрывала пад безупынны смех гледачоў дасціпны скетч «Маляр». Вераніку Барысенка ў доўгай белай канцэртнай сукенцы, якую падаравалі ёй тэатральныя касцюмеры, гледачы ўвогуле не адпускалі са «сцэны». Байцы патрабавалі, каб артыстка спявала зноў і зноў. І яна бясконца бісіравала свае два нумары, якія толькі і паспела вывучыць з баяністам Юрыем Гузком — арыю Адаркі з оперы «Запарожац за Дунаем» Сямёна Гулак-Арцямоўскага і папулярную ў той час песню Юрыя Мілюціна «Чайка» («Ну-ка, чайка, отвечай-ка!») з кінафільма «Маракі».
У той вечар яны выступалі яшчэ двойчы, вярнуліся ў Гомель позняй ноччу. На працягу ўсёй вайны менавіта так і праходзілі іх працоўныя будні: 2-3-4 канцэрты ў дзень былі іх звычайнай «нормай». Часам выступленні перапыняліся бамбёжкамі, абстрэламі, і тады ў дзённіку брыгады, які вёў Міхаіл Персцін, з’яўляліся незвычайныя лічбы «два з паловай», «тры з паловай». Гэта значыла, што канцэрт не паспелі завяршыць.
«Грузінскі» канцэрт
У ліпені і першай палове жніўня 1941 года брыгада знаходзілася яшчэ ў Гомелі, а выступы ладзіліся ў горадзе і яго наваколлі. Гледачамі аднаго з такіх канцэртаў аказаліся байцы стралковага палка з Закаўказзя. Спецыяльна для іх баяніст Юрый Гузок і танцор Рыгор Орлік падрыхтавалі сюрпрыз — танец «Лезгінку». Калі Орлік літаральна «вылецеў» у агнявым танцы на сцэну-палянку, тэмпераментныя горцы не ўтрымаліся на месцах і сталі танчыць разам з ім!
«Жнівень 1941 года. Узброеныя да зубоў нямецкія вандалы ўварваліся на тэрыторыю Беларусі, Украіны. Амаль уся Беларусь –Мінск, Бабруйск, Віцебск, Магілёў – занятая ворагам. І толькі тут, ля сцен Гомеля, ён марна б’ецца вось ужо некалькі месяцаў, — згадваў Міхаіл Бергер пра гэты памятны канцэрт у 1977-м, падчас інтэрв’ю. — Гомель стаў для фашыстаў беларускім Вердэнам. Для ўмацавання горада прыбыла грузінская дывізія, якая чакала загад аб наступленні. Байцы стаміліся ад шматдзённых пераходаў і доўгага шляху з Закаўказзя ў Беларусь. Перад боем трэба было іх неяк натхніць.
І вось тады перад дывізіяй з’явілася Вераніка Барысенка. Яна стаяла на адчыненым кузаве грузавіка каля фартэпіяна. На вялізнай лясной паляне ўсталявалася цішыня. Цудоўная артыстка спявала рамансы і песні. Магчыма, не ўсе творы байцы зразумелі, але дух займала — так хораша было ад сачыненняў, якія выконвала Вераніка Барысенка! У яе голасе былі і жаночая пакута, і хітрасць, і ўладнасць, міжволі хацелася ёй падпарадкавацца...
Гукі фартэпіяна расталі. Некалькі імгненняў доўжылася цішыня. Потым паляна загула, у паветра паляцелі пілоткі:
— Вaша, вaша! Брава, брава! — доўга не змаўкалі захопленыя воклічы.
Канцэрт меў вялізны поспех. Памятаю, да мяне падышоў палкоўнік і папрасіў выканаць грузінскую песню “Суліко”. І ўсе мы пачалі спяваць яе, але да камандзіра падышоў ардынарац і штосьці яму прашаптаў. Песня яшчэ не скончылася, а дывізія ўжо ўзнялася і рушыла на абарону нашай Радзімы».
Франтавыя гастролі
Фашысты сістэматычна знішчалі Гомель з паветра, заставацца ў горадзе было немагчыма. 19 жніўня 1941 года франтавая брыгада атрымала загад эвакуіравацца ў Тамбоў і знаходзіцца там да асобага распараджэння. З гэтага дня пачаліся яе няспынныя франтавыя гастролі — на доўгія чатыры гады.
