Заснавальнік - Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь
Выдаецца са студзеня 1983 года
Паміж Першай і Другой...
Прэмія ў пытаннях і адказах
Мікалай Пінігін
Тэатр як асветная манархія
Міхаіл Панджавідзэ
Жорсткі малюнак рэжысуры
У мітусні між касай і душой
Пра асаблівасці беларускага сцэнічнага мастацтва
      Уладзімір Карачэўскі, Першы намеснік Міністра культуры Рэспублікі Беларусь

 
/i/content/pi/mast/61/1029/karacheusski.jpg
1. І Нацыянальная тэатральная прэмія стала яркім прафесійным святам для ўсіх дзеячаў культуры. Лічу, што праект атрымаўся і мае права на далейшае жыццё. І тыя, хто крытыкаваў, і тыя, хто хваліў, аднадушна заяўляюць: Нацыянальная тэатральная прэмія запатрабавана як гледачамі, так і творчымі калектывамі. Сталічныя і рэгіянальныя, дзяржаўныя і прыватныя тэатры ўдзельнічаюць на роўных умовах, крытэры адбору аднолькавыя. Тут не «раздаюць сланоў», не прытрымліваюцца прынцыпу «ўсім сястрыцам па завушніцы»... У разлік бярэцца толькі прафесійнасць. Статус «Нацыянальная» падкрэслівае: удзел у прэміі — справа гонару, атрымаць узнагароду — вялікая падзея і перамога.

Сёлета ўдзел у конкурсным адборы прынялі 39 спектакляў (у мінулым годзе — 27) з 28 тэатраў краіны. Хачу адзначыць, што ў адборачнай камісіі былі не толькі практыкі — рэжысёры, мастакі і музыканты, але і значная колькасць тэатральных крытыкаў, якія глядзяць і аналізуюць спектаклі ўсіх беларускіх тэатраў і маюць больш аб’ектыўны погляд на тэатральную рэчаіснасць.

Мы па-ранейшаму не сталі выдзяляць асобную намінацыю для музычных спектакляў, бо ў краіне толькі два музычныя тэатры, але дадалі такія намінацыі, як «Лепшы спектакль тэатра лялек», «Лепшы спектакль для дзяцей» і «Лепшая праца харэографа-пастаноўшчыка».

У конкурсе хацелася б бачыць больш прац беларускіх драматургаў (здаецца, сёлета сітуацыя выглядае лепш), хочацца адкрыць новыя імёны і сярод рэжысёраў, і сярод акцёраў.

Пасля правядзення прэміі ў гэтым годзе мы ўлічым усе крытычныя заўвагі, разглядзім усе прапановы і пастараемся максімальна рэалізаваць у жыццё тое, што магчыма.

2. Прэмія садзейнічае развіццю тэатральнага мастацтва і папулярызуе яго. Імкненне перамагчы ўплывае на якасць пастановак — калектывы пачынаюць працаваць з мэтай прадставіць сваю работу на конкурсе і рыхтуюцца больш грунтоўна. Статус прэміі дыктуе таксама выбар мовы і тэмы. Тэатры намагаюцца падабраць яркі, цікавы матэрыял і ставяць не лёгкія забаўляльныя спектаклі, разлічаныя на масавага гледача, а глыбокія, сур’ёзныя працы.

Прэмія не дазваляе калектывам «закіснуць» у замкнутай прасторы. Падчас конкурсных праглядаў удзельнікі адборачнай камісіі, члены Беларускай тэатральнай акадэміі не толькі ацэньваюць тое, што адбываецца ў іншых тэатрах, але і вучацца — атрымліваюцца своеасаблівыя майстар-класы ўнутры краіны.

Прэмія адкрывае новыя імёны. І, канешне ж, гэта яркая тэатральная падзея дае сталічнай публіцы магчымасць убачыць працы тэатраў з рэгіёнаў — а яны вартыя ўвагі самых спакушаных гледачоў.

3. Тэатральнае мастацтва запатрабавана ў гледачоў. Беларускія пастаноўкі прымаюць удзел у міжнародных фестывалях, вылучаюцца на атрыманне разнастайных прэмій і ўзнагарод не толькі ўнутры краіны, але і за яе межамі. Гэта выдатна. Ставяцца нацыянальныя спектаклі, прымеркаваныя да юбілеяў нашых класікаў — Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча, Уладзіміра Караткевіча.

