А не развіваем мы яе таму, што пасля аплаты арэнды і падаткаў нашы артысты - не канкурэнтаздольныя. На расіян тых жа можна білеты даражэй прадаць - і ўсё больш-менш акупіцца. А нашых - не "купяць". Яшчэ і таму, што насельніцтва грошы ўжо на замежных гастралёраў аддало. Тут жа спрацоўвае яшчэ і псіхалогія: маўляў, нашы - яны тут, побач, мы іх яшчэ паглядзець ды паслухаць паспеем - не сёння, дык іншым разам. А госці - калі яшчэ прыедуць? Між тым, заканадаўства павінна быць скіравана на тое, каб тыя ж дырэктары клубаў, палацаў культуры, уладальнікі сцэнічных пляцовак былі зацікаўлены працаваць з нашымі артыстамі. Сёння ж - усё наадварот. Адным прыездам замежнай зоркі можна адразу план зрабіць - і больш ні пра што не дбаць. А нашых артыстаў на тыя ж грошы трэба некалькі разоў запрашаць - залішнія клопаты...
Між тым, менавіта канцэртнае жыццё вызначае і рэпертуарную палітыку, і "жывы гук", і ўсё астатняе. Песні ж не пішуцца ў нікуды: патрэбны попыт. І барацьбу з "фанерай" вызначае глядач! Як толькі нашы артысты зразумеюць, што для паспяховага "прасоўвання" на эстрадзе трэба не толькі ў студыях сядзець, але і гастраляваць, сустракацца з гледачамі, яны і "фанеру" прыбяруць, і пра новыя добрыя песні пачнуць клапаціцца. Вы думаеце, нашым слухачам у рэгіёнах цікавыя тыя песні, што круцяцца на FMстанцыях? А вось і не! Але ж пакуль нашы артысты не будуць арыентавацца на звычайных слухачоў, выхаваных на нашай песеннай класіцы, добрыя песні ў нас не з'явяцца. Бо няма на іх попыту! Дзе артысту з імі паказацца? На FM не возьмуць: "не фармат". Паверце, імкненне людзей да канцэртаў не згасла.