Да таго, як трапіць у Тамбоў, брыгада паспела выступіць амаль 100 разоў. Артысты жартавалі, што колькасць канцэртаў — паказчык «агнявой магутнасці» брыгады. Але значнасць працы вызначалася не толькі колькасцю. Пастаянна абнаўляўся рэпертуар, шукаліся і выконваліся новыя літаратурныя і песенныя творы. Апрабацыю гэтыя творы праходзілі імгненна, бо выступленні ладзіліся няспынна. Да таго ж сярод гледачоў заўсёды знаходзіўся патрабавальны Прагін, які падчас канцэртаў уважліва назіраў за рэакцыяй залы, каб вызначыць узровень таго ці іншага нумара. Пасля выступаў нязменна адбываўся «разбор палётаў», і Прагін ужываў трапныя тэрміны — «у яблычак», «каля», «за малаком». Увогуле складана пераацаніць ролю Рыгора Паўлавіча ў дзейнасці брыгады. Ён не знаходзіўся на сцэне разам з артыстамі, але ўсё ж быў адным з іх. Сам музыкант, Прагін цудоўна разумеў творчых людзей, а як кіраўнік брыгады заўсёды клапаціўся пра побыт выступоўцаў і іх бяспеку, такую неабходную ў ваенны перыяд! Стрыманы, нешматслоўны, Прагін быў «сэрцам» брыгады і меў беспярэчны аўтарытэт у артыстаў.
У Тамбове адбыліся змены ў складзе калектыву. Брыгаду з розных прычын пакінулі Гузок, Голышаў і Орлік. А паколькі Бергер эвакуіраваўся яшчэ раней, калектыў застаўся без акампаніятараў. Трэба было тэрмінова шукаць баяніста, бо артысты з дня на дзень чакалі выезду на фронт. І які займала брыгада, няўрымслівы Сайкоў прывёў невысокага чалавека ў доўгім чорным паліто. За спінай на брызентавым рэмені ён трымаў вялікую скрыню, абклееную чорным дэрмацінам. Гэта быў баяніст Іван Пацюткоў, выкладчык Тамбоўскага музычнага вучылішча. Пасля неадкладнага праслухоўвання ўсе зразумелі: перад імі — выдатны музыкант-віртуоз. Пацюткоў згадзіўся працаваць у гэтай брыгадзе і прайшоў з ёй да самага канца вайны.
12 верасня 1941 года артыстаў накіравалі ў распараджэнне Палітупраўлення Заходняга фронту. Так у ліку іншых франтавых брыгад беларусы апынуліся ў падмаскоўным Пярхушкаве, дзе базіраваўся, так бы мовіць, цэнтр франтавой культуры — Дом Чырвонай Арміі Заходняга фронту. Услед за пастаяннай «прапіскай» адбылося і залічэнне ў штат Усесаюзнага гастрольна-канцэртнага аб’яднання. На той час у складзе брыгады адбыліся чарговыя змены: Вераніка Барысенка і Юрый Матраеў вярнуліся да заняткаў у кансерваторыі, а Ігара Тварцова перавялі на іншую працу. Замест яго праграму пачалі весці Міхаіл Персцін і Сяргей Астравумаў, якія працавалі ў парным канферансе. Астравумаў заўсёды выглядаў засяроджаным і паважным, а Персцін, наадварот, вясёлым і несур’ёзным. Ягоны стыль сцэнічных паводзін вельмі падабаўся гледачам, і нехта нават склаў эпіграму: «На фронте хорошо известен // Конферансье товарищ Перстин!».
Рэпрызы, жарты і сатырычныя куплеты артысты шукалі ў эстрадных зборніках і часопісах, а часткова сачынялі самі. Позняй восенню 1941-га ў рэпертуары з’явілася ўступная песня, якую напісалі Іван Пацюткоў і сябар брыгады паэт Павел Фурманскі:
Мы явиться в гости рады на рубеж передовой,
Белорусская бригада — ваш товарищ фронтовой.
Чтоб дойти к родному дому, чтоб врага отбросить прочь,
Без затей, по-боевому рады песней вам помочь.
