Асноўныя мэты і задачы экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы
Вызначальным прынцыпам навуковай канцэпцыі новай экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы з'яўляецца погляд на экспазіцыю як на комплексную, шматфункцыянальную навукова-мастацкую структуру. Работнік, які распрацоўвае навуковую канцэпцыю экспазіцыі, і мастак (дызайнер), што складае яе мастацкую канцэпцыю, з'яўляюцца раўнапраўнымі ўдзельнікамі адзінага працэсу і выступаюць у дыялогу ўжо з самага пачатку падрыхтоўкі экспазіцыі.
Асноўнай мэтай экспазіцыі з'яўляецца паказ жыцця і творчасці першага народнага паэта Беларусі Янкі Купалы ва ўзаемасувязі з гістарычным і культурным развіццём краіны і ягонай ролі ў гісторыі нацыянальнай беларускай літаратуры, культуры, станаўленні беларускай дзяржаўнасці.
Улічваючы, што асноўная частка наведвальнікаў прыходзіць у Літаратурны музей не проста дзеля атрымання інфармацыі, а за эмацыянальнымі перажываннямі, аўтары навуковай канцэпцыі ставяць за мэту стварэнне арыгінальнага навукова-мастацкага апавядання, якое мае сваю драматургію, з інтрыгай, кульмінацыяй, развязкай, эфектамі здзіўлення і нечаканасці. У той жа час аўтары імкнуцца дасягнуць максімальна магчымай інфармацыйнай насычанасці экспазіцыі, здольнай задаволіць самыя рознабаковыя запатрабаванні наведвальнікаў музея.
Галоўныя задачы, якія неабходна вырашыць у працэсе стварэння экспазіцыі:
1. Змяніць канцэптуальныя падыходы да стварэння экспазіцыі з мэтай яе гуманізацыі, набліжэння да чалавека, выкарыстаць інтэрактыўныя прыёмы, экспанаты з мэтай пагружэння наведвальніка ў гістарычную сітуацыю.
2. Перайсці ад апавядальнага пераказу гістарычных фактаў і падзей да іх гісторыка-культурнага асэнсавання.
3. Стварыць лагічна пабудаваную, зразумелую для наведвальніка і зручную ў аглядзе экспазіцыю, з узаемазвязанымі раздзеламі.
4. Забяспячыць даступнасць і лёгкасць успрыняцця музейных экспанатаў для самага шырокага кола наведвальнікаў.
5. Стварыць інфармацыйна насычаную, шматузроўневую экспазіцыю, разлічаную на неаднаразовае наведанне музея людзьмі рознага ўзросту.
6. Пашырыць доступ да музейных прадметаў і музейных калекцый, увесці ў экспазіцыйны кантэкст новыя, арыгінальныя, экспанаты, якія ніколі не дэманстраваліся, але маюць вялікае гісторыка-культурнае значэнне.
7 . Выкарыстоўваць сучасныя мультымедыйныя тэхналогіі з мэтай большага прадастаўлення інфармацыі.
8. Знайсці сучасныя метады стварэння мастацкага вобраза пры захаванні традыцыйных, сутнасных падыходаў, характэрных для музея ў яго класічным уяўленні. Такі падыход дазволіць захаваць музей як унікальны сацыяльны інстытут.
9. Фарміраваць адзіны мастацкі стыль экспазіцыі і музея ў цэлым, які дазволіць, нягледзячы на шматлікасць падыходаў і рашэнняў, сфарміраваць непаўторны вобраз Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
Рысамі гэтага стылю стануць стаўленне да музея як да свайго роду храма Купалавай спадчыны, захаванне лепшых класічных традыцый у афармленні ўсіх інтэр'ераў музея, яго рэкламнай прадукцыі, брэндах, атмасферы гасціннасці і ўвагі да наведвальніка. Стыль у экспазіцыі дыктуе наяўнасць арыгінальных экспанатаў, рарытэтаў і апраўданае ўключэнне тыражаваных і капійных матэрыялаў, уважлівыя адносіны да экспаната-рарытэта і магчымасць "пагружэння" ў гістарычнае асяроддзе шляхам інтэрактыўных прыёмаў, а таксама фарміраванне пэўнага мастацкага вобраза, адметнасці музейнай прасторы.
