А яшчэ выявіла той новы, магнетычны характар, які набыла сёння эстэтыка сучасных майстроў, разлічаная на разуменне гледача, асабліва маладога, таго, хто не мае акадэмічнай падрыхтоўкі і, можа, якраз у музеі даведаецца пра фундамент мастацтва сённяшняга часу. Тут я падкрэслю, што, як адзначыў на вернісажы міністр культуры Павел Латушка, гэтая выстаўка з'яўляецца своеасаблівым працягам той выдатнай культурнай акцыі, якая роўна 85 гадоў таму была рэалізавана ў Мінску, - Першай Усебеларускай мастацкай выстаўкі. Яна, на той час, адкрыла чарговую новую эру на шляху будаўніцтва новай выяўленчай культуры Савецкай Беларусі.
Канцэпцыя сёлетняй экспазіцыі грунтуецца на тым, што развіццё нашага мастацтва ў канцы ХХ - пачатку ХХІ ст. - змена плыняў, накірункаў, пераемнасці і навацый, нараджэнне новай пластычнай формы ці зварот да мінулых здабыткаў, - здольнае само па сабе стаць вобразнай квінтэсэнцыяй, візуальным творчым вырашэннем жыцця народа, нашай краіны за час яе незалежнасці - два апошнія дзесяцігоддзі. У экспазіцыі ёсць творы і больш раннія, аднак яны цалкам знаходзяцца ў рэчышчы тых пошукаў, якія паспяхова рэалізаваліся на фінішы другога тысячагоддзя і адкрылі дарогу ў будучае.
Ці можна назваць выстаўку сваеасаблівым "дакументам гісторыі"? Мяркую, што так. Яе змястоўная насычанасць не ў тым, што ілюструюцца пэўныя гістарычныя падзеі (хаця і такія творы ёсць, напрыклад, ва У.Тоўсціка), а ў тым, што творцы - самі суб'екты руху часу, яны жывуць і індывідуальна спасцігаюць навакольны свет, па-мастакоўску асэнсоўваюць рэчаіснасць, спрабуюць вызначыць, устанавіць гармонію, паказаць гледачу, чым жыў і жыве чалавек, што яго хвалюе ў гэтым свеце.
А яшчэ адной мэтай выстаўкі было наступнае: праз работы прадставіць асобы беларускіх мастакоў, народных, заслужаных, лаўрэатаў Дзяржаўных прэмій і прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва, а таксама іх пераемнікаў - маладых творцаў, стыпендыятаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Акрамя таго, у экспазіцыі можна пабачыць карціны, графіку, скульптуры і творы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва майстроў, набытыя музеем у апошнія гады, і аўтараў, што не трапілі ў "рэестр" народных альбо лаўрэатаў. Хаця, з майго пункту гледжання, некаторыя з іх па прафесіяналізму і ўкладу ў нацыянальную скарбніцу ні ў чым не саступаюць апошнім. Я маю на ўвазе, напрыклад, Г.Скрыпнічэнку, Г.Гаравую, братоў У. і М. Басалыгаў, Н.Паплаўскую, Л.Густаву, У.Слабодчыкава, А.Скавародку, У.Крываблоцкага, Г.Буралкіна, Н. Лівенцаву, Э.Рымаровіча ды многіх іншых.
Можа, таму арганізатары выстаўкі імкнуліся "ахапіць неабсяжнае" - пазначыць як мага больш імёнаў сучасных творцаў - і не толькі шырока вядомых па ранейшых выстаўках і выдатных альбомах (Л.Шчамялёва, В.Грамыку, М.Савіцкага, Г.Вашчанку, Г.Паплаўскага, В.Шаранговіча, А.Кашкурэвіча, Л.Гумілеўскага, І.Міско, М.Данцыга, У.Стальмашонка, У.Тоўсціка), але і іншых, тых, хто мае вялікі патэнцыял.
