На двары — марозік ды сняжок. І хочацца думаць пра штосьці цёплае. Да прыкладу, пра валёнкі. Ды не пра абы-якія фабрычныя, цяжкія ды нязручныя, а пра дрыбінскія — лёгкія і фасоністыя. А замовіць ды набыць іх можна ў Дрыбінскім гісторыка-этнаграфічным музеі. Праўда, па адмысловы тавар — чарга. А ў ёй — ахвотныя не толькі з Магілёўшчыны, але і з усёй рэспублікі. Ды дрыбінскі цуд таго варты…
“К” шмат разоў пісала пра старадаўняе мясцовае шапавальскае лямцавае мастацтва, пра катрушніцкі лемезень (колішнюю сакрэтную мову майстроў, якія старанна ахоўвалі сваё прыбытковае рамяство не толькі ад чужых вачэй, але і ад вушэй), пра тое, што адметны промысел займеў статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь і пра турыстычны праект “У госці да дрыбінскіх шапавалаў”. Аднак не аб промысле цяпер асноўная гаворка, а пра сённяшніх носьбітаў старадаўняй народнай традыцыі — супрацоўнікаў Дрыбінскага раённага гісторыка-этнаграфічнага музея.
Пэўны час установай кіравала Алена Рэпкавец. Цяпер яна — начальнік аддзела культуры Дрыбінскага райвыканкама. А музей узначаліла Наталля Нейфельд. У штаце — галоўны захавальнік фондаў Алена Віхрова, старшы навуковы супрацоўнік Жанна Клімава, навуковы супрацоўнік Таццяна Чараповіч, метадыст Жанна Масалава, даглядчык Людміла Лугаўцова.
А яшчэ ў музеі працуюць, надаючы яму непадманную інтэрактыўнасць, майстар народнага аматарскага калектыву “Шапавал” Леанід Масанін, кіраўнік дзіцячага шапавальскага гуртка Уладзімір Асіпоўскі...
Такія музеі прынята называць жывымі. Яны самі па сабе — брэнд, які не сорамна прэзентаваць не толькі ў абласным, але і ў рэспубліканскім маштабе. Шкада, але пералічыць такія ўстановы можна па пальцах. Дрыбінскі музей — адзін з іх. Тут можна прасачыць увесь шматпрыступкавы і далёка не просты працэс вырабу валёнкаў, рукавіц, шапак-магерак ды караляў з воўны. І майстар-клас паказваюць пры гэтым не толькі прызнаныя аўтарытэтныя рамеснікі Дрыбіншчыны, але і іхнія юныя паслядоўнікі — шапавалы дзяцячага гуртка. Таемнае колісь рамяство працягвае жыць. І катрушніцкі лемезень ужо не патрэбны. У Дрыбінскім гісторыка-этнаграфічным музеі пануе не канкурэнцыя, а аднадумства. Менавіта яно і дапамагае ствараць штодня цуд, ад якога цяплее на душы…