Канцэпцыя створана на аснове храналагічна-праблемнага падыходу, з выкарыстаннем метадалагічнай базы, аснову якой склалі прынцыпы гістарызму і аб'ектыўнасці, гуманізму, мультыдысцыплінарнага падыходу ў адлюстраванні жыцця і творчасці Янкі Купалы. Пры стварэнні канцэпцыі выкарыстоўваліся як агульнанавуковыя метады (аналізу і сінтэзу), так і спецыяльна-гістарычныя (гісторыка-сістэмны, гісторыка-параўнальны).
Асноўнымі метадамі пабудовы новай экспазіцыі будуць храналагічна-тэматычны, вобразна-сюжэтны і ансамблевы.
Галоўная ідэя новай экспазіцыі - паказаць Янку Купалу як генія нацыянальнай літаратуры, духоўнага бацьку нацыі, паэта-прарока, паэта-філосафа, які сваёй творчасцю выхоўваў свядомасць беларускага народа.
Асноўная тэма, што пройдзе праз усю экспазіцыю, - тэма "Шляхі". Шляхі паэта па Беларусі і да Беларусі... Шляхі як імкненне Янкі Купалы ў будучыню, як спасціжэнне жыцця, як філасофскае асэнсаванне вечнай праўды быцця.
Экспазіцыя ахоплівае перыяд з XVI ст. - пачатак гісторыі роду Луцэвічаў - па сённяшні дзень. Гутарка між мінулым, сучасным і будучым раскрываецца праз жыццё і творчасць паэта.
У экспазіцыю ўводзяцца новыя раздзелы і тэмы:
"Шляхецкае паходжанне Янкі Купалы" (праз архіўныя матэрыялы і дакументы);
"Янка Купала - першы стваральнік санетаў у сучаснай беларускай паэзіі";
"Касмічныя матывы ў паэзіі Янкі Купалы як найважнейшая грань ягонага таленту, выяўленне творчай інтуіцыі і глыбіннага душэўнага вопыту";
"Мінск - родны горад паэта";
"Стан і развіццё беларускага і замежнага купалазнаўства ў канцы ХХ і першым дзесяцігоддзі ХХІ ст., у тым ліку ў беларускай эміграцыі".
Музей ставіць перад сабой задачу скіраваць наведвальніка на інтэлектуальную працу душы і сэрца, каб пасля азнаямлення з экспанатамі ўзнікала патрэба шукаць адказы на пытанні, пастаўленыя ў раздзелах і тэмах. Для дасягнення гэтага мяркуецца ўвядзенне элементаў інтэрактыўнасці і мемарыяльнасці (рэканструкцыя асобных інтэр'ераў), выкарыстанне новых інфармацыйных тэхналогій, а таксама прымяненне ўсіх відаў эксплікацый, у тым ліку ўказальнікаў-піктаграм з тэкстамі на замежных мовах.
Прапануецца храналагічна-тэматычны, вобразна-сюжэтны і ансамблевы метады пабудовы экспазіцыі; экспазіцыйныя матэрыялы (рукапісы, друкаваныя выданні, дакументы, гістарычныя матэрыялы, рэчы часу, мемарыяльныя рэчы, фотаздымкі, мастацкія творы) пажадана прадставіць у большай ступені нетрадыцыйна, вобразна-прасторава, аб'ёмна, што вымагае нестандартнага экспазіцыйнага абсталявання з выкарыстаннем сучасных тэхналогій. Для захавання ўнікальных музейных прадметаў неабходна стварыць іх якасныя муляжы, макеты, фотакопіі, і ў першую чаргу гэта тычыцца пісьмовых крыніц (рукапісаў, фотаздымкаў, дакументаў, часопісаў, газет і г. д.).
Прапануемыя раздзелы і тэмы:
І раздзел. Вытокі (ХVІ - ХІХ стст. - 1907 г.)
Радавод. Паходжанне. Шляхта. Нараджэнне. Сям'я. Мова. Пачатак літаратурнага шляху. Ад газеты "Северо-Западный край" да першай беларускай газеты "Наша Ніва".