Вялікую ролю ў сучасным мастацкім жыцці адыгрываюць такія маштабныя праекты, як «Тэарт», міжнародныя фестывалі «Панарама», «Белая вежа», «М.аrt кантакт», фэст лялечных тэатраў  — спіс можна доўжыць. Яны спрыяюць таму, што ў рэспубліку прыязджаюць замежныя рэжысёры, наладжваюць кантакты з нашымі прафесіяналамі і вучацца адно ў аднаго.

Вось толькі як у сталіцы, так і ў рэгіёнах не хапае рэжысёраў. Акрамя таго, адзін галоўны пастаноўшчык у тэатры — гэта добра, але акцёру заўсёды хочацца раскрыць сябе ў нечаканай якасці, змяніць звыклае амплуа. На жаль, новыя імёны з’яўляюцца не так часта, як таго хацелася б. Ёсць цікавая моладзь, але ёй трэба вучыцца. У часы СССР, калі мы жылі ў адной краіне, дзейнічала сістэма стажыровак, і малады чалавек мог паехаць у Маскву, Ленінград, Кіеў, Ташкент. Тэатральная грамадскасць абменьвалася ведамі. Потым мы нейкі час жылі адасоблена, паварыліся ва ўласным саку, і гэта не вельмі добра адбілася на стане сучаснага сцэнічнага мастацтва. Таму мы намагаемся наладзіць сістэму рэжысёрскіх стажыровак (пакуль што — у Расіі і краінах блізкага замежжа), а таксама запрашаем замежных майстроў. Зразумела, з часам гэта сістэма ўдасканаліцца, і мы будзем выкарыстоўваць яе магчымасці больш актыўна. А таленавітых рэжысёраў станем адсочваць літаральна са студэнцкай лаўкі. Зараз разглядаецца пытанне аб стварэнні Цэнтра эксперыментальнай рэжысуры. Спадзяюся, дзякуючы яму мы зможам запаліць новыя «зоркі».

У абласцях таксама адчувальны дэфіцыт акцёрскіх кадраў. Не хапае і педагогаў, якія здатны прарасціць зерне прафесіі і дапамагчы чалавеку раскрыцца. Так, праблемы — кадравыя і фінансавыя — былі, ёсць і будуць. Але, калегі, скажам шчыра: сфера культуры заўсёды трымалася на субсідыях і датацыях і, у адрозненне ад шоу-бізнесу, ніколі не была багатай. Людзі, якія ідуць працаваць у тэатр, робяць гэта па прызванні. Таму калі яны прымаюць правілы гульні, то мусяць гуляць па іх да канца. Залатых гор тут не прадбачыцца, але будучыня ў нашага тэатра ёсць — і будучыня нядрэнная.

Рычард Смольскі, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Беларускай акадэміі мастацтваў

/i/content/pi/mast/61/1029/smolski.jpg
1.
 Першая Нацыянальная тэатральная прэмія (далей НТП) запомнілася найперш як значная святочная падзея, пра якую даўно марылі, горача спрачаліся і якую напружана чакалі...

Таксама запомніліся светлыя твары акцёраў з абласных і гарадскіх тэатраў краіны, што ўваходзілі ў склад так званай Беларускай тэатральнай акадэміі — журы НТП. На гэтых адкрытых і адначасова разгубленых тварах чыталася так многа... А вось сталічныя мэтры (члены БТА) на большасць спектакляў увогуле не хадзілі. Не ведаю чаму. Магу толькі здагадвацца, бо свет тэатральны — асаблівы...

А развіваць у першую чаргу неабходна, як ні дзіўна (ва ўсякім разе для мяне!), агульную культуру дзеячаў тэатральнага мастацтва. І пачынаць трэба з элементарных этычных асноў...

Адмовіцца варта ад ілюзіі, што прэмія можа стаць магутным рухавіком бурнага развіцця беларускага тэатра ў прасторы XXI стагоддзя. На мой асабісты погляд, для плённага развіцця нацыянальнага сцэнічнага мастацтва патрабуюцца зусім іншыя «рухавікі», абумоўленыя відавочнымі асаблівасцямі нашага вірлівага і супярэчлівага «рынкавага» часу...

