А.Юрковіч. "Птушка".
Музей шкла існуе з 2010-га, месціцца ў адной з пабудоў Ялагінавостраўскага палацава-паркавага комплексу. Яго калекцыя складае каля васьмі тысяч экспанатаў. Асноўная частка калекцыі — творы, вырабленыя з 1940 па 1997 год на Ленінградскім заводзе мастацкага шкла. Побач з пастаяннай экспазіцыяй рэгулярна ладзяцца выстаўкі з элементамі нефармальнага сумоўя па праграме папулярызацыі сучаснага расійскага і замежнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Лепшае з прадстаўленага на гэтых акцыях потым трапляе ў музейны збор. Менавіта такое мастацтва і прадстаўляе зараз у Мінску пецярбургскі Музей мастацкага шкла.
М.Усава. Вітраж з кампазіцыі "Поры года".
Імёны Галіны Івановай (“Чорны аб’ект”), Вольгі Пабедавай (Арт-аб’ект “Яблык”), Аляксандра Фокіна (“Краявід з дрэвам, якое ўпала”), Ірыны Івановай (“Ігуана”), Уладзіміра Макавецкага (“Паляванне на Аднарога”) шмат што гавораць людзям, дасведчаным у сучасных тэндэнцыях мастацкага шкла. Іх творчасць характарызуецца імкненнем выйсці за межы функцыянальнасці, уласцівай гэтаму віду мастацтва, асэнсаваннем праз дэкаратыўныя формы пытанняў філасафічнага зместу.
Цікавыя ўзоры сінтэзу шкла і металу дэманструюць Павел Екушаў (“Медалі Гулівера”) і Наталля Малеўская-Малевіч (“Шпацыр”). Аўтарская кераміка ў мінскай экспазіцыі — гэта Вольга Някрасава-Карацеева, Васіль Цыганкоў, Алёна Юрковіч ды іншыя. Яны эксперыментуюць з палівай, спалучаюць розныя гатункі і колеры гліны. Не пакінуць абыякавымі гледачоў эмалі Аляксея Мукушава, Ларысы Саломнікавай, Святланы Панамарэнка.
Падсумоўваючы, можна сказаць, што ў творчасці мастакоў Пецярбурга, якую мы бачым на гэтай выстаўцы, даволі гарманічна спалучаюцца авангардысцкая разняволенасць і класіцысцкая грунтоўнасць.
У.Макавецкі. "Паляванне на Аднарога".
Выстаўка будзе працаваць да 21 мая. Пецярбуржцы ж, у сваю чаргу, у хуткім часе атрымаюць магчымасць пазнаёміцца з беларускімі майстрамі мастацкага шкла: наш Нацыянальны мастацкі музей разам з музеем шклозавода “Нёман” рыхтуе аналагічную выстаўку для паўночнай сталіцы Расіі.