У калектыве цяпер працавалі артысты Усесаюзнага гастрольна-канцэртнага аб’яднання: спявачка Сладкапеўцава, танцор Барыс Максімовіч, крыху пазней балерына Жанна Гальдоўская і акрабатка Любоў Трафімава. Далучыўся да іх вядомы скрыпач і педагог, заслужаны артыст БССР, прафесар кансерваторыі Аркадзь Бяссмертны, а таксама салісткі Беларускага тэатра оперы і балета Дора Кроз і Ганна Альшэўская.
Заканчэнне ў наступным нумары.
Даведка:
Юрый Паўлавіч Матраеў (19.11.1919 — 04.01.1993) знаходзіўся ў брыгадзе з чэрвеня па жнівень 1941 года. Працаваў салістам Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі з 17.02.1944 па 18.09.1958.
Міхаіл Аркадзевіч Бергер (15.08.1909 — 6.02.1981) пасля вучобы ў Мінскім музычным тэхнікуме скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1933) і паспяхова сумяшчаў выканальніцкую і адміністрацыйную працу. З 1938 па 1941 год быў дырэктарам Беларускай кансерваторыі, адначасова вёў педагагічную і канцэртную дзейнасць. У 1940-м атрымаў званне «Заслужаны артыст БССР». Падчас знаходжання ў Першай франтавой канцэртнай брыгадзе, дзе ён прабыў да канца лета 1941-га, Бергер удзельнічаў у самых складаных выездах, у тым ліку ў часці камкора Леаніда Пятроўскага, якія гераічна змагаліся за Рагачоў і Жлобін. Чалавек выключна цывільны, Бергер у той час пастаянна насіў у кішэні пісталет «ТТ», ашчадна загорнуты ў насоўку, што яшчэ больш падкрэслівала несумяшчальнасць зброі і мірнай прафесіі музыканта. З’яўляючыся ў брыгадзе канцэртмайстрам-піяністам, Бергер спрабаваў свае сілы ў кампазіцыі: Юрый Матраеў спяваў яго лірычную песню «Кравец».
Вераніка (Вера) Іванаўна Барысенка (16.01.1918 — 7.09.1995) у брыгадзе знаходзілася з чэрвеня па жнівень 1941 года. Пасля вайны стала знакамітай спявачкай, вядучай салісткай Вялікага тэатра ў Маскве, дзе працавала больш за 30 гадоў (1946—1977), увасобіўшы на сцэне Вялікага больш за 30 партый у операх рускіх і замежных кампазітараў. Сярод іх Канчакоўна ў «Князі Ігары», Марфа ў «Хаваншчыне», Шынкарка ў «Барысе Гадунове», Кармэн, Мадалена ў «Рыгалета». Яе партнёрамі былі Іван Казлоўскі, Павел Лісіцыян, Сяргей Лемешаў, Марк Рэйзен, Галіна Вішнеўская. У складзе трупы Вялікага тэатра спявачка неаднаразова выязджала на гастролі ў краіны Еўропы. У 1959-м ёй было прысвоена званне «Народная артыстка РСФСР». Голас Веранікі Барысенка захавалі шматлікія грампласцінкі з запісамі спектакляў Вялікага тэатра. Памерла ў Маскве, пахавана на Маніхіна-Троіцкіх могілках.
Рыгор Паўлавіч Прагін (3.04.1903 — 21.04.1984), прафесійны музыкант. У 1930-м скончыў Мінскі музычны тэхнікум па класе трамбона. Але з пачатку 1930-х доўгі час працаваў на адказных пасадах: быў дырэктарам Белдзяржфілармоніі (1937—1941 і 1945—1951), намеснікам дырэктара кінастудыі «Беларусьфільм» (1951—1955), намеснікам дырэктара Мінскай студыі тэлебачання (1955—1960). На пачатку 1942 года яго прызначылі начальнікам Ансамбля песні і танца Заходняга фронту, потым начальнікам Дома афіцэраў 21-й арміі. У верасні 1943-га ў баях за горад Ельня быў паранены і пасля лячэння прызначаны старшым інструктарам палітаддзела 2-га Гвардзейскага Тацынскага танкавага корпуса. 3 ліпеня 1944 года гэты корпус першым уварваўся ў Мінск на вызваленне сталіцы Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў. За ўдзел у тых баях Прагін быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны II ступені. Таксама ўдзельнічаў у баях па вызваленні іншых гарадоў Беларусі, Літвы, шэрагу гарадоў Усходняй Прусіі, у тым ліку Кёнігсберга. Жонкай Прагіна была выдатная оперная спявачка, народная артыстка БССР Соф’я Друкер. У час акупацыі ў Мінскім гета загінулі двое іх малых дзяцей, якіх бацькі не змаглі своечасова эвакуіраваць.