2. НТП — гэта своеасаблівая «біялагічная дабаўка» для людзей тэатральнай справы. Кагосьці яна моцна стымулюе, бадзёрыць, натхняе, а кагосьці пакідае абыякавым, больш таго, кідае ў творчую дэпрэсію — маўляў, усё роўна няма праўды і справядлівасці на свеце, а тым болей у тэатры...

А калі больш сур’ёзна: прэмія можа выконваць функцыі нейкага прынцыпова новага творча-арганізацыйнага ўтварэння, галоўная мэта якога — эфектыўна, сістэмна, мэтанакіравана дапамагаць таленавітым удзельнікам творчага працэсу рэальна спраўдзіць сваё высокае (Богам падказанае!) прадвызначэнне. А астатнім (не вельмі руплівым і малаадораным...) варта задумацца над сваімі далейшымі заняткамі тэатральнай справай...

3. Адказ на гэтае «простае» пытанне самым цікаўным чытачам часопіса раю пашукаць у тэатразнаўчых кнігах, артыкулах у культуралагічных выданнях, а таксама ў рэдкіх дысертацыях маладых беларускіх даследчыкаў апошняга дзесяцігоддзя. Па гэтай тэме там напісана шмат даволі цікавага, разумнага, палемічнага (а часам і карыснага!).

Магу дадаць адно: стан і ўзровень сучаснага тэатральнага мастацтва рэальна адпавядае стану і ўзроўню сучаснага жыцця. Праўда, кожны раз новае пакаленне маладых і апантаных творцаў з рэвалюцыйным імпэтам намагаецца «перагледзець» гэты найпершы тэатральны закон, але, як у вядомай прымаўцы, «...а караван ідзе». І дзякуй Богу, што хоць нейкія законы ў нашым жыцці маюць сваё першаснае, сутнаснае значэнне і годна выконваюць сваю пазітыўна-стваральную ролю... Адным словам, якое жыццё — такі і тэатр...

Калі вы, шаноўны чытач, думаеце інакш, шчыра і сардэчна вас віншую, бо вы — разумны і абаяльны ідэаліст! У наш наскрозь прагматычны і цынічны час людзі такога кшталту выклікаюць здзіўленне і павагу. На іх таксама трымаецца тэатр — у тым ліку і наш, беларускі...

Сяргей Кавальчык, галоўны рэжысёр Нацыянальнага тэатра імя М.Горкага

/i/content/pi/mast/61/1029/kavalchyk.jpg
1.
 Па-першае, выдатна, што ажыццявілася сама ідэя правядзення Нацыянальнай прэміі. Запомнілася атмасфера падзейнасці, калі можна было не толькі паглядзець спектаклі, але і паразмаўляць з калегамі па цэху, абмеркаваць убачанае. Па-другое, мне здаецца неабходным развіваць прэмію як з’яву шырокамаштабную — праводзіць дыскусіі, майстар-класы, «круглыя сталы», запрашаць расійскіх, украінскіх, польскіх калег і паказваць ім тое лепшае, што ёсць у беларускім тэатры, наладжваць культурны дыялог.

Што тычыцца мінусаў, то неабходна раздзяліць намінацыі — у дзіцячых, лялечных, музычных, драматычных спектакляў яны павінны быць свае. Але, наколькі я ведаю, арганізатары паспрабавалі ўлічыць недахопы першай прэміі...

2. Прэмія мусіць садзейнічаць падняццю прэстыжу тэатра ў краіне. Яна павінна аб’ядноўваць і выдзяляць лепшае ў тэатральным мастацтве.

3. Калі мы гаворым пра тэатр, то гаворым пра густ. Гэта не спорт, дзе вынік аб’ектыўны. Вельмі глабальнае пытанне, яно хутчэй звернута да тэатральных крытыкаў і аналітыкаў. Мне, як практыку, штосьці ў сучасным беларускім тэатры падабаецца, штосьці не. Я ўпэўнены ў адным: тэатр не павінен падладжвацца пад гледача — трэба падымаць яго да свайго ўзроўню. Сёння тэатру даводзіцца лічыцца з павальнай камерцыялізацыяй і супраціўляцца ёй, іншымі словамі — трымаць планку. Я, да прыкладу, у наступным годзе прыступаю да працы над «Дэманамі» Фёдара Дастаеўскага, таму што гэты матэрыял утрымлівае ў сабе моцную энергію і глыбінныя сэнсавыя пласты. У размове з гледачамі не трэба выкарыстоўваць спрошчаную мадэль усведамлення. Неабходны баланс між глядацкім попытам і сур’ёзнасцю тэм.

