Вядома, адзін з самых славутых аб’ектаў горада — Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава. Большасць экспанатаў — арыгіналы і рарытэты XVIII стагоддзяў. Напрыклад, што да экспазіцыі “Сувораўскі дом”, то гэта посуд з так званых ардэнскіх сервізаў, упрыгожаныя напаўкаштоўнымі камянямі касцюмы вяльможаў, ваенная зброя і абмундзіраванне… У новым будынку, дзе знаходзіцца экспазіцыя “Гісторыя Кобрыншчыны”, — гэта і скарб манет, знойдзены на тэрыторыі сённяшняй Брэсцкай вобласці ў часы Рэчы Паспалітай, і арыгіналы абмундзіравання — рускага, саксонскага, французскага — салдат вайны 1812 года.
Але ж акрамя ўласна ўнікальнага насычэння, музей прапаноўвае і насычаныя экскурсіі.
— Сёння шматлікія групы пытаюцца ў нас наконт пераасэнсавання постаці Аляксандра Суворава, — адзначае дырэктар установы Алена Бабенка. — Мы гатовы падрабязна адказаць на ўсе пытанні…
Паміж музейшчыкамі Брэстчыны няма непаразумення, удакладняе спецыяліст. І нягледзячы на тое, што сёння расце папулярнасць, скажам, асобы і спадчыны ўраджэнца Івацэвіччыны Тадэвуша Касцюшкі, лёс Суворава шчыльна знітаваны з кобрынскай зямлёй. На думку Алены Віктараўны, тут варта лічыцца з мінулым, якім бы яно ні было.
Кобрын не быў бы Кобрынам і без парку імя Суворава. Каманда “К” была асабліва ўзрушана яго хараством узімку і літаральна “хатняй” утульнасцю. Дырэктар культурна-забаўляльнага ўнітарнага прадпрыемства Ірына Карабчук пазнаёміла нас з усімі адметнасцямі гэтага помніка прыроды рэспубліканскага значэння, дзе сёння — больш за 70 відаў дрэў і кустоў. Парк, што з’яўляецца адным з найстарэйшых на Беларусі, мае цалкам сучасную інфраструктуру. Сёння ў ім знаходзіцца амфітэатр на 2 000 месцаў, аквапарк, працуе дзіцячы цэнтр “Кеша”, што знаходзіцца ў стылізаваным казачным замку. А яшчэ ён прапаноўвае паслугу “амаль як” у нью-ёркскім Цэнтрал-парку — прагулку ў карэце. Здзяйсняюць конную вандроўку, звычайна, маладыя пары, якія, зладзіўшы шлюбную цырымонію на “Востраве кахання” (а такая выгода таксама прадастаўляецца), у атачэнні кобрынскіх дрэў, прыгожа ўязджаюць у новае жыццё…
Вось такі ён, горад знакавых бітваў і паркавых шатаў…