Наталля Генадзьеўна пастаянна ўдзельнічае ва ўсіх гарадскіх і абласных мерапрыемствах па дэкаратыўна-прыкладным мастацтве. Так, напрыклад, летась яна прымала ўдзел у абласным конкурсе
“Традыцыйны нацыянальны касцюм Магілёўшчыны”. Спецыяльна для гэтага спаборніцтва Наталля Доўгая стварыла копію адноўленага ёю мужчынскага нацыянальнага строю Бабруйшчыны. Работа майстрыхі была адзначана дыпломам ІІІ ступені. З мая па жнівень 2009 года разам з іншымі работамі Наталлі Доўгай (вышытыя ручнікі і дарожка) рэканструяваны мясцовы касцюм быў прадстаўлены таксама і на гарадской выстаўцы-конкурсе народнай творчасці “Бабруйск — скарбніца народных талентаў”, што ладзіўся ў Гарадской выставачнай зале. У намінацыі “Аўтэнтычныя рамёствы” Наталля Генадзьеўна атрымала дыплом І ступені. Сваю работу майстрыха перадала ў дар гарадскому краязнаўчаму музею.
А ў снежні ў Магілёве праводзіўся чарговы абласны конкурс рэканструкцыі традыцыйнага ручніка. Тут Наталля Доўгая заняла ганаровае трэцяе месца са сваёй чарговай работай — копіяй абрадавага ручніка канца ХІХ стагоддзя.
Наталля КУЛІКОВА, мастацтвазнаўца Палаца мастацтваў Бабруйск На здымках: мужчынскі строй і ручнік Бабруйшчыны, рэканструяваныя Н.Доўгай.