Уладзімір Рылатка, першы намеснік генеральнага дырэктара 
Нацыянальнага тэатра оперы і балета

 /i/content/pi/mast/61/1029/rylatka.jpg
1.
 Самы важны вынік прэміі: тэатральная грамадскасць падтрымала выдатнае пачынанне, якое дазваляе падагуліць творчую дзейнасць сцэнічных калектываў. Абсалютна апраўданая шматаспектнасць прэміі, увага да эксперыментальных пастановак, спектакляў айчынных аўтараў і г.д. Я цалкам згодны з заўвагамі, якія датычаць большай дыферэнцыяцыі намінацый і ўліку спецыфікі відаў тэатраў. Шмат у чым спектаклі несупастаўляльныя, але падводзіць вынікі трэба па ўсіх накірунках, бо асноўная задача прэміі — стымуляваць развіццё ўсіх відаў, жанраў і напрамкаў сцэнічнага мастацтва.

Нацыянальная прэмія павінна выяўляць, акрэсліваць і фіксаваць тэндэнцыі, якімі тэатр жыве апошнія гады. І тут не абысціся без дакладнага навуковага, тэарэтычнага і крытычнага асэнсавання сучаснага тэатральнага працэсу. У тэатрах чакаюць слова крытыка, аналітыка, дзякуючы якому можна было б зірнуць на сябе збоку. Трэба вярнуцца да тых традыцый, калі па выніках кожнага сезона выходзілі спецыяльныя, прысвечаныя гэтай тэме зборнікі, газеты і часопісы, арганізоўваліся адкрытыя канферэнцыі, вывучалася меркаванне гледачоў. Трэба запрашаць замежных гасцей, якія б агучвалі свае ацэнкі.

2. Першачарговая функцыя прэміі, вядома ж, ацэначная. Тэатр не можа развівацца ў замкнёнай прасторы, таму меркаванні спецыялістаў абавязкова павінны прысутнічаць.

Важная функцыя прэміі, якая сёння, на жаль, вымалёўваецца з цяжкасцю, — выяўленне парасткаў будучага тэатра і падтрымка творчых пачынанняў, якія вылучаюцца нетрывіяльнасцю мыслення. Гэта і эксперыментальныя праекты, і новыя імёны акцёраў, рэжысёраў, мастакоў. У межах НТП заўсёды павінна быць месца для найбольш цікавага і перспектыўнага і са сталічных, і з рэгіянальных труп.

Думаю, што прэмія павінна вызначаць лідараў, яе задача — нараджаць герояў айчыннага тэатра, якіх, у сваю чаргу, трэба чымсьці захопліваць, зацікаўліваць. Пераможцаў трэба заахвочваць не толькі на радзіме, але адкрываць ім дарогу ў свет, даваць магчымасць выступіць у рамках буйных расійскіх і замежных тэатральных фестываляў. Так у свой час атрымалася са спектаклем Купалаўскага тэатра «Вяселле» — дзякуючы выдатнаму праекту, сумеснаму з СТД Расіі.

І яшчэ адна важная функцыя — сцвярджэнне і падтрымка аўтарытэту тэатра ў грамадстве. Тэатральная публіка сёння складае меней за 5% ад насельніцтва рэспублікі, што, вядома, недастаткова. Распавядаючы пра надзённае і важнае, тэатр павінен быць у гушчыні жыцця, фармаваць грамадскую думку. Гэту ролю тэатра прэмія павінна падтрымліваць прапагандай лепшых імёнаў, абмеркаваннямі, прыцягненнем спонсараў, працай СМІ, спецыяльнымі прэміямі.

3. З аднаго боку, аблічча айчыннага тэатра заўсёды пераканаўчае — былі і ёсць добрыя рэжысёры, спектаклі, гастролі, прызнанне, выдатная акцёрская школа, моцныя тэатральныя традыцыі, адвечны беларускі дух тэатральнага мастацтва, якому ўласціва сцвярджэнне высокіх маральных і духоўных якасцей і каштоўнасцей.

