— Уяўляеш: яна, сямнаццацігадовая дзяўчына, у час допыту ў гестапа схапіла пісталет следчага, што ляжаў на стале, застрэліла яго і яшчэ двух гітлераўцаў! — Іван распавядаў з захапленнем, а я глядзеў на аўтара і разумеў, што яго захопленасць шмат чаго вартая...
А тое, што прозвішча — без мяккага знака, характэрна для народнага мастака Беларусі Міско.
Ён цвёрды ў сваёй творчасці.
Пра Міско яшчэ мала напісана. Яго біяграфія поўная займальных гісторый. У 1968 годзе ў Чэхаславакіі (Міско прызвалі на зборы проста з майстэрні) ён зялёнкай (фарбаў пад рукамі не было) маляваў па памяці партрэты жанчын “ню”, каб згладзіць нягоды ваеннага жыцця. 17 партрэтаў на ватмане хацеў набыць паляк з суседняй часткі. Мастак адмовіўся прадаваць, і яны з аднапалчанамі закапалі іх у зямлі ў гарматнай гільзе…
— Магчыма, калі-небудзь адкапаюць, — смяецца Міско.
У Ліване, дзе Міско ўдзельнічаў у міжнародным пленэры, адказваючы на пытанні журналісткі, адкуль ён і што азначае ягоная работа з мармуру два метры на паўтара, сказаў, што знаёмы з Клімуком, двойчы Героем Савецкага Саюза, таму тэма твора — космас, і Ліван бачны з космасу, хаця краіна — маленькая.
— Я стаў вельмі папулярным, да мяне прыходзілі фатаграфавацца, таму што жвавая журналістка з ліванскай газеты напісала, што я — рускі касманаўт, двойчы Герой Савецкага Саюза, і ў маім творы адлюстраваны Ліван, які я бачыў з космасу…
— Трэба вучыць хаця б англійскую мову, — рэзюмаваў скульптар.
У Нацыянальным мастацкім музеі Беларусі прайшла выстаўка “Космас Івана Міско”. Цвёрдасць выбару Івана Міско заключаецца ў яго любові да жыцця, зямлі, космасу.
— Мару ўпрыгожыць вуліцу Касманаўтаў у Мінску барэльефам трох беларускіх касманаўтаў: Клімук, Кавалёнак і Навіцкі заслужылі гэта. Для тых, хто жыве ў Беларусі, гэта — гонар, — сказаў Міско на сустрэчы пад час закрыцця выстаўкі.
Паэт Фёдар Баравы прысвяціў Івану Міско паэму “Душа творцы”. Там ёсць такія радкі: “И жизнь напрасно не уходит, пока болит душа творца!”.
Фота аўтара