- З кожным годам мы рыхтуем усё больш праграм, - распавёў Уладзімір БАЙДАЎ. - Увогуле ж за гады існавання калектыву не засталося, бадай, ніводнага беларускага кампазітара, чые творы для нашага ансамбля мы не выканалі б. Шмат прэм'ер было і сёлета. Адзін з твораў, напісаны да юбілею ансамбля, так і называўся: "Класік-Авангард-сімфонія".
- Вы маеце на ўвазе чатырохчасткавую партытуру Дзмітрыя Лыбіна, у якой усім вядомыя беларускія цытаты надзвычай арыгінальна ўплецены ў стылёвую атмасферу венскага класіцызму. Дарэчы, свае творы вам прысвячаюць і замежныя аўтары...
- Так знакаміты польскі кампазітар Ежы Карновіч - старшыня Саюза кампазітараў Польшчы, адзін з арганізатараў і рупліўцаў Міжнароднага фестывалю сучаснай музыкі "Варшаўская восень" - прысвяціў "Класік-Авангарду" свае "Сцэны па Булгакаву". Такое прызнанне з боку творцаў для нас вельмі прыемнае.
- Шмат звяртаецеся вы і да старадаўняй беларускай музыкі...
- У нас існуюць ужо шматгадовыя цыклы. Да прыкладу - "Вяртанне на Радзіму", прысвечаны творчасці Станіслава Манюшкі. Яшчэ адзін цыкл - гэта "Музыка Літвы і Кароны". А ў нашым новым цыкле "Сувенір ад Маэстра" мы выконваем самыя віртуозныя творы, якія адлюстроўваюць узровень выканальніцкай музычнай культуры таго ці іншага перыяду.
- Летась вы, здаецца, упершыню звярнуліся да яўрэйскай музыкі.
- Асобныя творы яўрэйскіх кампазітараў мы ігралі і раней. А ў 2011-м склалі асобную праграму. Гучалі там і творы прызнанага кампазітара Беларусі Эдзі Тырманд, і вельмі цікавы твор "Менуэт для Мянухіна". Дарэчы, не ўсе, мабыць, ведаюць, што бацька сусветна знакамітага скрыпача Іегудзі Мянухіна быў родам з Гомеля.
- Сапраўды, ваш ансамбль, адпаведна сваёй назве, выконвае музыку ўсіх кірункаў і стыляў. Яшчэ адным з найбольш перспектыўных напрамкаў, у якім вы плённа працуеце, я назвала б ідэю сінтэзу мастацтваў...
- Прэм'ера чарговай такой праграмы адбудзецца 17 лютага і будзе прысвечана Мікалаю Рэрыху.