Нацюрморт... "Natur morte" - "мёртвая натура"... Так здаўна называюць адзін з жанраў станковага жывапісу (ды і графікі). Можа, для "малых галандцаў" ды іхніх калег з іншых краін гэты тэрмін і справядлівы. Немцы дадзены жанр вызначалі як "ціхае жыццё", што бліжэй да ісціны. Але ў ХХ ст. назва "нацюрморт" стала, па сутнасці, своеасаблівым анахранізмам, бо ён як такі смела перайшоў свае межы, стаўшы сапраўднай карцінай, часам з вялікім філасофска-эстэтычным сэнсам (узгадаем "Нацюрморт. Пра Вялікую Айчынную" М.Данцыга і ягоны ж "Рэквіем" або некаторыя "нацюрмортныя" палотны Л.Шчамялёва ці Г.Вашчанкі).
Так, нацюрморты бываюць розныя. Адны - сагрэтыя сардэчным захапленнем мастака, пачуццёва-адчувальнай матэрыяльнасцю навакольнага свету; другія - дарункамі зямлі: кветкамі і фруктамі; трэція - рэчамі побыту, якія штодзённа абкружаюць чалавека і прыцягваюць аўтара бясконцай разнастайнасцю адценняў, фактур, паверхняў, форм, у якіх як бы мільгае нябачнае жыццё, што адушаўляе ўвесь прадметны, рэчыўны свет.
Усе гэтыя кірункі ў жанры "natur morte" ўласцівыя і беларускаму мастацтву, аб чым сведчыць цудоўная выстаўка, якая сёння працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі. У яго фондах налічваецца звыш 200 палотнаў ХХ стагоддзя, у асноўным другой яго паловы, хаця ў экспазіцыі ёсць і творы 30-х гадоў - А.Астаповіча, У.Ясінскага, М.Тарасікава, Ф.Дарашэвіча. 50-я гады - пачатак росквіту гэтага "ціхага" жанру, яркімі прадстаўнікамі якога з'яўляюцца В.Жоўтак, Я.Раздзялоўская, М.Воранаў, А.Гугель, С.Лі, І.Ахрэмчык, А.Шаўчэнка, Г.Бржазоўскі. А потым прыйшло новае пакаленне, і нацюрморт увабраў у сябе яркі эстэтычна-інтэлектуальны сэнс, дзе значная роля адводзілася сімвалу, алегорыі, метафары, дзе ўласна "інтэр'ерны" і "экстэр'ерны" нацюрморт ператвараецца ў карціну з увядзеннем элементаў пейзажа, партрэта і нават людзей (палотны Б.Аракчэева, А.Малішэўскага, В.Цвіркі, М.Апіёка і іншых).
Я ўжо не кажу пра тое, што "рэчыўны атрыбут" адыгрывае вельмі важную ролю ў любой фігуратыўнай карціне з мноствам фігур, бо "прадмет" ва ўсёй разнастайнасці яго значэнняў патрэбен жывапісцу як важны аспект той рэчаіснасці, якую ён эстэтычна пазнае.
Канешне, цягам апошніх дзесяцігоддзяў змяняліся не толькі метады ды спосабы жывапіснага рашэння беларускага нацюрморта, але і набываўся мастацкі вопыт: у працэсе станаўлення развіваўся больш складаны погляд на свет. Не адзін прадмет як такі, але розныя яго ўласцівасці станавіліся аб'ектам творчага пераўвасаблення, і праз раскрыццё зноў зразуметых якасцей рэчаў выяўлялі сваё, сучаснае стаўленне да рэчаіснасці, пераацэнкі каштоўнасцей, меры разумення рэальнага жыцця. Інакш кажучы, такое простае на першы погляд мастацтва нацюрморта з'яўляецца, у той жа час, вельмі складаным і тонкім, і за яго вонкавымі формамі трэба бачыць больш глыбокі ўнутраны сэнс. Зразумела, калі такія нацюрморты - не проста "штудыі" пастановачнага, вучэбнага характару або "хобі", адпачынак ад цяжкай "карціннай" работы, а твор, у які мастак уклаў сваё ўласнае ўяўленне пра светабудову, пра Сусвет, як гэта, напрыклад, у А.Кішчанкі або А.Кузняцова, чые творы нагадваюць цікавыя эксперыменты, здзейсненыя "на прыродзе".
А яшчэ трэба адзначыць, што ў выяўленчай палітры нацюрморт з'яўляецца лепшым "сродкам" для наватарскіх жывапісна-пластычных пошукаў і знаходак. Дзе, як не ў нацюрморце, можна так паэксперыментаваць з колерам, гармоніяй адценняў, гучнай фактурай, архітэктонікай кампазіцыйнага ладу? І, азіраючыся на мінулае, можна смела сказаць, што беларускія мастакі зрабілі шмат у галіне жывапіснага пазнання свету. Але шлях яшчэ не скончаны. Наперадзе - шмат новых адкрыццяў, і тое, што сёння мы пабачылі ў экспазіцыі, далёка не вычэрпвае ўсіх магчымасцей жыццярадаснага і гуманістычнага мастацтва нацюрморта.