Але думкай прымаць гэта немагчыма, я не магу падумаць, што ён аддзяліўся ад нас, жывых. У сваім жыцці ён паспеў шмат. Больш за 50 гадоў аддаў станковай графіцы і акварэльнаму жывапісу. Узгадваю, з якой упартасцю ён працаваў над афортамі, прысвечанымі Лепельшчыне і Палессю, партызанам Любаншчыны і Чарнобыльскай бядзе, будаўнікам Гродна і беларусам на БАМе... А цудоўныя цыклы, напісаныя ў творчых падарожжах па Сірыі, Чэхаславакіі, Арменіі, Непале, Маўрытаніі, Польшчы, увайшлі ў "залаты фонд" сучаснай беларускай акварэлі.
Мікалай Максімавіч па-майстэрску валодаў разнастайнымі тэхнікамі: вугаль, туш, аловак, сангіна. Часта спалучаў некалькі матэрыялаў, чым узбагачаў выразнасць малюнкаў. А ў апошняе дзесяцігоддзе шмат працаваў і ў тэхніцы алейнага жывапісу. Пейзажы і нацюрморты Мікалая Рыжыкава - гэта колер, святло, паветра, радасць жыцця, яго хараство. А яшчэ ён пакінуў пра сябе добрую памяць як педагог Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, дзе выкладаў мастацкія дысцыпліны з 1994 года...
Сыходзяць майстры - застаецца музыка іх непаўторнай мастакоўскай мовы, іх пластычная інтанацыя, іх патрабавальны погляд, застаецца культура... І вечная падзяка Мікалаю Максімавічу Рыжыкаву за гэта.
Ніна МАРЧАНКА, членПрэзідыума БСМ, старшыня творчай секцыі "Верасень"