З іншага боку, усё, пра што я казаў, па розных прычынах даецца нялёгка. Ёсць вялікая патрэба ў рэжысёрах, недастаткова новых імёнаў, эксперыментальнай базы. Як толькі ў тэатры знікаюць новыя ідэі, нас пачынае паволі зацягваць павуціннем.

Правінцыйнасць будзе існаваць заўсёды, пакуль мы застаёмся ўбаку ад сусветнага сцэнічнага працэсу. Тэатр вельмі цесна звязаны з падрыхтоўкай кадраў, крытыкай, навукай, драматургіяй. Калі чагосьці няма — няма і руху наперад.

Таццяна Мушынская, музычны крытык, рэдактар аддзела часопіса «Мастацтва»

/i/content/pi/mast/61/1029/mushynskaia.jpg
1.
 Што запомнілася падчас прэміі першай? Як я асабіста і меркавала, спектакль «Набука» ў рэжысуры Міхаіла Панджавідзэ, маштабнае опернае відовішча, атрымаў галоўную ўзнагароду. Дакладней, яе палову... Запомніліся гарачыя спрэчкі, прагнозы, вострыя дыскусіі, звязаныя з арганізацыяй і вынікамі акцыі. Узрадавала ўтварэнне Тэатральнай акадэміі — гэта бясспрэчны крок наперад.

Выклікала неўразуменне сітуацыя, калі музычныя, драматычныя і лялечныя пастаноўкі разглядаліся разам. Шкада, што логіка перамагла толькі часткова і падчас правядзення другой прэміі з’явілася намінацыя «Лепшы лялечны спектакль». Думаю, вылучэнне намінацыі «Дзіцячы спектакль» стане стымулам для стварэння высокапрафесійных работ. Але патлумачце: як можна параўноўваць оперу і лялькі?

Я пераканана: па аналогіі з расійскай «Залатой маскай» першапачатковы адбор спектакляў павінны рабіць крытыкі, а не самі тэатры. Аналітык, які бачыць сітуацыю збоку і параўноўвае мастацкія вынікі калектываў, не зацікаўлены ў тым, каб схаваць ад грамадскасці яркія работы.

Калі глядзіш спіс гэтага года, узнікаюць пытанні. Ёсць тэатры, якія вылучылі па дзве, а то і па тры работы. Значыць, можна. У той жа час Тэатр оперы і балета прадставіў толькі «Аіду» (у пастаноўцы галоўнага рэжысёра Міхаіла Панджавідзэ). А куды знікла «Снягурка» ў версіі Сусанны Цырук, якая фігуравала ў папярэднім спісе? Мастацкая рада тэатра вырашыла, што лепей не ствараць канкурэнцыю галоўнаму?

Летась Беларускі музычны тэатр вылучыў сваю адносна слабую работу — «Аршын мал алан». Сёлета можна было прадставіць на разгляд эксцэнтрычны балет «12 крэслаў» у рэжысуры Анастасіі Грыненка і харэаграфіі Дзмітрыя Якубовіча. Чаму не вылучылі? Пасаромеліся? Не былі ўпэўнены ў перамозе? Пабаяліся магчымай крытыкі? Або гэта праява заўсёднай беларускай «хваробы» — быць незаўважаным і непрыкметным?

2. Сярод асноўных функцый прэміі — выяўленне і ганараванне лепшых. Калі адзначана прэміяй — значыць перспектыўнае, у ім закладзена тэндэнцыя далейшага развіцця, прысутнічае мастацкае адкрыццё. Думаю, пастановачная група лепшага спектакля павінна на працягу наступнага сезона адчуваць плён і вынік уласных творчых намаганняў. Магчыма, спектаклі-пераможцы маюць права на гастролі. Магчыма, для маладых рэжысёраў, акцёраў, сцэнографаў прэмія стане падставай і нагодай для прэстыжных замежных стажыровак.

Калі прэмія і яе пераможцы будуць успрымацца як бясспрэчныя мастацкія аўтарытэты, дык у далейшым гэта можа прынесці немалыя фінансавыя дывідэнды. Гастролі «Залатой маскі» ў Расіі і іншых краінах арганізаваны з размахам — хочаш ці не хочаш, але будзеш зайздросціць...