У той жа час я з вялікім задавальненнем і нават з нейкай настальгіяй зноў сустрэў тыя работы 1980 - 1990-х, якія, можна сказаць, ствараліся на маіх вачах і якія, на мой погляд, і сёння не страцілі сваёй вялікай духоўнай каштоўнасці. Незразумела, чаму ў экспазіцыю не трапілі творы некаторых "знакавых" мастакоў, таксама нашых сучаснікаў, якіх ужо з намі няма, але без якіх сённяшняя "мастацкая ідэалогія" бачыцца няпоўнай. Гаворка, скажам, пра А.Кішчанку або А.Анікейчыка. Мабыць, усё ж не варта ў дадзеным выпадку забывацца на тых творцаў, якія ўнеслі свой значны ўклад у скарбніцу найноўшага мастацтва нашай краіны.
Але, так або інакш, выстаўка - гэта адначасова напамін і творчая эстафета, якую прызнаныя майстры перадаюць новаму пакаленню, тым, каму адказваць за лёс мастацтва дня заўтрашняга. На выстаўцы экспануюцца творы стыпендыятаў Спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі. Лічу, такая "запаралеленасць" - безумоўная заслуга арганізатараў экспазіцыі. Я, напрыклад, з задавальненнем паглядзеў жывапіс Г.Конанавай, В.Мельнік, А.Скарабагатай, К.Сумаравай, Ю.Брэль, М.Напружнінскай, Н.Ельчанінавай, скульптуру П.Лявонава, прысвечаную У.Мулявіну, мазаікі (фота) для Храма-помніка ў гонар усіх святых і нявінна забітых у Айчыне нашай і мазаікі ў матэрыяле (смальце) аўтарскага калектыву Д.Чубукова, А.Бельскага, М.Карэліна, Ю.Пеўнева, Я.Чыстага. Галоўнае ж, у Акадэміі мастацтваў яны навучыліся не толькі прафесійнаму рамяству, але самастойнаму мысленню, пошуку ўласных мастакоўскіх шляхоў з апорай на традыцыі і вопыт сваіх знакамітых папярэднікаў. І добра, што яны такія розныя, гэтыя маладыя творцы, - неспакойныя, у пастаянным пошуку, упэўненыя ў слушнасці сваіх ідэй, у чымсьці супярэчлівыя, экстравагантныя, але ўжо амаль што самастойныя ў сваіх духоўных і пластычных знаходках.
...Калі рыхтавалася дадзеная выстаўка, я падумаў: а ці патрэбны сёння такія вось вялізныя зводныя экспазіцыі, дзе навідавоку рознагалоссе стыляў, манер, почыркаў, форм выражэння, часта суседнічаюць неспалучальныя жанры і віды мастацтва. Складана тое і для ўспрыняцця гледача, які часцяком не мае якасных арыенціраў у ацэнцы таго ці іншага твора. Ці не лепш арганізаваць выстаўкі "па інтарэсах", па відах мастацтва або па жанрах? Потым жа прыйшоў да думкі, што вялізная зводная выстаўка ўсё ж патрэбная хаця б адзін раз у тры-чатыры гады, бо толькі яна можа падвесці вынікі пэўнага перыяду мастацкага жыцця, перагледзець, што было дрэнна, а што добра, па якім шляху трэба крочыць далей.
Хай дадзеная выстаўка - зрэз. Але многіх пытанняў яна не здымае. Больш за тое - яна іх дапускае. Думаецца нават, што яна дзеля іх і зладжана.
І ўсё ж хочацца арыентавацца на будучае, перспектыву. Варта спадзявацца, яна ў высокім мастацтве, якое не сорамна паказаць у любой краіне свету. І ў нас шмат таленавітых творцаў еўрапейскага маштабу, вартых самай шырокай запатрабаванасці.
Далейшая зацікаўленая гаворка, якая павінна адбыцца ў канцы года на Рэспубліканскай творчай канферэнцыі, канешне, не абміне і сённяшнюю мастацкую выстаўку "Зямля пад белымі крыламі", і ўсе тыя экспазіцыі, якія пройдуць сёлета па ўсёй нашай краіне ў лепшых музеях і галерэях.