Рэканструкцыя часткі інтэр'ера бібліятэкі "Веды". Мультымедыйная бібліятэка (прыжыццёвыя выданні твораў Янкі Купалы, у тым ліку з аўтографамі паэта).
Я не паэта, о крый мяне Божа!
Не рвуся я к славе гэткай німала,
Хоць песеньку-думку і высную можа,
Завуся я толькі - Янка Купала.
("Я не паэта")
Галоўная ідэя раздзела - карані і шляхі роду Луцэвічаў, як і ў далейшым сцежкі, дарогі і шляхі самога паэта. Час, доля, выбар шляху, сам шлях... Раздзел прадугледжвае наступныя тэмы: "Ад вытокаў радаводных", "Нараджэнне будучага паэта. Ясевы "ўніверсітэты", "Пачатак літаратурнага шляху (ад "Северо-Западного края" да "Нашай нівы")".
Сваё адметнае вырашэнне знойдуць экспазіцыйныя вобразы радаводнага дрэва Луцэвічаў і свята Купалле - дня, калі нарадзіўся Ясь Луцэвіч. Сімвалы гэтага свята - Папараць-кветка, Сонца, Кола (сімвал сонечнага і жыццёвага колазвароту).
Перад мастацкай канцэпцыяй раздзела стаіць задача ўвасобіць і сімвалічна падкрэсліць шляхі продкаў класіка, самога Песняра і ў цэлым падаць вобраз Беларусі таго часу праз творчасць пачынаючага паэта.
ІІ раздзел. Нараджэнне класіка (1908-1928 гг.)
Нацыянальная ідэя і канцэпцыя незалежнасці Беларусі Янкі Купалы. Вільня- Санкт-Пецярбург - Мінск.
"А хто там ідзе?", "Маладая Беларусь", "Паўстань", публіцыстыка 1918- 1920 гг., "Перад будучыняй".
Раздзел прысвечаны асэнсаванню Беларусі як незалежнай дзяржавы ў творах паэта, значэнню асобы Янкі Купалы як "духоўнага бацькі нацыі". Гэта плануецца прасачыць як па яго творах, так і па варунках ягонага жыцця.
Ты жыў, ты панаваў у краі родным,
Сцярог ад чужака й законы ўкладаў,
Звон вечавы сход склікаваў народны,
І сход аб шчасці Бацькаўшчыны дбаў.
("Свайму народу")
Вядомы беларускі літаратуразнаўца У.Конан адзначаў: "Творчасць Янкі Купалы - няспынны мастацкі кліч, звернуты да беларуса, да Сусвету...".
На фоне гісторыі краіны, жыцця нацыянальнай інтэлігенцыі і ўсяго беларускага народа будуецца навуковая і мастацкая канцэпцыі раздзела.
Праблемы дзяржаватворчасці і нацыянальнай ідэі ў паэзіі, драматургіі і публіцыстыцы Янкі Купалы ў апошняе дзесяцігоддзе распрацоўваліся даследчыкамі, агучваліся на міжнародных канферэнцыях - Купалаўскіх чытаннях. У новай экспазіцыі гэтыя тэмы праз ягоную творчасць даследуюцца ўпершыню.
Тры гістарычна-аб'ектыўныя фактары - мова, нацыя, дзяржава - складаюць базавую аснову нацыянальнай ідэі. "Нацыя, мова, дзяржаўнасць ляжаць у аснове свабоднага развіцця кожнага этнасу, а таксама фармулявання і ўсведамлення грамадскай думкай Нацыянальнай ідэі. Гэта закон развіцця грамадства кожнай нацыі і народа ў прасторы і часе".
Новая экспазіцыя ставіць задачу паказаць, як фарміраваліся вышэйзгаданыя фактары ў творчасці Янкі Купалы і як сваёй творчасцю паэт-прарок, паэт-філосаф, паэт-грамадзянін выхоўваў самасвядомасць у беларускага народа.
Ты зжылося з намі, бацькаўскае слоўца,
Як бы корань з дрэвам, як бы з небам сонца;
Дзеліш з намі вечна ўсё, што з намі ходзе
У благой і добрай мачысе-прыгодзе...
Як жыло ты з намі - будзеш вечна жыці,
Грамадой мільёнаў з светам гаманіці...
("Роднае слова")
(Працяг будзе.)