3. Як ацэньваць стан і ўзровень беларускага тэатральнага мастацтва? Гледзячы пра які жанр ідзе размова. Амаль кожны абазнаны тэатрал пагодзіцца: нашы лялькі «паперадзе планеты ўсёй». Вельмі інтэнсіўна развіваецца опера, і прычын тут шмат: маштабныя прэм’еры, наяўнасць Каляднага опернага форуму, які збірае сваіх і замежных зорак... Да форуму дадасца сёлета і міжнародны конкурс оперных спевакоў

Жанры развіваюцца нераўнамерна. Нацыянальная опера доўгі час існавала як бы ў цені славутага балета, які надзвычай інтэнсіўна і ярка квітнеў з сярэдзіны 1970-х да канца 1990-х. Цяпер опера ўзяла рэванш. А балет... Можа, ён проста збірае сілы?

Барыс Герлаван, народны мастак Беларусі, галоўны мастак Нацыянальнага тэатра імя Янкі Купалы

/i/content/pi/mast/61/1029/gerlavan.jpg
1.
 Спектаклі, якія я бачыў падчас леташніх праглядаў Нацыянальнай прэміі, і многія з тых, што намінаваліся сёлета, сведчаць пра пэўны тэатральны заняпад. Усе нейкія аднолькавыя, зробленыя на адным узроўні, без узлёту, без моцных акцёрскіх работ, з невыразнай рэжысурай. Нават сталічныя калектывы не надта вылучаюцца на фоне абласных. Здаецца, заснавальніку Нацыянальнай прэміі Міністэрству культуры на гэта трэба звярнуць асаблівую ўвагу. Падумаць над тым, якім чынам можна ўзняць творчы дух і інтарэс да тэатраў. У той жа час сама прэмія ў грашовым вымярэнні мусіць мець большую вагу. Гэта неабходна дзеля таго, каб узнікла канкурэнцыя, а рэжысёры і акцёры імкнуліся яе атрымаць. Абласныя тэатры пераважна варацца ў сваім саку. Таму важна, каб на заключных праглядах абавязкова прысутнічалі рэжысёр, дырэктар і мастак. Усе спектаклі трэба абмяркоўваць, тады ад гэтага будзе карысць. Папярэднія прагляды спектакляў таксама неабходныя. (Прагляды на дысках — гэта несур’ёзна, тым больш што запісы няякасныя, без неабходнай інфармацыі.) У такім разе шанцаў абняславіцца ў фінале значна паменее.

2. Ствараць імпульсы для творчасці. Падтрымліваць у публіцы інтарэс да сцэнічнага мастацтва. Хоць, шчыра кажучы, апошнім часам нават у саміх тэатрах творчага імпэту заўважна паменела. Прынамсі, за ролі, як некалі, артысты больш не змагаюцца. Безумоўна, задача Нацыянальнай прэміі ўплываць на агульную тэатральную культуру, якая цяпер паўсюдна перажывае ўпадак. І, канешне, яна мусіць быць прэстыжнай, а не толькі заахвочваць.

3. Пра ўзровень сцэнічнага мастацтва я ўжо казаў, ёсць выяўлены спад. Таму і праблемы відавочныя. Калі ў спектаклі няма вобраза, няма вырашэння, але заўважна, што ўсё гэта спрабавалі знайсці. Не атрымалася. Шмат тэхнічных праблем. Шмат эстэтычных неадпаведнасцей, нават у нацыянальных тэатрах, якім абавязкова трэба трымаць планку. Усё гэта ўплывае на агульную карціну. Прымальным становіцца нізкі ўзровень спектакляў. У сувязі з гэтым, думаю, крытыка павінна біць ва ўсе званы. У тэатрах цяпер усё вырашаюць дырэктары. Ім далі поўную ўладу, і творчым працэсам часам кіруюць людзі, абыякавыя да мастацтва, паперадзе ўсяго імкненне грошы зарабіць. Раней былі мастацкія рады, на якіх спрачаліся, абмяркоўвалі і вырашалі многія пытанні. Таму акрэсліваць пэўныя праблемы неабходна крытыкам. На іх працу варта звярнуць пільную ўвагу, ад іх таксама залежыць многае.

