|
Можа, лепш за ўсё гэта назіраць па тым, як змяніліся мова і стыль у балетным тэатры. І як у гэтым адлюстраваліся змены ў светаадчуванні сучаснага чалавека.
Параўнаем пастаўленыя ў ХІХ стагоддзі, вытрыманыя ў рэчышчы класічнага танца спектаклі, якія ідуць на сцэне да сённяшняга часу, і пастаноўкі сучасных харэографаў, створаныя ў другой палове ХХ стагоддзя. Традыцыйныя варыяцыі класічных балетаў сучасны балет замяніў пластычнымі маналогамі. Велічныя, апафеозныя па-дэ-дэ — дуэтамі. У сучасным харэаграфічным спектаклі шмат лексікі, запазычанай з фальклорнага танца, асэнсавання элементаў гімнастыкі, акрабатыкі, пластыкі побытавых працэсаў.
У пластыцы сучаснага балета амаль няма стараннай, ажурнай выпісанасці ліній і вобразаў, як няма непахіснасці прапорцый, халаднаватай строгасці акадэмічнай манеры. У імклівых лініях пластыкі, іх зменлівым рытме — усхваляванасць і ўнутраная трывога. Адчуваецца светапогляд сучаснага чалавека, які ведае, што такое Герніка і Хатынь, Хірасіма і Чарнобыль. Адчуваецца светапогляд чалавецтва, якое ведае, што такое сусветныя войны, масавае знішчэнне людзей, тэхнагенныя катастрофы.
Сучаснае мастацтва імкнецца да надзвычайнай экспрэсіі. І выканаўцы, і слухачы-гледачы шукаюць, з аднаго боку, адлюстравання духу часу, атмасферы грамадскага жыцця, увасобленай у адпаведных сюжэтах, канфліктах і вобразах.
А з другога боку, як і 100, і 200 гадоў таму, шукаюць гармоніі, якая б дапамагла аптымізаваць узаемаадносіны паміж асобай і грамадствам. Паміж не заўсёды гарманічным чалавекам і вялікім светам, тым больш не гарманічным. Аптымізаваць праз гармонію прыроды, музыкі, жывапісу. Праз гармонію душы мастака.
ТАЦЦЯНА МУШЫНСКАЯ