Іван Андрэевіч Пацюткоў (7.03.1909 — 21.11.1985), баяніст, педагог, кампазітар. У 1935—1939 гадах вучыўся ў Куйбышаўскім музычным вучылішчы па класе баяна. У 1939 годзе прыехаў у Тамбоў і пачаў выкладаць у тамтэйшым музычным вучылішчы. З дзейнасцю Пацюткова звязана развіццё класа баяна ў гэтай установе. У складзе Першай беларускай франтавой канцэртнай брыгады Іван Андрэевіч прайшоў ад Падмаскоўя да Кёнігсберга. Пасля заканчэння вайны з 1946 па 1974 год працаваў выкладчыкам Тамбоўскага музычнага вучылішча, быў загадчыкам аддзялення народных інструментаў, выхаваў сотні вучняў. Выкладчыцкую працу сумяшчаў з кампазітарскай творчасцю. Ім напісана больш за 300 твораў, сярод якіх інструментальныя і канцэртныя п’есы для баяна, песні на вершы тамбоўскіх паэтаў. Як кампазітар Іван Пацюткоў быў уганараваны званнем «Лаўрэат Усерасійскага і абласнога конкурсаў песень». Пахаваны на Петрапаўлаўскіх могілках Тамбова.
Міхаіл Эмануілавіч Персцін (1915—1955) меў выдатныя дадзеныя камедыйнага акцёра і да вайны іграў адпаведныя ролі ў спектаклях Гомельскага драматычнага тэатра. Адной з яго вялікіх творчых удач аказалася роля Тулягі ў п’есе Кандрата Крапівы «Хто смяецца апошнім», прэм’ера якой адбылася 7 сакавіка 1940 года. Персцін быў вядомым франтавым артыстам. У складзе Першай беларускай франтавой брыгады ён, выбітны канферансье і выканаўца сатырычных маналогаў, заўсёды карыстаўся вялікай сімпатыяй гледачоў. Адна з яго значных акцёрскіх прац ваеннага перыяду — роля Джымі Скота ў спектаклі «Ілгуння» паводле п’есы Меё і Энекена, якую паставіў для франтавой брыгады рэжысёр Іван Бахмецьеў вясной 1944 года. Гэты твор артысты паказвалі ў воінскіх часцях, і ён карыстаўся поспехам шмат у чым дзякуючы вострахарактарнай ігры Персціна. Калі ў ліпені 1944 года Аркадзь Бяссмертны пакінуў брыгаду, застаўшыся ў родным Мінску, Персцін узначаліў яе. Пасля вайны артыст паспяхова працаваў у «Мосэстраде», але неўзабаве загінуў у аўтакатастрофе. Пахаваны на Калітнікаўскіх могілках у Маскве.
Адзіны фотаздымак Ганны Анатольеўны Альшэўскай (14.05.1905 — 3.05.1965). Пазней, з 1945 па 1950 гады, яна працавала ў Вялікім тэатры оперы і балета БССР (фота з архіва тэатра).
Дора Захараўна Кроз (12.11.1909 — 8.12.1997) у гады вайны выступала ў складзе розных франтавых брыгад, у тым ліку разам з артыстамі Беларускага опернага тэатра: спевакамі Верай Мальковай, Ісідарам Балоціным, Ларысай Александроўскай, піяністам Сямёнам Талкачовым, танцорамі Юліяй Хіраска, Тамарай Узунавай, Сямёнам Дрэчыным, спявала ў суправаджэнні дуэта цымбалістаў Станіслава Навіцкага і Ханона Шмелькіна. У 1933—1949 гады была салісткай Дзяржаўнага тэатра оперы і балета Беларусі, на сцэне якога стварыла шмат запамінальных вобразаў.
Вольга БРЫЛОН