Вячаслаў Кузняцоў, кампазітар, загадчык кафедры Беларускай акадэміі музыкі

/i/content/pi/mast/61/1029/kuzniacou.jpg
1.
 Спачатку пра добрае. Ніколі раней не даводзілася сутыкацца з такім велізарным аб’ёмам тэатральнай інфармацыі! Так, работа ў адборачнай камісіі па вызначэнні працаёмкая, яна патрабуе шмат часу і эмацыянальных высілкаў і часта адводзіць у бок ад уласных прафесійных клопатаў. Але, на шчасце, калі-нікалі прагляды раптам абарочваліся выдатнымі мастацкімі адкрыццямі, дакрананнем да сапраўды таленавітага, новага і яркага! Кожны тэатральны калектыў у сваіх пастаноўках імкнуўся да максімальнай экспрэсіі і жывой камунікацыі. Было жаданне здзівіць, скарыць, прымусіць суперажываць... Вось толькі тэатр — гэта сукупнасць мноства складнікаў, таму не ўсім і не заўсёды ўдавалася стварыць спектаклі цэласныя. А конкурсныя правілы жорсткія...

Праблемы. Няроўныя ўмовы. Немагчымасць паглядзець рэгіянальныя спектаклі «ўжывую». Таму — шмат відэазапісаў, у большасці сваёй — няякасных, аматарскіх, якія не адпавядаюць сённяшняму дню.

Тэатры эканомяць. І, перш за ўсё, на прафесійных кампазітарах. Сёння музыку пішуць усе, хто «пад рукой». Тое не заўсёды добра. Музычнае афармленне пастановак — тэма, вартая асобнага абмеркавання.

І яшчэ. Ніяк не магу прызвычаіцца да ненарматыўнай лексікі з вуснаў акцёраў. Адчуваю пэўную няёмкасць...

2. Нацыянальная тэатральная прэмія дае ўнікальную магчымасць пазнаёміцца (хай нават і па відэазапісах) з творчасцю ўсіх нашых тэатраў, ацаніць працу рэжысёраў, мастакоў, кампазітараў, акцёраў... Паглядзець уважліва, праз павелічальнае шкло, на поспехі і няўдачы.

3. Тэатр жыве. Са сваімі праблемамі, радасцямі і адкрыццямі. Хтосьці адгукаецца на выклікі часу, хтосьці ўпэўнена ідзе па шляху фундаментальных эстэтычных каштоўнасцей. Справа крытыкаў — тармасіць, не даваць расслабіцца, вышукваць болевыя кропкі. І бачыць лепшае...

Ганна Маторная, рэжысёр Беларускага акадэмічнага музычнага тэатра

/i/content/pi/mast/61/1029/matornaia.jpg
1.
 Выдатна, што ў нашай культурнай прасторы з’явілася такая форма ацэнкі творчасці, як Нацыянальная тэатральная прэмія. Час патрабуе новых падыходаў да тэатра як самага няпростага і дзівоснага віду мастацтва.

Відавочна, што ў адным конкурсным паказе нельга змешваць прынцыпова розныя спектаклі. Оперу немагчыма параўнаць з драматычнай пастаноўкай, таму, напрыклад, у расійскай «Залатой масцы» ёсць шэраг жанравых градацый: опера, спектакль музычнага тэатра, тэатр лялек, драма і інш. Магчыма, варта было б вылучыць у асобную намінацыю спектаклі-дэбюты і ролі-дэбюты, бо яны не могуць выступаць у адной вагавай катэгорыі з творчымі знаходкамі майстроў. Асаблівую намінацыю ў конкурсе павінны мець працы беларускіх аўтараў, якія атрымалі годнае ўвасабленне на сцэне.

Нацыянальная прэмія магла б адзначаць творчы пошук, нестандартны падыход і арыгінальнасць прачытання, то-бок усё тое, што, уласна, і ўяўляе цікавасць у мастацтве.

