Калі верыць тэксту, надрукаванаму ў буклеце выстаўкі, дык прадстаўленыя на ёй жывапіс, музыка і тэатр у сінтэзе ўтвараюць "Цэласны вобраз Новага Свету". А прызначана экспазіцыя для тых, "хто шукае свой Шлях". Выстаўка будзе працаваць месяц: хто сябе згубіў - мае час знайсці.
Найбольш насычанымі на падзеі былі першыя тры дні. Шукальнікаў сваёй дарогі забаўлялі эксперыментальныя тэатры (сярод іх - лялечны), аркестры афрыканскіх барабанаў і электроннай музыкі. Можна было паслухаць развагі пра пазітыўны ўплыў жывапісу на фізічны стан чалавека або трапіць на рэлаксацыю паводле звычаяў завоблачнага Тыбета. Было ўсё і... нічога.
Прынамсі, не было нічога, што ўразіла б і натхніла. Было тлумна, шумна, цесна і цёмна. У цемры мільгацеў неон і анілін. А яшчэ было прэтэнцыёзна.
Можа, я - кансерватар, можа, мне бракуе пачуцця сучаснасці. Але нешта такое я ўжо бачыў яшчэ ў сярэдзіне 1970-х на старонках польскіх мастацкіх часопісаў, а напрыканцы 80-х - на выстаўках беларускага авангарда. Тады гэта было цікава, цяпер - сумна. Маё меркаванне - суб'ектыўнае, я магу памыляцца.
Зрэшты, для экалогіі культуры патрэбна ўсё: і авангард, і рэтра, і рэтра-авангард. Зрэшты, і афрыканскія барабаны ў неонавым святле гучалі не дарма. І белы калідор чорным пафарбавалі для чагосьці. Гэтая рэфлексія трапляе ў намінацыю "Эксперымент і пошук". А хто шукае, той знойдзе. Калі ведае, што шукае.