Леанід ШЧАМЯЛЁЎ, народны мастак Беларусі:
- Мне вельмі прыемна атрымаць з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі вялікую ўзнагароду - прэмію Саюзнай дзяржавы ў галіне літаратуры і мастацтва за 2009 - 2010 гады. І асабліва - тут, у Віцебску, дзе нарадзіўся. Канешне, я ніколі не думаў, што мае жывапісныя творы, якія былі зроблены ў раннія гады і ўвайшлі ў цыкл "Палітра майго часу", будуць адзначаны такой высокай дзяржаўнай увагай. Усё творчае жыццё я працаваў, не думаючы пра нейкі ўласны прэстыж. "Галоўныя героі" майго мастацтва - Чалавек, прырода, Радзіма. Мяне ніколі не вабілі "злабадзённыя водгукі" на тэму дня, не прыцягвалі павевы моманту, а тым больш - патрабаванні моды. Я імкнуўся заўсёды "адчуць" свой Час праз свае, уласныя вобразна-пластычныя знаходкі і спасцігнуць свет і існасць гэтага свету.
Вось і на выстаўцы пад назвай "Маім землякам" я прадставіў 31 палатно. Яны ў нейкай ступені і распавядаюць, пра што я думаў, разважаў і марыў цягам апошніх гадоў...