2. Прэмія ў першую чаргу павінна падтрымліваць нацыянальныя тэатральныя кадры. Іншае пытанне — якім чынам. Калі сёння працаваць «на касу», то выявіцца, што тэатр не можа сабе дазволіць ствараць мастацтва дзеля мастацтва, бо той, хто плаціць — той і заказвае музыку. А значыць, развіццё тэатральнай культуры звязана не толькі з патэнцыялам творчых сіл, але і з попытам, які дыктуе насельніцтва. Калі дзяржава не зацікаўлена ў рэкламе тэатра, то ён павінен выпрацаваць механізм выжывання ў няпростых умовах сучаснасці. Прэмія мае магчымасці аб’яднаць творчыя сілы майстроў і маладых кадраў і можа стварыць прэцэдэнт для культывавання лепшых ідэй і выпрацоўкі нейкіх магістральных рашэнняў. Так, не адразу, але Масква таксама будавалася не адразу.

3. Хацелася б, напэўна, каб тэатр прымушаў чалавека думаць, каб у гледача не згасала цікаўнасць і было жаданне вярнуцца. Хацелася б, каб акцёры заўсёды былі таленавітымі, запатрабаванымі і сытымі, а рэжысёры мелі магчымасць ажыццявіць свае мары ў гэтай па-сапраўднаму магічнай рэальнасці пад назвай ТЭАТР.

Валерый Анісенка, дырэктар і мастацкі кіраўнік Нацыянальнага тэатра імя Якуба Коласа

/i/content/pi/mast/61/1029/anisenka.jpg
1.
 Да гэтага часу пад уражаннем нікім уцямна не патлумачанай затрымкі на паўтары гадзіны афіцыйнай цырымоніі ўзнагароджання лаўрэатаў.

2. Стымуляваць творцаў і іх дзейнасць. Дзеля гэтага неабходна ўнесці змены ў Палажэнне: па выніках даваць пераможцам грант для пастаноўкі спектакляў на сцэнах краіны. Напрыклад:

1) дэбют аўтара, маладая драматургія Беларусі — грант на пастаноўку;

2) лепшаму рэжысёру — грант на пастаноўку і г.д.

3. Нармальны стан. Тэатр хутчэй жывы, чым мёртвы.

Алег Жугжда, галоўны рэжысёр Гродзенскага абласнога тэатра лялек

/i/content/pi/mast/61/1029/zhugzhda.jpg
1.
 Урокі? Не стаяць у смокінгу каля Вялікага тэатра, падладжваючыся пад тэлебачанне. Прагляд павінен праходзіць НА МЕСЦАХ, а не ў Мінску. Інакш УСЕ перыферыйныя тэатры адразу ж апынаюцца ў невыгодным становішчы. А ў Мінску паказваць толькі намінантаў (ужо без конкурсу). Пераможцам (зрэшты, як і намінантам) неабходна арганізоўваць гастрольныя туры па краіне за кошт Міністэрства культуры, каб гэта не заставалася разавай акцыяй для вельмі вузкага кола далучаных (то-бок, удзельнікаў).

2. Стымуляваць тэатральны працэс у краіне, што ж яшчэ? Уласна кажучы, усё прыдумана і распрацавана на расійскай «Залатой масцы», толькі трэба выкарыстаць іх вопыт з розумам і акуратна перакласці на нацыянальныя тэатральныя рэйкі.

3. Сумна. Няма падзей, няма эксперымента, вельмі турбуе падтрымка камерцыялізацыі тэатраў, спробы кіруючых органаў перавесці іх на самафінансаванне... Прымат дырэктарскага тэатра губіць тэатральны прагрэс.

Турбуе недахоп свежых сіл — акцёрская прафесія канчаткова страціла сваю прывабнасць. Тэатральныя трупы імкліва старэюць без прыліву маладой творчай крыві. Адсутнасць сучаснай тэатральнай школы паскарае заняпад тэатральнага мастацтва. Навучанне акцёраў, набраных у трупы па «завочцы», сябе не апраўдвае і акрамя дыплома нічога не дае. Або мы назіраем заканамерны працэс вымірання інстытута савецкага тэатра. У такім выпадку неабходны новы погляд і кардынальныя змены ўсёй тэатральнай сістэмы ў краіне.

Падзяліцца

Апошнія матэрыялы ў рубрыцы:

Дадаць каментарый:

Імя: 
Каментарый: 

Новы нумар

АРХІЎ
часопіса "Мастацтва"

АЎТАРЫ
часопіса "Мастацтва"

Рэдакцыйна-выдавецкая ўстанова
"Культура і мастацтва"

© 2013-2019 «Мастацтва». Зроблена ў «Вэбпрофі»